Выбрать главу

А пакуль чорная цемра, як туш у шклянцы вады, усё шырэй расплывалася ў маім сэрцы. Твар — сцяжынка паміж людзьмі, гэтак лічыць К. Як мне цяпер бачыцца, калі К. і зрабіў на мяне нядобрае ўражанне, дык не з-за самазадаволенасці ці навязвання свайго лячэння, а з-за гэтай ідэі. Згадзіцца з ім — значыла прызнаць, што, страціўшы твар, я навечна замураваны ў адзіночнай камеры, і, выходзіць, маска набывае ўжо вельмі глыбокі сэнс. Мой план ператвараўся ў спробу ўцячы з турмы, у спробу, дзе на карту было пастаўлена жыццё чалавека. Значыць, цяперашняе становішча робіцца безнадзейным і якраз падыходзіць пад гэты план. Сапраўды пагрозлівыя абставіны — гэта абставіны, якія ўспрымаюцца як пагрозлівыя. Вельмі цяжка было згадзіцца з такою думкаю.

Я сам прызнаю, што не каму-небудзь другому, a мне патрэбна сцяжынка, якая звязвала б мяне з людзьмі. I якраз па гэтай прычыне прадаўжаю пісаць табе гэтыя радкі. Але хіба твар — адзіная сцежка? Не верыцца. Мая дысертацыя, прысвечаная рэалогіі, была прызнаная, яе цытавалі людзі, якія ні разу не бачылі майго твару. Безумоўна, наладжваць сувязь з людзьмі можна не толькі з дапамогаю навуковых прац. Ад цябе, напрыклад, я хачу зусім другога. Тое, што мы называем душою, сэрцам, не мае акрэсленых межаў, але з’яўляецца куды большым сімвалам чалавечых адносін. Гэтыя адносіны болей складаныя, чым адносіны паміж жывёламі, якім, каб пазначыць сябе, даволі паху, і таму найболей прымальны і пашыраны шлях іх усталявання — выраз твару. Мусіць, гэтаксама, як грашовая сістэма абмену з’яўляецца крокам наперад у параўнанні з натуральнаю. Але, у канчатковым выніку, і грошы не болей чым сродак, і наўрад ці можна сцвярджаць, што яны ўсемагутныя пры любых абставінах. У адных выпадках маленькая паштовая марка і тэлеграфны перавод, у другіх — каштоўныя камяні і высакародныя металы намнога зручнейшыя за грошы.

Але ці не ёсць гэта прадузятае меркаванне, вытлумачальнае звычкаю лічыць, што душа і сэрца нешта ідэнтычнае, і сувязь з імі можа быць наладжана толькі з дапамогаю твару? Зусім жа не рэдкія выпадкі, калі дарога да цеснага адзінства сэрцаў — не бясконцае сузіранне, а чатырохрадкоўе, кніга, грампласцінка. Калі лічыць, што твар выключна патрэбен, тады найперш сляпыя пазбаўлены магчымасці характарызаваць чалавека. Хіба не гэтак? Мяне трывожыць, хутчэй, другое — ці не прывядзе схільнасць занадта лёгка апірацца на звыклае ўяўленне пра твар да адваротных вынікаў: да звужэння, фармалізацыі сувязяў паміж людзьмі? Выдатным прыкладам можа служыць вядомая ўсім вар’яцкая прадузятасць супраць колеру скуры. Даручаць недасканаламу твару, функцыі якога абмежаваны тым, каб служыць адрозненнем паміж чорным, белым і жоўтым, даручаць яму вялікую місію быць сцежкаю да душы — гэта і азначае пагарджаць душою.

ПАСТСКРЫПТУМ. Прачытаў напісанае і ўбачыў, што, адмаўляючы ўсякую залежнасць ад твару, я ўжыў даволі няхітрую падтасоўку. Ну, напрыклад, той неабвержны факт, што ўпершыню я заўважыў цябе дзякуючы твайму твару. I цяпер таксама, калі я думаю пра тую адлегласць, якая нас раздзяляе, меркаю служыць не што іншае, як надта вялікая аддаленасць выразу твайго твару. Напраўду, відаць, з самага пачатку мне трэба было паспрабаваць памяняцца з табою месцамі і проста ўявіць, што б здарылася, калі б твар страціла ты. Недаацэнка твару, гэтаксама як і пераацэнка яго, заўсёды нясе ў сабе элемент штучнасці. Узяць хоць бы тую гісторыю з накладнымі валасамі ў мае сястры. Я згадаў яе, напэўна, дзеля таго, каб растлумачыць сваё жаданне не надаваць вельмі вялікага значэння твару. Але, калі ўдумацца, яна наўрад ці падыходзіць да гэтага выпадку. Можа, гэта была проста цікавасць і адначасна агіда да ўсяго штучнага, што часта назіраецца ў падлеткаў, і гісторыя гэта, найхутчэй, гаворыць пра тое, што я надаваў твару вельмі вялікае значэнне. А можа, я проста раўнаваў сястру, якая збіралася адкрыць сваё сэрца перад некім чужым.

I яшчэ адно. Неяк мне давялося ў газеце ці ў часопісе прачытаць артыкул, дзе, як ні дзіўна, даказвалася, што карэйцы з прымессю японскай крыві робяць пластычныя аперацыі, каб быць болей падобнымі на карэйцаў. Гэта ўжо яўнае імкненне да рэабілітацыі твару, а пра іх жа пры ўсім жаданні не скажаш, што яны забабонныя. Увогуле, я так і не здолеў разабрацца ў самых простых рэчах. I калі надарыцца выпадак, мне абавязкова хацелася б папытацца ў карэйца, што параіў бы ён мне, чалавеку без твару.