— Магу... але, бачыце... — і, думаючы пра тое, як бы лепей растлумачыць яму, што я не пацыент, як ён думаў: — Па праўдзе кажучы, я не прыняў яшчэ канчатковага рашэння, і гэта мяне вельмі гняце... А пакуль я не вырашыў, наўрад ці варта рабіць што-небудзь з ранамі на твары.
— Варта, безумоўна, — К., нібыта падбадзёрваючы мяне, стаў яшчэ болей настойлівы. — Раны на целе, асабліва раны на твары, нельга разглядаць толькі як праблему касметычную. Трэба прызнаць, што гэта праблема сутыкаецца з галіною прафілактыкі душэўных хвароб. А іначай хіба па добрай волі хто-небудзь аддаваў бы свае сілы такой дурноце. Я ж паважаю сябе як доктар. I ніколі не задаволіўся б роляю рамесніка, што вырабляе драбязу.
— Ведама, разумею.
— Дык як? — Ён іранічна скрывіў губы. — He хто іншы, як вы называлі мае работы рамесніцкаю драбязою.
— He, я гаварыў не ў такім сэнсе.
— Нічога, — і павучальна, з выглядам выключна дасведчанага педагога, прадаўжаў: — Вы не адзіны, хто ў апошнюю хвіліну пачынае вагацца. Унутраны пратэст супраць вырабу твару — звычайная справа. Напэўна, пачынаючы з позняга сярэднявечча... дый цяпер яшчэ людзі на нізкай ступені развіцця спакойна ствараюць свае твары... Каранёў падобнага погляду я, на жаль, не ведаю, бо я не спецыяліст... Але статыстычна ён выяўляецца даволі дакладна... Калі ўзяць, напрыклад, вонкавыя раненні, дык калецтваў твару прыкладна ў паўтара раза болей, чым калецтваў канечнасцяў. А між тым восемдзесят працэнтаў з усіх, хто атрымаў вонкавыя раненні, звяртаюцца да медыцынскае дапамогі з прычыны страты канечнасцяў, пераважна пальцаў. Зразумела, што ў адносінах твару існуе пэўнае табу. Прыкладна тое самае заўважаюць і мае калегі. I самае страшнае — да мае працы ставяцца як да працы высокакваліфікаванага касметолага, апанаванага прагаю нажывы...
— Але ж няма ніякага дзіва ў тым, што зместу аддаюць перавагу перад формаю...
— Што ж гэта, аддаецца перавага зместу, які не мае ёмішча? Не веру. Я цвёрда перакананы, што чалавечая душа знаходзіцца ў скуры.
— Магчыма, выказваючыся фігуральна...
— Чаму фігуральна?.. — I спакойным, але рашучым тонам гаварыў: — Літаральна. Чалавечая душа — у скуры. Я перакананы ў гэтым. Пераканаўся з свайго вопыту, набытага ў вайну, калі служыў у арміі ваенным доктарам. На вайне адрывала рукі і ногі, калечыла твары — там гэта адбывалася штодзень. Але які, вы думаеце, клопат у раненых быў найперш? Не жыццё, не аднаўленне функцый арганізма, не. Перш-наперш іх хвалявала, ці зберажэцца іх аблічча. Спачатку я таксама смяяўся з іх. Усё, пра што я гавару, адбывалася на вайне, дзе нічога не мела цаны, апрача колькасці зорачак у пятліцах і здароўя. Ды аднойчы адбыўся такі выпадак: адзін салдат, у якога быў моцна пакалечаны твар, хоць больш вялікіх раненняў не меў, перад самаю выпіскаю са шпіталя нечакана налажыў рукі на сябе. Да гэтага ён быў у стане шоку... I вось з таго часу я стаў уважліва вывучаць аблічча раненых салдатаў... I нарэшце прыйшоў да зусім пэўнага вываду. Да таго сумнага вываду, што сур’ёзнае вонкавае калецтва, асабліва калецтва твару, як пераводны малюнак, адбіваецца душэўнаю траўмаю...
— Напраўду, такія выпадкі, відаць, бываюць... Але, грунтуючыся на тым, што падобных прыкладаў можа быць колькі хочаш, нельга, мне думаецца, разглядаць гэтую з’яву як агульны закон, пакуль не будзе яму дакладнага навуковага абгрунтавання. — У душы маёй раптам паднялося неадольнае раздражненне. Не прыйшоў жа я сюды весці гаворку пра тое, што мяне чакае. — Між іншым я яшчэ добра не разабраўся ва ўсім гэтым... Даруйце, нагаварыў, напэўна, усялякага глупства. Зусім без патрэбы адабраў у вас так многа дарагога часу, вінаваты...
— Пачакайце, пачакайце. — I ўпэўнена, са смехам, кажа: — Можа, вы ўспрымеце гэта як прымус, але я хачу сказаць вам, і я цвёрда веру, што не памыляюся... Калі вы ўсё пакінеце так, як яно ёсць, усё жыццё вам давядзецца пражыць у бінце. Вы і цяпер у ім. Гэта якраз і даказвае: вы самі лічыце — няхай лепей бінт, чым тое, што пад ім. Цяпер у памяці вашых знаёмых той ваш твар, які ён быў да калецтва. Але ж час не чакае. Дый памяць паволі згасае. Апрача таго, паяўляюцца ўсё новыя і новыя людзі, якія не ведалі вашага твару. I ўрэшце вас аб’явяць неплацежаздольным даўжніком за тое, што вы не плаціце па вэксалі бінту... I хоць вы будзеце жывы, таварыства пахавае вас.