Выбрать главу

Карыкатуры былі зусім дурныя. Бяздумныя, вульгарныя, кепска выкананыя — калі б папытаўся ў яго, што ў іх забаўнае, ён не адказаў бы. Удалая была толькі адна карыкатура з малюнкам каня, у якога падкасіліся ногі і ён упаў, калі на яго накінуўся здаравенны мужчына. Мыза ў каня напраўду была смешная. Але ўсё роўна, хіба ў яго становішчы можна смяяцца? Пасаромеўся б. Прыстасоўвацца можна толькі да пэўнае мяжы. Дый гэта павінна быць сродкам, але ні ў якім разе не мэтаю. Адна справа балбатаць пра зімовую спячку, другая — перакінуцца ў крата і забіць у сабе ўсякае жаданне выйсці на святло.

Праўда, калі ўдумацца, няма ніякай надзеі, што калі-небудзь надарыцца выпадак нейкім чынам выбрацца адсюль. А можна і проста прывыкнуць да чакання, якое не мае ніякай мэты, а калі кончыцца зімовая спячка, выявіцца, што святло аслепіць цябе і ты не зможаш выйсці вонкі. Кажуць жа: жабрак тры дні — жабрак назаўсёды... Іржа ўсярэдзіне паяўляецца надзіва хутка... Ён глыбока задумаўся, але варта было ўспомніць пацешную конскую мызу, як зноў яго разбіраў дурны смех. Жанчына пад лямпаю — рупліва, як заўсёды, нанізвала пацеркі — падняла галаву і дабрадушна яму ўсміхнулася. Мужчына, не могучы выцерпець сваёй здрады, адкінуў часопіс і выйшаў. Над ямаю клубіўся малочны туман. Рэшткі ночы — раскіданыя шматкі ценяў... шматкі, якія зіхацяць, як распаленая металічная нітка... плывучыя шматкі, якія ператварыліся ў бліскучыя кропелькі пары... I гэта казачнае спалучэнне ценяў будзіла мару, мяжы якой не было. Ён глядзеў і не мог наглядзецца. Кожнае імгненне давала ўсё новыя і новыя адкрыцці. Тут было ўсё — і рэальныя вобразы, і фантастычныя, якіх ён ніколі не бачыў.

Павярнуўшыся да гэтага віру ценяў, мужчына стаў завываць:

— Пан старшыня суда, пазнаёмце мяне з абвінавачаннем! Скажыце мне, якія прычыны такога прыгавору?! Падсудны стоячы чакае вашага адказу!

З туману пачуўся голас, які здаўся яму знаёмым. Ён быў глухі, быццам гаварыў у тэлефонную трубку.

— Адзін з сотні ўрэшце...

— Што такое?

— Я гавару, у Японіі на сто чалавек прыпадае адзін шызафрэнік.

— Даруйце, вы пра што?..

— Дарэчы, клептаманаў таксама адзін на сто...

— Ды пра што гэта вы?

— Калі на аднаполую любоў сярод мужчын прыпадае адзін працэнт, дык, натуральна, такі павінен быць працэнт і сярод жанчын. I калі прадаўжаць — адзін працэнт падпальшчыкаў, адзін працэнт алкаголікаў, адзін працэнт псіхічна адсталых, адзін працэнт полавых маньякаў, адзін працэнт хворых на манію вялікасці, адзін працэнт закаранелых жулікаў, адзін працэнт імпатэнтаў, адзін працэнт тэрарыстаў, адзін працэнт параноікаў...

— Прашу вас, даволі гэтых недарэчнасцей...

— Добра, слухай спакойна. Дадамо боязь вышыні, боязь хуткасці, наркаманію, істэрыю, апанаваных думкаю пра забойства, сіфілітыкаў, прыдуркаватых... — таксама па адным працэнце, і атрымаем у агуле дваццаць працэнтаў... I калі ты можаш такім самым чынам пералічыць яшчэ восемдзесят анамалій... а няма ніякага сумнення, што зрабіць гэта можна... значыць, зусім дакладна, статыстыкай даказана, што ўсе сто працэнтаў людзей ненармальныя.

— Ну што за бязглуздзіца! Калі б не было нейкага эталона нармальнасці, дык нельга было б вызначыць і ненармальнасць!

— He трэба гэтак, я ж проста хацеў цябе абараніць...

— Абараніць?..

— Дык жа ты сам наўрад ці будзеш настойваць, што вінаваты?

— Ведама, не буду!

— Тады трымайся болей памяркоўна. Якое б выключнае ні было становішча, мучыць сябе няма ніякага сэнсу. Людзі не абавязаны ратаваць дзіўнага вусеня, калі ў іх няма права і судзіць яго...

— Вусеня?.. Чаму пратэст супраць незаконнага затрымання ператварыў мяне ў дзіўнага вусеня?

— He прыкідвайся прасцячком... У Японіі, тыповым раёне высокай вільготнасці і тэмпературы, восемдзесят сем працэнтаў стыхійных няшчасцяў прыпадае на паводку, і ў гэтых умовах страты ад пяску, што разносіцца ветрам, складуць тысячную частку працэнта. Браць гэта ў разлік — усё роўна што прымаць спецыяльнае заканадаўства па барацьбе з паводкаю ў Сахары. Пустая гаворка!

— Я пра гэта і не гавару. Гаворка ідзе пра мае пакуты... Незаконнае затрыманне ўсюды незаконнае — няхай сабе гэта ў пустыні ці на балоце!

— А, незаконнае затрыманне... Але ж мяжы людской прагнасці няма... I ты ласы кавалак вяскоўцам...

— Г... таксама яда! Але ў мяне сэнс існавання ў нечым вышэйшым!

— Усё гэта правільна. Значыць, ты лічыш, што табе не пашанцавала з тваім любімым пяском?