— А што, калі паспрабаваць пражыць яго па вертыкалі?
— Ператворышся ў мумію. Хіба не?!
Пасмейваючыся, мужчына стаў здымаць чаравікі. А і праўда ж, час цячэ гарызантальна. У чаравікі панасыпалася пяску, і ён змяшаўся з потам — болей нельга было трываць. Ён ледзь садраў шкарпэткі, падставіў іх ветру. Чаму там, дзе пасяляецца жывёліна, такі смурод?.. Добра было б, каб жывёла пахла кветкамі... Ды не, гэта смярдзяць яго ногі. I, як ні парадаксальна, думка гэтая была яму прыемная... Нехта гаварыў, што няма нічога лепшага за серу з свайго вуха — яна смачнейшая за сыр... Ну, можа, гэта перавелічэнне, але і ў паху сваіх гнілых зубоў ёсць нешта прыцягальнае — яго хочацца ўдыхаць і ўдыхаць бясконца.
Уваход у халупу болей чым напалавіну быў засыпаны пяском, і яму не адразу ўдалося зазірнуць усярэдзіну. Можа, гэта руіны старога калодзежа? Няма ніякага дзіва, што над калодзежам пастаўлена хатка — гэта каб калодзеж не засыпала пяском. Праўда, наўрад ці ёсць тут вада... Ён зноў паспрабаваў зазірнуць усярэдзіну, і тут у нос яму стукнуў смурод псіны. Пах жывёліны мацнейшы за філасофію. Быў адзін спецыяліст, які казаў, што яму блізкая душа карэйца, але ён не можа трываць яго паху... Ну добра, калі час цячэ гарызантальна, хай бы ён паказваў яму, як хутка ён можа цячы!.. Надзея і трывога... Адчуванне свабоды і нецярпенне... Пакуты гэтыя — самыя нясцерпныя. Ён захінуў твар ручніком і лёг на спіну. Пах тут, напэўна, гэта яго пах, але пры ўсім жаданні зрабіць сабе камплімент ён не змог бы назваць яго прыемным.
Нешта паўзе па назе. Мяркуючы па «паходцы», гэта не шпанская мушка... Хутчэй за ўсё земляны жук, які ледзь валачэ сябе на шасці слабенькіх ножках... Удакладняць яму не хацелася. Ды калі б раптам аказалася, што гэта шпанская мушка, наўрад ці яму захацелася б злавіць яе. Ва ўсякім разе, дакладна адказаць на гэта пытанне ён бы не змог.
Вецер сарваў у яго з твару ручнік. Краем вока ён убачыў грыву дзюны, якая блішчала золатам. Схіл падымаўся плаўна і даходзіў да гэтае залатое лініі, a потым рэзка абрываўся ў цень. У такой будове прасторы было нешта невыказна напружанае, і мужчына нават здрыгануўся ад вялікай тугі па людзях. (Краявід напраўду рамантычны. Якраз такі краявід вабіць апошнім часам маладых турыстаў... Надзейныя акцыі... Як спрактыкаваны чалавек, магу цалкам гарантаваць развіццё гэтага раёна ў будучыні. Але патрэбна, найперш, рэклама! Без рэкламы нават мухі не прыляцяць... He ведаць — усё роўна што не мець... Валодаць каштоўным каменем і закапаць яго ў зямлю. Дык што ж рабіць?.. Даручыць умеламу фатографу зрабіць мастацкія паштоўкі. Даўней мастацкія паштоўкі рабілі пасля таго, як выдатная мясціна станавілася шырока вядомай. А цяпер — спачатку паштоўкі, а потым ужо стварэнне выдатнай мясціны. Такі парадак стаў цяпер звычайным. Тут некалькі ўзораў, паглядзіце іх, калі ласка.) Бедны прадавец паштовак думаў наставіць пастак другім і сам трапіў у пастку, а потым захварэў і памёр. Праўда, ён не быў асаблівым спрытнюгам... Напэўна, меў вялікія надзеі на тутэйшыя мясціны і ўкладаў у справу ўсе свае сродкі... У чым жа сапраўдная сутнасць гэтай красы?.. Можа, яна ў фізічнай гармоніі і дакладнасці, якою валодае прырода, ці, наадварот, — у бязлітасным супраціўленні прыроды спробам чалавека пазнаць яе.
Да ўчарашняга дня яго проста ванітавала ад аднае думкі пра гэты пейзаж. I ён думаў са злосцю, што яма і напраўду вельмі падыходзіць такой шэльме, як гэты паштовачнік.
Але навошта, думаючы пра жыццё ў той яме і пра пейзаж, проціставіць адно аднаму? Прыгожы пейзаж не абавязкова павінен быць велікадушны да чалавека.
Нарэшце і яго галоўная ідэя разглядаць пясок як адмаўленне стабільнасці не такая ўжо неразумная. Рух аднае восьмай міліметра. Свет, дзе існаванне — ланцуг станаў... Іншымі словамі, краса яго належыць смерці. Краса смерці, якая праходзіць цераз хараство яго велізарнай разбуральнай сілы, пакінутых ім руінаў... Не, пачакай. Так можа трапіць у няёмкае становішча, калі яму скажуць, што іменна таму ён схапіў і не выпускае з рук білета ў абодва канцы. Фільмы пра звяроў, пра вайну такія праўдзівыя, што могуць нават давесці да сардэчнага прыступу, але выходзіш з кіно — і цябе зноў чакае сённяшні дзень, прадаўжэнне ўчарашняга. У гэтым іх хараство... Дзе знойдзецца дурань, які пойдзе ў кіно, прыхапіўшы стрэльбу, зараджаную сапраўднымі патронамі?.. Хто можа прыстасавацца да жыцця ў пустыні? Некаторыя віды мышэй, якія замест вады п’юць сваю мачу, насякомыя, што кормяцца тухлым мясам, ды яшчэ, напэўна, качэўнікі, якія ведаюць пра білет толькі ў адзін канец. Калі з самага пачатку цвёрда ведаць, што білет заўсёды ў адзін канец, дык можна спакойна жыць, не робячы марных спроб паўзці, прыціскаючыся да пяску, быццам вустрыца да скалы. А гэтыя ж качэўнікі нават назву сваю памянялі і называюцца цяпер жывёлаводамі.