Удадуцца доследы — і яму не давядзецца болей капітуляваць, калі перастануць прывозіць ваду. Але яшчэ важней другое: выходзіць, увесь пясок — вялізазная помпа. Яму здавалася, што ён сядзіць на гэтай помпе. Шалёна калацілася сэрца. Каб супакоіць яго, яму давялося перадыхнуць. Пакуль нельга нікому пра гэта гаварыць. На выпадак чаго — гэта важная зброя.
Ён не мог стрымаць радаснага смеху. Хоць ён павінен быў маўчаць пра сваю «Надзею», вельмі цяжка было схаваць гонар, які перапоўніў яго сэрца. Нечакана мужчына закрычаў тонкім голасам, абхапіў ззаду жанчыну, якая слала пасцель. Але яна выкруцілася, а ён упаў на спіну і стаў рагатаць, дрыгаючы нагамі, быццам жывот яму казытаў папяровы шар, напоўнены лёгкім газам. Яму здавалася, што рука, якую трымаў ён каля твару, свабодна плавае ў паветры.
Жанчына таксама смяялася, але неяк змушана — проста каб не псаваць яму настрою. Мужчына ўявіў сабе распасцёртую бязмежна чыстую сетку падземных ручайкоў, якія тонкімі серабрыстымі ніткамі падымаюцца ўгору па вузенькіх шчылінах між пясчынкамі. А жанчына падумала пра іншае — не іначай, як пра полавы акт, які адбудзецца пасля гэтага. Ну і няхай сабе. Толькі той, хто перажыў караблекрушэнне і цудам не патануў, можа зразумець чалавека, якому хочацца смяяцца ўжо таму, што ён дыхае.
Хоць і цяпер ён быў на дне ў яме, ім авалодала такое адчуванне, быццам падняўся на высокую вежу. Можа, увесь свет стаў навыварат, і цяпер узгоркі і даліны памяняліся месцамі. Ва ўсякім разе, ён знайшоў у пяску ваду. А гэта значыць, што вяскоўцам справіцца з ім не так проста. Няхай цяпер не прывозяць вады, ён абыдзецца без іх. I ён зноў пачынаў нястрымна рагатаць, варта было толькі падумаць яму, як яны забегаюць. Яму нават здавалася, быццам ён ужо выбраўся з ямы. Ён агледзеўся, і ўся яма была ў яго перад вачыма. Вельмі цяжка меркаваць пра мазаіку, калі глядзець на яе зблізку. Падышоўшы блізенька, вы заблудзіцеся ў дэталях. Да гэтага часу ён бачыў, найхутчэй, не пясок, а толькі асобныя пясчынкі.
Тое самае мог бы сказаць ён пра тую, другую, жанчыну і пра сваіх калег. Дагэтуль ён успамінаў толькі асобныя дробныя дэталі, якія незвычайна разрасліся ў яго ўяўленні: ноздры ў мясістым носе... зморшчаныя губы... гладкія тонкія губы... тупыя пальцы... зоры ў вачах... доўгая бародаўка пад ключыцаю... па грудзях бягуць ліловыя жылкі... Зблізку глядзець — бярэ на рвоту. Але здалёку ўсё здаецца малюсенькім, не большым за насякомае. Вунь там, далёка, варушацца калегі — п’юць чай у настаўніцкай. А вунь там, у кутку, тая жанчына, голая, ляжыць у сырой пасцелі, прыплюшчыўшы вочы, не варушачыся, хоць попел у яе з цыгарэты вось-вось упадзе. Без ніякай зайздрасці думаў ён пра гэтых маленькіх насякомых, быццам гэта былі формы на пячэнне, пустыя ўсярэдзіне. I не трэба быць такім фанатычным пірожнікам, каб упарта пячы пячэнне, якога ніхто не прасіў, — абы толькі скарыстаць формы. Калі яму надарыцца яшчэ раз завязаць з імі адносіны, дык давядзецца пачынаць усё з самага пачатку. Перамены, што адбыліся ў пяску, былі адначасна пераменамі і ў ім самім. У пяску разам з вадою ён быццам выявіў новага чалавека.
Гэтак нажыў ён сабе яшчэ адзін клопат — сканструяваць збудову для збору вады. Назбірваліся лічбы і дыяграмы... выбіралася мясціна, дзе павінен быць укапаны бачок... форма бачка... сувязь паміж часам, калі свеціць сонца, і хуткасцю назбірвання вады... уплыў тэмпературы і атмасфернага ціску на эфектыўнасць збудовы. Жанчына ніяк не магла зразумець, чаму ён гэтак рупліва корпаецца з сілом на варон. Яна пераконвала сябе, што ні адзін мужчына не можа абысціся без якой-небудзь цацкі, і калі ён мае ўцеху ад гэтага — дык і добра. Апрача таго, у яго расла цікавасць да яе хатняе працы. Ва ўсім гэтым не было нічога благога. Дык і няхай забаўляецца. Але мужчына меў тут свой інтэрас. Яго даследаванне нечакана наткнулася на сур’ёзную перашкоду і вымагала супастаўлення і ўвязкі цэлага шэрагу ўмоў. I хоць колькасць сабранага матэрыялу расла, ён ніяк не мог знайсці заканамернасць, якая дала б магчымасць аб’яднаць яго ў стройную сістэму. Дый калі ён хацеў атрымаць дакладны матэрыял, трэба было мець радыёпрыёмнік, каб слухаць паведамленні сіноптыкаў і прагнозы надвор’я. Прыёмнік стаў у абаіх агульнаю мэтаю.