Стала цёмна, нельга было нават палічыць пальцаў на руцэ, прыставіўшы яе да самага носа. Пакой, які яшчэ не ведаў чалавечага цяпла, быў халодны, як магіла, і непрыветны. Але ён быў лепшы за прыветлівых людзей. Да таго ж, з таго часу як здарылася гэта няшчасце, я болей за ўсё люблю цемру. Папраўдзе, было б так добра, калі б усе людзі на зямлі раптам страцілі вочы ці забыліся пра існаванне святла. Па крайняй меры, удалося б дасягнуць аднадушнасці адносна формы. Усе аднолькава лічылі б, што хлеб ёсць хлеб, незалежна ад таго — трохвугольны ён ці круглы... Было б так добра, калі б тая маленькая дзяўчынка яшчэ да майго паяўлення заплюшчыла вочы і пачула толькі мой голас. Тады, можа, мы прывыклі б адно да аднаго, сталі б сябрамі — разам хадзілі б у парк, елі б марожанае... I толькі таму, што ўсюды лезла гэта назойлівае святло, дзяўчынка памылілася, прыняўшы трохвугольны хлеб не за хлеб, а за трохвугольнік. I хоць тое, што завецца святлом, само па сабе празрыстае, усе прадметы яно ператварае ў непразрыстыя.
Але цемра — гэта толькі строга акрэсленая часам адтэрміноўка выканання прыгавору, бо на самай справе святло існуе. Калі я адчыніў акно, у пакой, як клуб чорнае пары, уварваўся набрынялы дажджом вецер. Захлынуўшыся ім, я закашляўся, зняў цёмныя акуляры і выцер слёзы. Электрычныя правады, вяршкі слупоў, карнізы пастаўленых у рад дамоў на шырокай вуліцы, што трошкі воддаль, калі на іх падала святло аўтамабіляў, якія праносіліся міма, слаба паблісквалі, быццам сляды мелу на чорнай дошцы.
У калідоры пачулася хада. Звыклым рухам я зноў надзеў акуляры. З магазіна прынеслі пасцель і ўсё да пасцелі, што я заказваў цераз адміністратара. Я падсунуў грошы пад дзверы і папрасіў пакінуць пасцель у калідоры.
Дык вось, падрыхтоўка да старту нібыта закончана. Я раздзеўся і адчыніў адзежную шафу. У дзверцы з сярэдзіны было ўстаўлена люстэрка. Я зноў зняў акуляры, скінуў павязку і, пільна ўзіраючыся ў люстэрка, пачаў разбінтоўваць твар. Наматаны ў тры столкі бінт наскрозь прамок ад поту і стаў у два разы цяжэйшы, чым раніцаю, калі я яго намотваў.
Як толькі зняў я бінт, на твар выпаўзла процьма п’явак — барвовыя, пераплеценыя келоідныя рубцы... Ну што за агіднае відовішча!.. Усё гэта паўтараецца кожны дзень, як урок, — даўно пара было б прывыкнуць.
Мяне яшчэ болей раззлаваў гэты, здавалася, страх без прычыны. Калі ўдумацца — нерацыянальная адчувальнасць, якая не мае ніякіх падстаў. Ці варта падымаць такі вэрхал з-за нейкае чалавечае абалонкі, ды прытым з-за яе невялікае часткі — скуры на твары. Шчыра кажучы, падобныя забабоны ўсталяваны погляд ані не дзівяць. Возьмем, напрыклад, веру ў знахарства, расавыя забабоны, невытлумачальны страх перад змеямі (ці той самы хваравіты страх перад тараканамі, пра які я ўжо пісаў)... Вось таму, не кажучы ўжо пра прышчаватых жаўтаротых маладзёнаў, якія жывуць марамі, нават я, загадчык важнае лабараторыі ў салідным інстытуце і вельмі моцна, ледзь не карабельным канатам прывязаны да грамадства, пакутаваў ад душэўнае алергіі, што ахапіла мяне. Добра разумеючы, што асабліва ненавідзець само гнездзішча п’явак няма ніякіх падстаў, я не мог перасіліць сябе і меў да яго неадольную агіду.
Я, ведама, рабіў спробы зноў і зноў. Чым праходзіць міма адвярнуўшыся, куды лепей проста паглядзець на сваё становішча і прывыкнуць да яго раз і назаўсёды. Калі сам перастанеш звяртаць увагу, другія зробяць тое самае. Гэта праўда. Вось чаму і ў інстытуце я стаў часта гаварыць пра свой твар. З напускною весялосцю параўноўваў сябе, напрыклад, са страшыдлам у масцы, якое паказваюць у тэлевізійных мультыплікацыях. Даказваў, як зручна бачыць і не быць бачаным, калі можна падглядваць другіх, а выраз твайго твару схаваны. Самы хуткі спосаб прывыкнуць самому — прывучыць другіх.
I мне, напэўна, удалося дасягнуць гэтага. Вельмі скора ў лабараторыі я ўжо не адчуваў колішняга напружання. Дайшло да таго, што страшыдла ў масцы таксама перастала быць проста пужалам, і ў заўсёдным паяўленні яго на экранах тэлевізараў і ў коміксах мае таварышы сталі нават бачыць нейкую перавагу. Напраўду, маска, калі пад ёю, ведама, не гнездзяцца п’яўкі, мае, безумоўна, сваю зручнасць. Калі прыкрыццё цела адзежаю з’яўляецца прагрэсам цывілізацыі, дык наўрад ці можна быць гарантаваным ад таго, што некалі маска не стане самаю звычайнаю рэччу. Нават цяпер маскі часта выкарыстоўваюцца ў найважнейшых абрадах, на святах, і мне цяжка даць гэтаму факту вычарпальнае тлумачэнне, але мне думаецца, што маска, відаць, робіць узаемаадносіны паміж людзьмі болей універсальнымі, меней асабістымі, чым калі твар адкрыты...