Часам я пачынаў верыць, што хоць і паволі, але ўсё ж я іду на папраўку. Аднак я не ўяўляў яшчэ папраўдзе, які страшны мой твар. А ўвесь гэты час пад бінтам прадаўжалася наступленне п’явак. Абмарожванне вадкім кіслародам не пашкоджвае тканак так глыбока, як апёк, і, значыць, загойвацца рана павінна параўнальна хутка. Нягледзячы на такое запэўніванне дактароў, адолеўшы ўсе магчымыя абарончыя перашкоды — прыём тэразіну, ін’екцыі картызону, радыеактыўнае апрамяненне, — орды п’явак, кідаючы ў бой усё новыя і новыя сілы, пашыралі і без таго шырокі акупаваны раён на маім твары.
Аднойчы, напрыклад... Гэта здарылася ў абед, у той дзень, калі я вярнуўся да сябе пасля нарады, на якой узгаднялася праца нашай і іншых лабараторый... Маладая лабарантка, якая толькі ў гэтым годзе скончыла інстытут, падышла да мяне, гартаючы кнігу, усім выглядам паказваючы, што хоча мне нешта сказаць. «Паглядзіце, сэнсэй[1], якая пацешная карцінка». У кніжцы, якую яна мне падала са смехам, пад яе тоненькім пальчыкам быў малюнак Клее, названы «Фальшывы твар». Твар быў расчэрчаны паралельнымі гарызантальнымі лініямі, і, калі глядзець на яго з пэўнага пункта, здавалася, што ўвесь ён абверчаны бінтам. Аставаліся толькі вузкія шчылінкі вачам і роту — усё гэта бязлітасна падкрэслівала, што твар не мае ніякага выразу. Я нечакана адчуў, што мяне моцна ўкалолі. Дзяўчына, ведама, не хацела мяне абразіць. Гэта я сам свядома сваімі размовамі справакаваў паяўленне ў яе такіх думак. Нічога, супакойся!.. Калі раздражняцца з-за такога глупства, дык усе намаганні будуць лопацца, як бурбалкі на вадзе... Гэтак я ўгаворваў сябе, але ўсё гэта зрабілася невыноснае — малюнак пачаў нават здавацца мне маім тварам, які адбіваўся ў вачах у дзяўчыны... «Фальшывы твар», які не мае і ніякага выразу, бачыцца другім... Мяне мучыла думка, што дзяўчыне я здаюся іменна такім.
Нечакана я выхапіў кніжку і разарваў яе папалам. Разам з ёю разарвалася і маё сэрца. З разрыву, быццам з баўтуна, вылілася маё нутро. Спустошаны, я сабраў разарваныя старонкі і, просячы прабачэння, аддаў іх дзяўчыне. Але было ўжо позна. Пачуўся гук, які ў звычайных умовах, нават добра ўслухоўваючыся, нельга пачуць, нібыта ў тэрмастаце зашаргацела, выгнуўшыся, цынкавая пласцінка. Гэта, напэўна, дзяўчына шчытна сціснула пад спадніцаю калені, быццам намагаючыся зліць іх у адно.
Я яшчэ, відаць, не ўсвядоміў усяго, што хавалася за маёю тадышняю нудою. Літаральна фізічна адчуваючы пакуты сораму, я ўсё ж не мог дакладна вызначыць, чаго ж, папраўдзе, я гэтак саромеюся. He, калі б захацеў, дык, напэўна, змог бы, але я інстынктыўна пазбягаў зазіраць у бездань і ратаваўся ў цяні заезджанай, банальнай фразы: сталаму чалавеку рабіць гэтак брыдка. Я перакананы, што ў жыцці чалавека твар не павінен займаць такога вялікага месца. Вартасць чалавека, урэшце, трэба вымяраць зместам таго, што ён зрабіў, і, хоць гэта звязана з заслугамі галаўнога мозгу, твар тут ні пры чым. I калі праз тое, што чалавек страціў твар, яго ўдзельная вага меншае, прычынаю можа быць толькі адно — бедны змест гэтага чалавека.
Аднак неўзабаве... Ага, праз некалькі дзён пасля таго выпадку з малюнкам... Хочаш не хочаш я стаў усё лепей разумець, што ўдзельная вага твару намнога перасягае мае аптымістычныя разлікі. Гэтая перасцярога прыйшла ціха, аднекуль з сярэдзіны. Уся мая ўвага была аддадзена падрыхтоўцы да абароны ад нападу звонку, таму я быў заспеты знянацку і імгненна павалены. Дый атака была такая рэзкая і нечаканая, што, павалены, я не адразу зразумеў гэта.
Калі я вярнуўся вечарам дахаты, мне неадольна захацелася паслухаць Баха. I не тое каб я не мог жыць без Баха, — проста мне здавалася, што майму няроўнаму, вызубленаму, ці што, настрою, з вельмі малою амплітудаю вагання, найболей падыходзіць іменна Бах, а не джазавая музыка і не Моцарт. Я зусім не дбайны знаток музыкі, — хутчэй, дбайны яе спажывец. Калі работа ў мяне не клеіцца, я выбіраю музыку, найболей адпаведную нерабочаму настрою. Калі мне трэба на нейкі час прыпыніць роздум — шалёны джаз; калі я хачу наструніць усяго сябе — разважлівы Бартак; калі імкнуся зведаць пачуццё ўнутранае свабоды — струнны квартэт Бетховена; калі мне трэба на нечым засяродзіцца — Моцарт, які рухаецца па спіралі; ну і Бах — найперш, калі патрэбна душэўная раўнавага.