Поўныя чаравікі пяску, баляць пальцы. Азірнуўся. Даганятыя асталіся метраў на семдзесят — восемдзесят, крыху справа. Чаму яны збіліся ўбок? Стараліся, напэўна, абмінуць пад’ёмы, вось і выйшла такое. Мусіць, і яны натаміліся... Кажуць жа, той, хто даганяе, томіцца хутчэй. Ён мігам разуўся і пабег босы... Калі пакласці чаравікі ў кішэні, будуць замінаць, і ён запхнуў іх за рэмень. Перадыхнуўшы, адным махам адолеў круты пад’ём. Калі так пойдзе, дык ён, напэўна, здолее ўцячы ад гэтых гадаў...
Месяц яшчэ не ўзышоў, але святло зорак усыпала ўсё навокал цёмнымі і светлымі плямамі, і грабяні далёкіх дзюнаў добра пазнаваліся. Ён бег як быццам да мыса. Зноў руль бярэ ўлева. Толькі ён хацеў быў змяніць кірунак, як раптам сцяміў, што гэтым ён скароціць адлегласць між сабою і даганятымі. Тады вось зразумеў ён іх план і спалохаўся. Напраўду, нібыта няўмела выбраны імі шлях на самай справе добра прадуманы: яны стараліся прыціснуць яго да мора. Не ведаючы гэтага, ён увесь час быў у іх руках. Падумаўшы, ён зразумеў, што і кішанёвыя ліхтары служылі ім для таго, каб паказваць яму, дзе яны. Значыць, і тое, што яны не набліжаюцца і не аддаляюцца, а ўвесь час трымаюцца на адной адлегласці, — не так сабе.
Не, здавацца яшчэ рана. Недзе павінна быць дарога, каб падняцца на скалы, і калі не будзе другога выйсця, можна морам, плывучы, абагнуць мыс. Трэба адкінуць усякія хістанні — варта толькі ўявіць сабе, як яго схопяць і кінуць назад у яму.
За доўгім пакатым пад’ёмам — круты спуск... За крутым пад’ёмам — доўгі пакаты спуск... Раз ступіў, яшчэ раз — быццам пацеркі нанізваюцца адна на адну — выпрабаванне цярпення. На нейкае імгненне змоўк звон. Цяжка пазнаць, што ён чуе: сковыт ветру, шум мора ці гэта проста звон у вушах. Падняўшыся на адно ўзвышша, ён азірнуўся. Агні даганятых прапалі. Пачакаў крыху — не паяўляюцца.
Здорава. Няўжо ўдалося ўцячы ад іх?
Надзея прымусіла моцна біцца сэрца. Калі гэта праўда, дык адпачываць цяпер тым болей не трэба... Уздыхнуць яшчэ разік — і наперад, да наступнае дзюны!
Але чамусьці вельмі цяжка бегчы. Ногі вельмі цяжкія. I цяжар нейкі незвычайны. Ён не проста чуў яго — ногі зусім сталі тапіцца ў пяску. Быццам снег, падумаў ён, калі ногі да лытак былі ўжо ў пяску. Спалохаўшыся, ён паспрабаваў выцягнуць адну нагу, але другая ўгрузла да калена. Што такое? Ён чуў, нібыта ёсць пяскі, якія праглынаюць чалавека... Ён з усяе сілы стараўся выбрацца, але чым болей тузаўся, тым глыбей апускаўся. Ногі патанулі ўжо амаль да сцёгнаў.
А можа, гэта проста пастка?! Яны і заганялі яго не да мора, а іменна сюды!.. Яны проста хочуць загубіць яго, не трацячы намаганняў, каб злавіць!.. Гэта сапраўднае знішчэнне... Фокуснік са сваёю хусцінкаю танчэй не зрабіў бы... Яшчэ парыў ветру — і ён з галавою схаваецца ў пяску... I тады яго не знойдзе нават паліцэйскі сабака, які атрымаў на конкурсе першую прэмію... Гэтыя паганцы цяпер ужо, напэўна, не пакажуцца!.. Яны нічога не бачылі, нічога не чулі... Нейкі дурань, нетутэйшы, сам заблудзіўся і прапаў... I ўсё, сволачы, зрабілі, нават рук не замараўшы...
Таплюся... Таплюся... Вось ужо і па пояс у пяску... Што ж рабіць? Калі ўдасца павялічыць плошчу апоры на пясок, ціск цела ў кожным пункце паменшыцца, і ён, напэўна, перастане апускацца... Распластаўшы рукі, ён лёг грудзямі на пясок... Але было позна. I хоць ён ляжаў на жываце, ніжняя частка цела застыла ў вертыкальным становішчы. Яму балела паясніца, і ён ужо не мог болей аставацца сагнутым пад прамым вуглом. Дый любы, нават трэніраваны спартсмен не змог бы доўга прабыць у такім становішчы.
Цёмна, як... Увесь свет засланіў вочы і заткнуў вушы. Здохнеш тут, і ніхто нават не гляне ў твой бок! Страх, які затаіўся недзе глыбока ў горле, раптам вырваўся вонкі. Мужчына разявіў рот і зароў, як жывёліна:
— Памажыце!
Пустое слова!.. Ну і няхай сабе пустое... На краі гібелі не да арыгінальнасці. Жыць што б там ні было — нават калі яго жыццё будзе цюцелька ў цюцельку падобнае на жыццё ўсіх астатніх, як таннае пячэнне, спечанае ў адной форме! Хутка пясок дойдзе да грудзей, да падбародка, да кончыка носа... He магу болей!