Выбрать главу

Неўзабаве я... я стаміўся ад размовы з самім сабою пра твар, ад размовы, якая ні на крок не наблізіла мяне да вырашэння праблемы. У той жа час не было і асаблівай прычыны адмаўляцца ад свайго плана... I я ўвесь заглыбіўся ў вывучэнне тэхнічнага боку праблемы.

З тэхнічнага пункту погляду штучны палец таксама меў вялікую цікавасць. Чым болей прыглядаўся я да яго, тым болей дзівіўся з майстэрства, з якім ён быў зроблены. Ён гаварыў пра вельмі многае, як звычайны жывы палец. Мяркуючы па тым, як нацягнута скура, ён мог бы, напэўна, належаць трыццацігадоваму. Просты пазногаць... упадзіны з бакоў... глыбокія маршчыны на суставах... Чатыры маленькія парэзы ў рад, быццам жабравыя шчыліны ў акулы... Чалавек, бясспрэчна, лёгкай фізічнай працы.

У чым жа тады яго выродлівасць?.. Выродлівасць! Нейкая асаблівая выродлівасць — ён ні жывы ні мёртвы! Не, відаць, не таму, што ён нечым адыходзіць ад сапраўднага. А можа, узнаўленне занадта дакладнае (значыць, мая маска таксама)?.. Значыць, іменна залішняя адданасць форме прыводзіць да процілеглага выніку — да адыходу ад рэальнага. Можна надаваць вялікае значэнне твару, але толькі пасля таго, як убачыш яго выродлівасць!

Напраўду, сцверджанне, што занадта дакладная копія недакладная, зусім справядлівае. Але хіба можна ўзнавіць у сваёй памяці палец, які не мае формы? Гадзюка, якая не мае даўжыні, кацялок без аб’ёму, трохвугольнік без вуглоў... Не, такога не сустрэнеш, пакуль не паляціш да далёкіх зорак, дзе падобнае існуе. Інакш твар без выразу не быў бы нечым незвычайным. I тое, што мы некалі назвалі тварам, ужо не было б тварам. У гэтым сэнсе і маска мае права на жыццё.

Тады, можа, праблема ў рухомасці? Нерухомую «форму» дзіўна называць формаю. Вось хоць бы гэты палец — ён глядзеўся б намнога лепей, калі б быў рухомы. Каб пацвердзіць гэта, я ўзяў палец і пакратаў ім. I праўда, стаў ён болей натуральны, чым калі стаяў на стале. Пра гэта, значыць, непакоіцца няма чаго. Такім чынам, з самага пачатку я цвёрда вырашыў, што маска абавязкова павінна быць рухомая.

Але аставалася яшчэ нешта такое, што не задаволіла. Палец быў нечым агідны. Я стаў параўноўваць яго са сваім пальцам, надта ўважліва, пільна ўглядаючыся. Праўда, розніца ёсць... Калі гэта не з-за зрэзу і пытанне не ў рухомасці, дык... Можа, адчуванне скуры? Нешта ўласцівае толькі жывой скуры, што не можа быць імітавана толькі колерам і формаю?..

ПАМЕТКІ НА ПАЛЯХ I. Пра адчуванне эпідэрмы.

Эпідэрма чалавека, як я ўяўляю, ахоўваецца празрыстым слоем, які не мае пігменту. Значыць, адчуванне скуры, — гэта, магчыма, несапраўдны эфект, які выклікаецца промнямі, адбітымі паверхняю эпідэрмы, і промнямі, што часткова праніклі ўсярэдзіну і другі раз адбіліся слоем скуры, які мае пігмент. У выпадку з гэтаю мадэллю пальца падобны эфект не назіраецца, бо слой, які імітуе пігментную афарбоўку, выходзіць непасрэдна наверх. Пра аптычныя ўласцівасці эпідэрмы і празрысты слой яе трэба будзе распытацца ў спецыялістаў.

ПАМЕТКІ НА ПАЛЯХ II. Праблемы, якія трэба вывучыць перш-наперш.

— Праблема зносу.

— Праблема пругкасці і эластычнасці.

— Сродкі замацавання.

— Спосаб злучэння краёў маскі з тварам.

— Праблема вентыляцыі.

— Выбар прататыпа і стварэнне мадэлі.

Мне здаецца, чым болей сумленна і грунтоўна я вяду свае запіскі, тым большую нуду наганяю на цябе, і ты, відаць, ужо перастала сачыць за расказам. Але я ўсё ж хачу, каб ты, адхінуўшыся ад майго ўнутранага стану, адчула хоць бы тую атмасферу, у якой нарадзілася маска, якую стварыў я зусім адзін.

Найперш, калі гаварыць пра празрысты слой эпідэрмы, дык гэта так званы керацін — разнавіднасць пласціністага альбуміну, у якім ёсць невялікая колькасць флюарэсцыйных элементаў. Цяпер пра спосаб злучэння. Калі дамагчыся, каб таўшчыня краёў маскі была, па магчымасці, меншая за глыбіню найдрабнейшых маршчынак, і потым накласці на месца злучэння штучную бараду, дык выйсці са становішча безумоўна ўдасца. Далей праблема эластычнасці, якая, думалася мне, найменей складаная, — яе таксама можна было вырашыць, калі разглядаць механізм мімікі біялагічна.