Выбрать главу

He, адкінь ілюзіі... Паміж мною і табою з самага пачатку не было ніякага ўгавору. А калі не было ўгавору, не магло быць і парушэння яго. Дый нельга сказаць, што і мяне самога гэта ані не закранула. Напрыклад, пах таннай, нібыта выціснутай з калу, гарэлкі, якую мы атрымлівалі раз на тыдзень... твае непадатлівыя, сплеценыя з тугіх мускулаў сцегнякі... адчуванне сораму, калі я пальцам, змочаным слінаю, выкалупліваў пясок, які нагадваў спечаную гуму... I твая сарамлівая ўсмешка, якая рабіла ўсё гэта яшчэ болей непрыстойным... I многае другое. Падлічыць усё разам — атрымаецца нямала. Вер не вер, але факт астаецца фактам. Мужчына болей, чым жанчына, схільны прыдаваць значэнне дробязям.

А калі ўспомніць пра тое, што зрабіла са мною вёска, дык прычыненыя мне страты немагчыма і падлічыць. У параўнанні з гэтым мае адносіны з жанчынаю — пусцяковіна.

Але ён ім рана ці позна цалкам за ўсё адплаціць... Ён, праўда, яшчэ не ведае, як стукнуць, каб было найбалюча... Можа, падпаліць вёску, ці атруціць калодзежы, ці нарабіць пастак і па адным скінуць у пясчаныя ямы ўсіх, хто вінаваты ў яго няшчасцях, — такім няхітрым спосабам ён на першым часе распальваў сваю фантазію і натхняў сябе. Але цяпер, калі выпаў яму выпадак здзейсніць задуму, ён ужо не мог аддацца гэтым дзіцячым марам. Дый што можа зрабіць адзін чалавек? Няма іншага выйсця, як ужыць закон. Праўда, у гэтым выпадку ёсць небяспека, што закон не здолее зразумець усёй глыбіні жорсткасці таго, што адбылося... Добра, не трацячы часу, паведамлю пра ўсё спачатку хоць у мясцовую паліцыю.

Ага, было нарэшце яшчэ адно...

Чакай! Што гэта за гук?.. He, усё ціха... Можа, проста здалося. Ды ўсё ж, дзе дзеліся вясковыя агні? Нават калі яны не відны за высокімі дзюнамі, усё роўна гэта жах. Можна сабе ўявіць, што адбылося: мой руль мае звычку браць улева, я зайшоў надта далёка да мыса, і вёску цяпер засланяе нейкая высокая скала... Вырашыў... Паспрабую пайсці ўправа.

...Ну і нарэшце не хацелася б, каб ты забылася яшчэ пра адно. Памятаеш, ты ж так і не адказала на маё пытанне. Тады два дні засаб ішоў дождж. Калі ідзе дождж, вельмі пагражаюць апоўзні, затое пясок амаль зусім не ляціць. Першы дзень мы зрабілі крыху болей, чым звычайна, і таму на другі дзень змаглі перадыхнуць. Карыстаючыся так чаканым адпачынкам, я цвёрда вырашыў дакапацца да ісціны. Упарта, быццам здзіраючы з цела струпы, надумаўся агаліць праўду, што б гэта мне ні каштавала, дазнацца, чаму ты апынулася ў гэтай яме. Я сам быў ашаломлены сваёй напорыстасцю. Спачатку ты весела падстаўляла голае цела пад ручаіны дажджу, але ўрэшце, вымушаная адказваць, заплакала. I стала гаварыць, што не можаш пайсці адсюль толькі таму, што тут загінулі муж і дзіця, засыпаныя разам з куратнікам у час тайфуну. Калі гэтак, цябе напраўду можна было зразумець. У гэта можна паверыць, і зразумела, чаму да гэтага часу ты пазбягала гаварыць пра гэта. Мне хацелася паверыць табе. I я вырашыў на другі дзень урваць крыху часу ад сну і ўзяцца шукаць засыпаных.

Два дні капаў я ў тым месцы, дзе ты паказала. Але не знайшоў не толькі ніякіх астанкаў, але нават і слядоў разбуранага куратніка. Тады ты паказала другое месца. Але і там я нічога не знайшоў. Ты стала вадзіць мяне з аднаго месца на другое. У пяці розных мясцінах дзевяць дзён прадаўжаліся бязмэтныя пошукі. I тады зноў, гатовая заплакаць, ты пачала апраўдвацца. Ты сказала, што, напэўна, хата стаяла на другім месцы, што няспынны ціск пяску, можа, адсунуў яе і павярнуў, а можа, і сама яна перамясцілася. Можа, і куратнік, і астанкі мужа і дзіцяці пахаваны пад тоўстаю сцяною пяску, якая аддзяляе хату ад суседняй, а можа быць і такое, што яна апынулася ў суседавай яме. Тэарэтычна можа быць і такое. Але твой няшчасны, прыгнечаны выгляд добра паказваў, што ты не так збіралася ашукаць мяне, як не хацела з самага пачатку расказаць праўды. Ахвяры былі, увогуле, не болей чым адгаворкаю. У мяне ўжо проста не было сілы зазлавацца. I я вырашыў не ламаць галавы над тым, хто перад кім у даўгу. Мне здаецца, што і ты павінна была гэта зразумець...

Што гэта!.. Мужчына ад страху кінуўся на зямлю... Усё адбылося надта хутка, ён нічога не мог зразумець... Перад ім нечакана вырасла вёска!.. Ішоў ён, відаць, да вяршыні дзюны, што падступала да вёскі... I ў той момант, калі ў яго перад вачыма адсланілася ўся панарама, ён убачыў, што апынуўся ў самой вёсцы... Не паспеў ён апамятацца, як побач з ім за плотам забрахаў сабака.