Падхапіў другі, а потым яшчэ і яшчэ — быццам ланцуговая рэакцыя. У пякельнай цемры на яго насоўвалася, выскаляючы іклы, цэлая зграя. Ён выняў вяроўку, да якое былі прывязаны нажніцы, і кінуўся бегчы. У яго не было выбару. Адно, што яму аставалася, — найкарацейшым шляхам прабегчы цераз вёску.
26
Бег чалавек.
Хаты, міма якіх ён бег, мільгалі цьмяным святлом. Яны то прапускалі яго, то вырасталі перашкодаю. Смак ветру, які з шумам урываўся ў вузкую шчыліну горла... Смак іржы... Небяспечны нумар на тонкім шкле, гатовым разляцецца на друзачкі. Надта позна, каб спадзявацца, што пераносчыкі пяску не выйшлі яшчэ з хат, і дужа рана, каб спадзявацца, што яны ўжо дабраліся да ўзбярэжжа. Пікап нібыта яшчэ не праязджаў. Не можа быць, каб ён не звярнуў увагі на гэта вар’яцкае тарахценне двухтактавага матора за кіламетр адсюль. Становішча агіднае.
Нечакана з цемры вылецеў чорны камяк. Мяркуючы па моцным сапенні, вялікі сабака. Ён, здавалася, не быў прывучаны да нападзення і, перш чым накінуцца на яго, пачаў моцна брахаць. Мужчына хвоснуў вяроўкаю з прывязанымі нажніцамі і пацэліў. З енкам сабака знік у цемры. На шчасце, ён выдраў толькі кавалак з яго штаноў. Мужчына надта рэзка крутнуўся, ногі запляліся, і ён упаў, пакаціўся, але адразу ж ускочыў і пабег далей.
Выявілася, сабака не адзін, іх пяць ці шэсць. Напалоханыя няўдачаю першага, яны з лямантам круціліся вакол яго, выбіраючы зручны момант для нападзення. Можа, той самы рыжы сабака з разваленай халупы падцкоўваў іх ззаду. Узяўшыся за вяроўку за сантыметраў пяцьдзесят ад канца, ён стаў з усяе сілы махаць ёю над галавой. Абараніўшыся такім чынам ад сабак, ён перамахнуў цераз кучу колатых ракавінак, прабег вузкі праход між платамі, нейкі двор, дзе сушылася на зямлі салома, і нарэшце выбег на шырокую дарогу. Яшчэ трохі — і вёска кончыцца!
Уздоўж дарогі ішла вузкая канава. З яе раптам вылезла двое дзяцей — падобна, брат і сястра. Ён убачыў іх надта позна. Тузануў вяроўку, каб нажніцы не зачапілі іх, ды нічога не выйшла, і ўсе трое паляцелі ў канаву. Па дне ў канаве быў пракладзены жолаб. Хруснула дрэва. Дзеці загаласілі... Чэрці, чаго яны гэтак крычаць!.. Ён адпіхнуў іх і вылез. I ў гэты момант прамяні кішэнных ліхтароў, тры ў рад, перасеклі яму дарогу.
Зазваніў звон. Дзеці моцна плакалі... Сабакі не пераставалі брахаць... Ад кожнага груку звана сэрца балюча сціскалася. Безліч насякомых, як рысавае зерне, папаўзлі з пракрытых нор. Адзін кішанёвы ліхтар, відаць, меў прыстасаванне для канцэнтравання святла — промень яго то расплываўся, то раптам праколваў тонкаю распаленаю іголкаю.
Кінуцца, ці што, проста на іх і пазбіваць з ног?.. Калі ўдасца прарвацца, тады ўжо ён будзе за вёскаю... Давядзецца яму раскайвацца ці не — усё залежыць ад гэтай хвіліны... Ну, хопіць марудзіць!.. А не — дык будзе позна... Яшчэ трохі, і даганятыя могуць апынуцца ззаду — тады ўсё прапала!
Пакуль ён вагаўся, ліхтары пачалі акружаць яго, падступаючы справа і злева, усё скарачаючы і скарачаючы адлегласць. Мужчына мацней сціснуў вяроўку і ўвесь напружыўся, але ніяк не мог адважыцца. Ногі ўсё глыбей уваходзілі ў мяккую глебу. Прагалы, што пашырыліся між людзьмі, запоўнены ценямі людзей. Колькі іх? А на краі дарогі нешта падобнае абрысамі на яму — а не, гэта пікап. Калі ён і прарвецца наперад, яго схопяць ззаду. За спіною пачуў ён тупат дзяцей, якія ўцякалі адсюль — яны ўжо не плакалі. На імгненне прамільгнула адчайная думка. Схапіць іх і выкарыстаць як шчыт! Яны будуць заложнікамі, і ён не дасць гэтай погані падысці! Але калі павярнуўся, каб схапіць іх, убачыў яшчэ агні, якія яго падпільноўвалі. Дарога адрэзана.
Нібыта адпушчаная спружына, ён кінуўся назад і колькі было сілы пабег па той самай дарозе, па якой дабраўся сюды. Ён рабіў гэта амаль несвядома, спадзеючыся знайсці месца, дзе б мог перасекчы дзюну, якая была як бы прадаўжэннем мыса. З крыкам гналася за ім, здавалася, уся вёска. Ад вельмі вялікага напружання ногі аслабелі, быццам з іх выцягнулі сухажылле. Але, можа, таму, што яго даганятыя былі заспеты знянацку, яму ўсё яшчэ ўдавалася трымаць дыстанцыю, якая дазваляла час ад часу азірацца і глядзець, дзе яны.
Колькі ён прабег?.. Ужо перасек некалькі дзюнаў. I чым болей траціў ён сілы, тым болей яму здавалася, што ўсё дарэмна, што ён бяжыць на месцы, як у сне. Ды не цяпер разважаць пра тое, як эфектыўна расходуе ён сваю сілу. У роце паявіўся прысмак крыві, змяшанай з мёдам. Ён хацеў плюнуць, але сліна была вязкая і ніяк не выплёўвалася. Давялося выскрабаць пальцам.
Звон не пераставаў званіць, але да яго было ўжо далёка, і часам гук зусім знікаў. Сабакі таксама адсталі і брахалі аднекуль здалёку. Чуцён быў гук толькі свайго дыхання, які нагадваў скрыгат напільніка аб метал. Ліхтары даганятых — усе тры, — як і дагэтуль, выцягнуўшыся ланцужком і пагойдваючыся ўверх і ўніз, як быццам не набліжаліся, але і не аддаляліся. I ўцекачу, і тым, хто гнаўся за ім, было аднолькава цяжка бегчы. Цяпер пераможа той, хто трывалейшы. Але гэта не цешыць. Можа, ад вельмі доўгага напружання воля надламалася, падкралася слабасць — жаданне, каб сіла хутчэй пакінула яго. Небяспечны сімптом... Але пакуль ён разумее гэтую небяспеку, яшчэ нічога...