Грамадзянскі суд
Подпіс суддзі
Зноскі
[1] Фусумa — рассоўная перагародка ў японскай хаце, служыць адначасна і за дзверы.
[2] Гэтa — драўляны абутак.
[3] Маецца на ўвазе Усеяпонская ліга дапамогі прыгнечаным абшчынам. Як вядома, пасля 1868 года каста парыяў (этà) была фармальна ліквідавана. Але эта фактычна існуе і цяпер. Жыхары вёскі належаць да этà.
[4] Абі — жаночы пояс, кавалак матэрыі шырынёю 30—40 см.
ЧУЖЫ ТВАР
Пераадолеўшы заблытаны лабірынт, ты ўсё ж прыйшла. Даверыўшыся атрыманаму ад яго плану, ты нарэшце прыйшла ў гэта сховішча. Нясмела ступаючы, ты паднялася па лесвіцы, якая парыпвае, як педалі ў аргане; і вось пакой. Затаіўшы дыханне, пастукалася, адказу чамусьці не было. Замест адказу, подскакам, як кацяня, падбегла дзяўчо і адчыніла табе дзверы. Ты гукнула яго, спрабуючы дазнацца, ці не перадавалі табе чаго-небудзь, але дзяўчынка, нічога не адказваючы, усміхнулася і пабегла.
Табе трэба ён, і ты зазірнула ў дзверы. Але не ўбачыла яго, не ўбачыла нічога, што напамінала б пра яго, — мёртвы пакой, у якім пануе дух запусцення. Выгляд цёмнай сцяны прымусіў цябе здрыгануцца. Ты сабралася была пайсці, хоць адчувала віну, ды раптам табе на вочы трапіліся тры сшыткі, якія ляжалі на стале, і побач — пісьмо. Тут ты спахапілася, што трапіла ўсё-такі ў пастку. Якія б цяжкія думкі ні роіліся ў тваёй галаве ў тую хвіліну, усё роўна — спакуса неадольная. Дрыжачымі рукамі ты разарвала канверт і вось пачынаеш чытаць пісьмо.
Цябе, напэўна, апанавала злосць, апанавала, напэўна, крыўда. Але я вытрываю твой пагляд, пругкі, як нацягнутая спружына, што б там ні стала, я хачу, каб ты чытала далей. У мяне няма ніякай надзеі, што ты шчасліва перажывеш гэтыя хвіліны і ступіш у мой бок. Ён знішчыў мяне ці я знішчыў яго? — так ці іначай заслона ў трагедыі масак упала. Я забіў яго, назваў сябе злачынцам і хачу прызнацца ва ўсім да канца. Па дабраце сваёй ці наадварот, але я хачу, каб ты чытала далей. Той, хто валодае правам караць, абавязаны выслухаць паказанні абвінавачанага. А так проста адмахнуцца ад мяне, калі я стаю перад табою на каленях, — ці не западозраць цябе памылкова, што ты ўдзельніца злачынства? Ну добра, садзіся, будзь як дома. Калі паветра ў пакоі цяжкае, адчыні акно. Чайнік і кубкі, калі спатрэбяцца, на кухні. Як толькі ты спакойна ўсядзешся, гэтае месца ў сховішчы, што ў канцы лабірынта, ператворыцца ў суд. I пакуль ты будзеш праглядаць паказанні, я, каб зрабіць канец трагедыі масак яшчэ болей праўдзівым, гатовы чакаць хоць колькі, латаючы дзіркі ў заслоне. Дый адны ўспаміны не дадуць мне занудзіцца.
Дык вось, вернемся да таго, што адбылося са мною зусім нядаўна, за тры дні да таго моманту, які табе «цяпер».
У тую ноч вецер, змяшаны з дажджом, у якім нібыта растварылі мёд, жаласна стукаўся ў акно. Увесь дзень я абліваўся потам, а калі зайшло сонца, захацелася пагрэцца каля агню. Газеты пісалі, што яшчэ вернуцца халады, але дні сталі даўжэйшыя, ад гэтага нікуды не дзенешся, і як толькі кончыцца гэты дождж, адразу адчуеш — лета. Варта было падумаць пра гэта, і сэрца пачынала трывожна біцца. У цяперашнім маім становішчы я падобны на цацку з воску, якая баіцца гарачыні. Даволі было аднае думкі пра агністае сонца, каб уся мая скура закіпела пухірамі.
Тады я вырашыў любым чынам скончыць з усім, пакуль не настала лета. Паводле прагнозу на доўгі час, за тры-чатыры дні пашырыцца высокі атмасферны ціск з мацерыка і паявяцца метэаралагічныя з’явы, характэрныя лету. I калі за тры дні ўдасца скончыць падрыхтоўку для твае сустрэчы і зрабіць так, каб ты пачала чытаць гэта пісьмо, мне няма чаго болей жадаць. Але нельга сказаць, што тры дні — багата часу. Ты сама можаш пераканацца ў тым, што паказанні, якія я ўпамінаў, — гэта запіскі за адзін год дробным почыркам у трох сшытках. Штодзень я павінен апрацоўваць па сшытку, дадаваць, выкрэсліваць, перарабляць і пакідаць іх табе ў такім выглядзе, які задаволіў бы мяне, — праца напраўду шалёная. Я мабілізаваў сябе на працу і, купіўшы на вячэру піражкоў з мясам, добра падсмачаных часнаком, вярнуўся дахаты на дзве-тры гадзіны раней чым звычайна.
Ну і які ж вынік?.. Ніякі... Я зноў адчуў, да чаго прывёў жахлівы недахоп часу. Прабег напісанае і адчуў агіду да сябе — запіскі здаюцца амаль спробаю апраўдацца. I не дзіва такое ў гэту залітую дажджом, быццам знарок пасланую на згубу ноч, калі гнілая сырасць трывожыць душу. Не буду адмаўляцца — фінал бачыцца нікчэмным, але я сябе цешу надзеяй, што заўсёды добра разумеў тое, што адбываецца. Без гэтай веры я наўрад ці пісаў бы з такою прагаю, незалежна ад таго, ці паслужаць мае запіскі пацверджаннем алібі, ці, наадварот, стануць рэчавым доказам мае вінаватасці. Я да гэтага часу цвёрда веру ў адно, і не таму, што нялёгка прызнаць сваё паражэнне: лабірынт, у які я сам сябе загнаў, быў маім лагічна непазбежным, страшным судом. Але, насуперак чаканню, мае запіскі просяць спалоханым голасам, падобным на голас збродлівае кошкі, якую зачынілі ў пакоі. Не ведаю, ці ўдасца мне, забыўшыся, што ў мяне ў запасе толькі тры дні, давесці запіскі да такога ладу, каб яны мяне задавальнялі.