Мне без цяжкасці ўдалося знайсці патрэбны часопіс. Паводле літаратуры, можна зрабіць часткі цела, якія вонкава амаль не адрозніваюцца ад сапраўдных. Праўда, усё гэта стасавалася толькі да ўзнаўлення формы, што ж да рухомасці, дык тут аставалася яшчэ многа нявырашанага. Было б добра, каб маска, калі ўдасца яе зрабіць, валодала мімікаю. Мне б хацелася, каб маска магла свабодна расцягвацца і скарачацца ў плачы і смеху, адпаведна руху мускулаў твару, якія кіруюць мімікаю. I хоць цяперашні ўзровень высокамалекулярнае хіміі дае магчымасць дасягнуць гэтага, нашы веды ў галіне тэхналогіі крыху адстаюць. Але сама надзея на падобную магчымасць была мне ў той час выдатным сродкам, які збівае жару. Калі нельга лячыць зубы, не астаецца нічога другога, як піць лякарства, якое сцішае боль.
Найперш я вырашыў сустрэцца з К., аўтарам артыкула пра штучныя органы, і пагаварыць з ім. К. сам падышоў да тэлефона, ён быў непрыветлівы і гаварыў са мною без ніякае цікавасці. Можа, ён настроіўся супраць мяне — чалавека, які таксама зацікаўлены высокамалекулярнымі злучэннямі. Але ўсё ж абяцаў ахвяраваць мне гадзіну часу пасля чатырох.
Даручыўшы адказнаму за звышурочную работу прасачыць, каб усе апараты былі выключаны, і прагледзеўшы некалькі дакументаў, я хутка пайшоў. Вуліца зіхацела, быццам адпаліраваная, вецер разносіў пах аліваў. Гэта зіхатлівая вуліца, гэты пах выклікалі ў мяне вострае пачуццё зайздрасці. Пакуль я чакаў таксі, мне здалося, што з усіх бакоў на мяне вылупліваюць вочы, як на гвалтоўнага прышэльца. Але я трываў гэтае вельмі яркае сонечнае святло — усё гэта было толькі негатывам, у якім чорнае — белае, а белае — чорнае, і калі толькі ўдасца атрымаць маску, я адразу змагу ўзнавіць пазітыў.
Патрэбны мне дом стаяў на вуліцы, цесна забудаванай жылымі дамамі, недалёка ад станцыі кальцавое дарогі. Гэта быў звычайны, нічым не адметны дом, на якім вісела непрыкметная шыльдачка «Навукова-даследчы інстытут высокамалекулярнай хіміі К.». У двары каля варотаў абы-як стаялі тры клеткі з трусамі.
У цеснай прыёмнай стаялі толькі старая лава і попельніца на ножках, ляжала некалькі старых часопісаў. Я чамусьці пашкадаваў, што прыйшоў сюды. Інстытут — гучала важна, але наўрад ці было гэта тое месца, дзе трэба выбіраць доктара. Можа, К. звычайны шарлатан, які карыстаўся даверам сваіх пацыентаў. Павярнуўшы галаву, я ўбачыў на сцяне дзве фатаграфіі ў зашмальцаваных рамках. На адной — профіль жанчыны без падбародка, які нагадваў мызачку палявой мышы. На другой — той самы твар з усмешкаю, крышку прывабны, відаць, пасля пластычнае аперацыі.
Выявілася доўгая бяссонніца — нешта цяжкае сціснула пераносіцу, сядзець на цвёрдай лаве стала невыносна. Нарэшце ўвайшла сястра і завяла мяне ў суседні пакой. У ім, як малако, разлівалася святло, якое цадзілася праз жалюзі. На стале каля акна не відаць было шпрыцоў, затое наганяў страх цэлы рад нейкіх незнаёмых інструментаў. Каля стала стаялі шафа з гісторыямі хвароб і крэсла з падлакотнікамі, якое паварочвалася, напроці яго — такое самае крэсла пацыентаў. Воддаль — невысокая шырма ў металічнай раме і побач кабінка на колцах, дзе пераадзяюцца. Звычайнае абсталяванне доктаравага кабінета. Ад яго мне зрабілася маркотна.
Я закурыў. Падняўшыся, каб знайсці попельніцу, я аслупянеў ад нечаканасці, убачыўшы, што было ў эмаліраванай місцы. Вуха, тры пальцы, запясце, шчака ад павека да губы... Яны абы-як ляжалі ў місцы, яшчэ дыхаючы жыццём, нібыта толькі што адрэзаныя. Мне стала нядобра. Яны здаваліся болей сапраўднымі, чым сапраўдныя. Шчыра кажучы, нават у галаву не прыходзіла, што вельмі дакладная копія гэтак можа гнясці. Хоць даволі было паглядзець на зрэзы, каб пераканацца, што гэта толькі пластыкавыя муляжы, мне ўсё роўна здавалася, што я чую пах тлену.