Гледзячы на край абрыву, крышку асветлены месяцам, чалавек падумаў, што, можа, адчуванне, якое авалодала ім, быццам усярэдзіне ў яго ўсё спалена, проста зайздрасць. Зайздрасць да ўсяго, што ўвасабляе пакінутае ім наверсе, — да вуліц, трамваяў, светлафораў на перакрыжаваннях, рэкламы на тэлеграфных слупах, здохлых кошак, аптэк, дзе гандлююць цыгарэтамі. I гэтаксама, як пясок зжэр усярэдзіне сцены і слупы ў хаце, зайздрасць з’ела яго вантробы і ператварыла яго ў пустую каструлю, пакінутую на агні. Каструля ўсё болей распаляецца. Жара становіцца нясцерпнаю, вось-вось каструля расплавіцца. I раней чым гаварыць пра надзею, трэба падумаць, як пераадолець гэта імгненне і ці варта яго пераадольваць?
Хочацца лягчэйшага паветра! Хочацца хоць бы чыстага паветра, не змяшанага з тым, якое я ўдыхаю! Калі б можна было раз на дзень хоць паўгадзіны глядзець на мора, узлезшы на абрыў, было б так добра! Ну, гэта ўжо маглі б дазволіць. Вёска пільнуе яго залішне строга. Жаданне яго зусім натуральнае, тым болей што ён так шчыра працаваў гэтыя апошнія тры месяцы. Нават зняволенаму дазваляюць прагулкі.
— Гэта невыносна! Жыць так круглы год, уткнуўшыся носам у пясок. Гэта значыць быць жывым закансерваваным. Няўжо мне не дазволяць хоць сяды-тады гуляць каля ямы?
Жанчына, не знаходзячы адказу, маўчала. У яе быў такі выраз твару, быццам яна не ведала, што рабіць з дзіцем, якое капрызіць, згубіўшы цукерку.
— Хай паспрабуюць сказаць, што няможна! — Мужчына зазлаваўся. Ён зноў загаварыў пра тыя ненавісныя вераўчаныя лескі, якія выклікалі такія горкія ўспаміны. — Калі я ў той дзень уцякаў, дык бачыў іх на свае вочы... I ў нашым радзе ёсць некалькі хат, да якіх апушчаны лескі!
— Ёсць, але... — Яна гаварыла нясмела, быццам апраўдваючыся. — Большасць з іх вякамі жывуць у гэтых хатах.
— А на нас яны хіба не спадзяюцца, ці што?!
Жанчына пакорна апусціла галаву, нібыта сабака, гатовы да ўсяго. Калі б мужчына піў у яе на вачах цыяністы калій, яна б, напэўна, гэтаксама маўчала.
— Добра, паспрабую сам дамовіцца з гэтымі падлюгамі!
Праўда, у душы ён не дужа спадзяваўся, што ад гэтых перагавораў будзе нейкая карысць. Ён ужо прывык да расчараванняў. Таму, калі прыйшоў той самы дзед з другім пераносчыкам пяску і прынёс адказ, ён нават крыху разгубіўся. Але разгубленасць не ішла ні ў якае параўнанне з тым, што ён зведаў, зразумеўшы сэнс адказу.
— Ну добра... — Дзед гаварыў паволі, запінаючыся, нібыта перабіраў у думках старыя паперы. — Гэта, ну, увогуле, каб ужо зусім нельга было дамовіцца, — такога няма... Я, да прыкладу, канешне, але калі вы ўдваіх выйдзеце з хаты і перад намі, перад усімі... будзеце гэта рабіць, а мы глядзець... Ну, а тое, што вы просіце, гэта правільна, гэта можна будзе зрабіць, хай сабе...
— А што мы павінны рабіць?
— Hy, гэта... як яго, самец і самка што? Спарваюцца... Вось гэтак.
Пераносчыкі пяску дзіка зарагаталі. Мужчына аслупянеў, быццам яму сціснулі горла. Ён ледзь стаў разумець, пра што ідзе гаворка. Пачаў разумець, што ён разумее. I калі зразумеў, дык прапанова не здалася яму такім вялікім страхоццем.
Прамень кішанёвага ліхтара, быццам залатая птушка, праляцеў каля ног у мужчыны. Гэта быў нейкі сігнал. Услед за ім яшчэ сем ці восем промняў сталі кружыцца па дне ў яме. Прыгнечаны гэтым нецярпеннем людзей, што стаялі наверсе і хіба што не гарэлі, як смала, ён, яшчэ не знайшоўшы слоў, каб адкінуць прапанову, ужо сам нібы заразіўся іх шаленствам.
Ён паволі павярнуўся да жанчыны. Вось толькі што яна размахвала тут сваёю рыдлёўкаю, але цяпер некуды знікла. Можа, уцякла ў хату? Ён зазірнуў у дзверы і гукнуў яе.
— Што ж нам рабіць?
З-за сцяны пачуўся яе прыглушаны голас.
— Ну іх к чорту!
— Але ж хочацца выйсці адсюль...
— Нельга гэтак!
— Кінь ты, трэба глядзець на гэта прасцей...
Раптам жанчына, задыхаючыся, падступіла да яго.
— Вы што, здурнелі?.. He інакш як здурнелі... Мазгі звадзянелі! Ну хіба можна такое рабіць!.. Я ж не вар’ятка!
«Можа, і праўда?.. Можа, я і напраўду здурнеў?..» Лютасць жанчыны прымусіла яго адступіць, але ўсярэдзіне расла і шырылася нейкая пустата... Ён атрымаў гэтулькі ногцаў! Якое ж значэнне маюць цяпер гонар і годнасць?.. Калі на цябе глядзяць, а ты робіш нешта гадкае — гэта гадкае ў аднолькавай меры ганьбіць і тых, хто глядзіць... Быць убачаным і бачыць — няма патрэбы ставіць сцяну між гэтымі двума паняццямі... Невялічкае адрозненне паміж імі, ведама, ёсць, але каб яно знікла, я наладжу ім гэты маленькі спектакль... Трэба браць пад увагу яшчэ і тое, якую ўзнагароду ты атрымаеш за гэта!.. Свабодна разгульваць па зямлі!.. Я хачу выцягнуць галаву з гэтага затхлага балота і ўздыхнуць на ўсе грудзі!