На пачатку лістапада вады ў бачку назбірвалася па чатыры літры за дзень, а потым штодня вады стала прыбываць усё меней. Можа, пад уплывам тэмпературы? Але каб правесці доследы ў поўным аб’ёме, трэба, відаць, чакаць вясны. Настала доўгая суровая зіма, і разам з пяском у паветры пачалі насіцца льдзінкі. Каб купіць дабраваты прыёмнік, ён вырашыў хоць крыху памагчы жанчыне. Яма таксама мела свае перавагі — у яе не залятаў вецер. Але затое і сонца амаль не зазірала. Нават у тыя дні, калі пясок прамярзаў, у паветры яго насілася не меней, чым звычайна, і трэба было нястомна адграбаць яго ад хаты. Скура на руках патрэскалася і крывавілася.
Нарэшце зіма кончылася. Надышла вясна. У пачатку сакавіка прыёмнік купілі. На страсе паставілі высокую антэну. Жанчына, радасна і здзіўлена, паўдня круціла ручкі. У канцы месяца яна пачула, што цяжарная. Прайшло яшчэ два месяцы. Вялізныя белыя птушкі тры дні ляцелі з захаду на ўсход. А яшчэ праз дзень жанчына пажалілася на нясцерпны боль. Яна ўбачыла, што ўся ў крыві. Нехта з вёскі — у яго ў радні быў ветэрынар — паставіў дыягназ: выкідыш. Вырашылі завезці яе на пікапе ў горад, у бальніцу. Чакаючы машыну, мужчына сеў побач, дазволіўшы ўзяць сябе за руку, а другою гладзіў ёй жывот.
Ды вось да ямы пад’ехаў пікап. Упершыню за паўгода былі спушчаны вераўчаныя лескі. Жанчыну, уверчаную ў коўдру, як кокан, на вяроўцы паднялі наверх. Да апошняй хвіліны яна ўмольна глядзела на яго вачыма, поўнымі слёз. Быццам не заўважаючы, ён адвярнуўся.
Пасля таго як яе павезлі, вяровачныя лескі асталіся вісець. Мужчына нясмела падышоў да іх і дакрануўся кончыкам пальца. Пераканаўшыся, што яны не знікаюць, ён стаў паволі падымацца. Неба было нейкага брудна-жоўтага колеру. Рукі і ногі цяжкія, быццам ён выйшаў з вады. Вось яны, доўгачаканыя лескі...
Вецер, здавалася, вырываў дыханне з рота. Абышоўшы вакол ямы, ён падняўся вышэй, адкуль відно было мора. Мора таксама было мутна-жоўтае. Ён глыбока ўздыхнуў, але паветра было шурпатае, зусім не такое, якое яму ўяўлялася. Азірнуўшыся, ён убачыў воблака пылу ў канцы вёскі. Напэўна, пікап з жанчынаю... Дарэмна ён, напэўна, не расказаў ёй усяго пра пастку да таго, як пайсці.
У яме на дне нешта заварушылася. Гэта быў яго цень. Крышку вышэй над ценем збудова для збору вады. Адна планка адышла. Напэўна, наступілі, як неслі жанчыну. Ён заспяшаўся назад, каб паправіць планку. Вада, як ён і разлічваў, паднялася да чацвёртае меткі. Паломка была не страшная. У хаце траскучым голасам спявала радыё. Ледзь стрымліваючы слёзы, ён апусціў рукі ў бачок. Вада апякла холадам. Але ён не паварушыўся, так і астаўся стаяць на кукішках.
Спяшацца ўцякаць няма вялікай патрэбы. Цяпер у яго ў руках білет у абодва канцы — чысты бланк, і ён можа сам, як яму зажадаецца, запісаць у ім і час выезду, і месца прызначэння. Дый яму вельмі карцела расказаць каму-небудзь пра сваю збудову для збору вады. I калі ён наважыцца гэта зрабіць, слухачоў, удзячнейшых за вяскоўцаў, яму не знайсці. Не сёння, дык заўтра каму-небудзь ён усё раскажа.
А ўцёкі — пра гэта яшчэ будзе калі падумаць.
Аб’ява ў сувязі з заяваю пра знікненне
Імя знікнёнага — Нікі Дзюмпэй
Год, месяц і дзень нараджэння — 1924, сакавік, 7
Паколькі Нікі Сіна была пададзена заява пра знікненне вышэйназванага Нікі Дзюмпэя, апошняму прапануецца да 21 верасня 1962 года паведаміць суду месца свайго знаходжання. У выпадку, калі такое паведамленне не паступіць, ён будзе прызнаны памерлым. Усіх, хто ведае што-небудзь пра знікнёнага, просяць да названага часу паведаміць пра гэта суду.
1962, люты, 18
Грамадзянскі суд
Пастанова
Ісцец — Нікі Сіна
Прапалы без весткі — Нікі Дзюмпэй, нарадзіўся 1924, сакавік, 7
Гэтым пацвярджаецца, што пасля выканання працэдуры публічнай аб’явы ў сувязі з заяваю пра знікненне вышэйназванай асобы, пра названую асобу з 18 жніўня 1955 года, гэта значыць болей за сем гадоў, не паступала ніякіх вестак. У сувязі з вышэйсказаным выносіцца наступная пастанова: знікнёнага Нікі Дзюмпэя лічыць памерлым.
1962, кастрычнік, 5