— А нам што, не ўсё роўна? He наш гэта клопат, і няма чаго тыцкацца!
Мужчына збянтэжыўся. Перамена, што адбылася ў ёй, вельмі ўражвала — быццам з твару ў яе ўпала маска. Гэта быў перад ім твар вёскі ў абліччы жанчыны. Да гэтага часу вёска была яму толькі катам. Ці шкоднаю драпежнаю раслінаю, ненажэрнаю актыніяй. Сябе ж ён лічыў няшчаснаю, выпадкова схопленаю ахвяраю. Аднак тутэйшыя вяскоўцы лічылі, што гэта яны занядбаныя і забытыя ўсімі. Натуральна, у іх не было ніякіх абавязацельстваў у дачыненні да астатняга свету. Значыць, калі ён быў з тых, хто прычыняе сялянам шкоду, дык іклы, што выставіла вёска, нацэленыя ў яго. Ён яшчэ ні разу гэтак не думаў пра свае адносіны да вёскі. Не дзіва, што вяскоўцы разгубіліся. Хай сабе і гэтак, але адступіць — усё роўна што самому перакрэсліць сваю праўду!
— Можа, і праўда, пра другіх няма чаго клапаціцца. — Растрывожаны, ён прыпадняўся. — Але на махлярскім гандлі нехта ж моцна нажываецца, га?.. Можна і не гарбець на гэтых вырадкаў...
— He, продаж пяску — гэта справа арцелі.
— Ведама... Але ўсё роўна, урэшце, у каго болей акцый, хто болей грошай уклаў, той...
— Гаспадары, у якіх былі грошы, каб купіць сабе шхуну, даўно адсюль выехалі... А з намі абыходзяцца вельмі добра... Праўда, ашуканства няма ніякага... Калі думаеце, што я хлушу, праверце іх запісы, і вы адразу зразумееце.
Мужчына стаяў збянтэжаны, расхваляваны. Ён раптам адчуў сябе няшчасным і бездапаможным. Карта аперацыі, дзе праціўнік і сваё войска былі размаляваны рознымі колерамі, ператварылася ў нейкі загадкавы малюнак няпэўнага колеру, на якім нічога нельга разабраць. I не варта было гэтак распаляцца з-за гэтага часопіса з карыкатурамі. Нікога тут не хвалюе, ці ты заліваешся дурным смехам, ці не... Ён замармытаў адрывіста, ледзь варочаючы языком...
— Канешне... Чужы клопат... Гэта праўда...
Потым у яго з губ сарвалася слова, якога ён і сам не чакаў, не звязанае з папярэдняю гаворкаю.
— Трэба было б, не адкладаючы, купіць гаршчок з якою-небудзь раслінаю. — Ён сам жахнуўся, але твар у жанчыны быў яшчэ болей заклапочаны, і ён ужо не мог адступіць. — Мёртва навокал, нават воку няма на чым адпачыць...
Жанчына адказала трывожна:
— Можа, хвою?
— Хвою?.. He, хвоі я не люблю... Увогуле, усё роўна што, можна хоць траву якую... Каля мыса многа яе расце, як яна завецца?
— Пушыца, ці што. Але ўсё ж дрэўца лепей, га?
— Калі дрэва, дык, можа, клён ці паўлонію з тонкімі галінкамі і вялікімі лістамі... Каб яны развяваліся на ветры...
Развяваліся... Трапяткія пучкі лістоў. Хай сабе і захочуць яны ўцячы — не ўцякуць, — моцна прыраслі яны да дрэва...
Невядома чаму дыханне ў яго раптам стала перарывістае. Ён гатовы быў расплакацца. Хутка нахіліўшыся да току, дзе былі рассыпаны пацеркі, ён нязграбнымі рукамі пачаў мацаць у пяску.
Жанчына паспешліва паднялася,
— Нічога, нічога. Я сама... На сіта ўсё хуценька прасею.
30
Аднойчы, калі мужчына зайшоў па патрэбе за хату і глядзеў на папялясты месяц, які вісеў над краем ямы і які, здавалася, можна было памацаць рукою, яго нечакана пранялі моцныя дрыжыкі. Можа, прастудзіўся?.. Ды не, не падобна. Яго шмат разоў праймалі дрыжыкі перад тым, як павышалася тэмпература, але цяпер было нешта другое. Яму не здавалася, што паветра калючае, і скура ў яго не зрабілася як курыная. Калатня чулася не ў скуры, а недзе ў касцях. Яна расходзілася кругамі, як рабізна на вадзе ад кінутага каменя. Тупы боль перадаваўся ад аднае кісці да другое, і было не падобна, што ён пройдзе. Такое адчуванне, быццам разам з ветрам уляцеў у душу ржавы бітон і з грукатам гуляе па целе.
Пакуль ён стаяў гэтак, калоцячыся, і глядзеў на месяц, у галаву прыйшлі самыя нечаканыя асацыяцыі. На што падобны гэты пляскаты месяц? Болька, укрытая рубцамі і сям-там прыпудраная мукою грубага памолу... Высахлае таннае мыла... Ці, можа, заплеснелая алюмініевая міска на сняданкі... А бліжэй да цэнтра зусім неверагодныя вобразы. Чэрап... Агульная ва ўсіх краінах эмблема яду... Прысыпаныя парашком белыя крышталі на дне ў шклянцы на насякомых... Дзіўнае падабенства паміж месяцавай паверхняю і крышталямі, што асталіся пасля таго, як выпарыўся цыяністы калій. Гэтая бутля, напэўна, усё яшчэ стаіць каля дзвярэй, засыпаных пяском...
Сэрца стала даваць перабоі, нібыта трэснуты пінг-понгавы шарык. Нейкія недарэчныя асацыяцыі. Чаму ён думае ўвесь час пра такія злавесныя рэчы? I без таго ў кастрычніцкім ветры чуецца горыч і адчай. Ён праносіцца са сковытам, нібыта іграючы на дудцы, зробленай з пустога стручка.