Асноваю выразу твару з’яўляецца, безумоўна, мімічная мускулатура. Яна зафіксавана ў пэўным кірунку, у якім расцягваецца і скарачаецца. Апрача гэтага, ёсць яшчэ скурная тканка, якая таксама мае пэўны кірунак валокнаў, і клетачнае валакно абаіх перакрыжоўваецца амаль перпендыкулярна. З медыцынскае кнігі, якую ўзяў у бібліятэцы, я дазнаўся, што падобнае размяшчэнне скурных валокнаў называецца «Лангеравымі лініямі». Дзякуючы спалучэнню двух гэтых кірункаў утвараюцца характэрныя маршчыны, характэрныя абрысы. Значыць, калі хочаш надаць масцы жывую рухомасць, трэба пучкі валокнаў злучыць адпаведна з «Лангеравымі лініямі». На шчасце, некаторыя віды пластмас, калі іх выцягваць у пэўным кірунку, выяўляюць вялікую эластычнасць. Калі не пашкадаваць часу і працы, і гэтую праблему можна лічыць вычарпанаю.
Я адразу ж вырашыў выкарыстаць сваю лабараторыю і пачаць доследы на расцяжнасць эпітэліяльных клетак. I ў гэтым выпадку мае калегі былі вельмі далікатныя. Амаль нікога не прыцягваючы, я мог шырока карыстацца патрэбным абсталяваннем.
Толькі ў «выбары прататыпа і ў стварэнні мадэлі» мне не хацелася абмяжоўвацца аднымі тэхнічнымі сродкамі. Бо, каб узнавіць найдрабнейшыя дэталі скуры, я павінен быў хочаш не хочаш узяць чый-небудзь чужы твар. Толькі такі мог быць у мяне прататып, гэта значыць першапачатковы выгляд. Узяць у другога не значыла, ведама, проста начапіць на сябе чужы твар, бо гаворка ішла толькі пра паверхню скуры на глыбіню сальных і потавых залоз і пра яе змены адпаведна будове майго твару. З самага пачатку не павінна быць ніякай апаскі, што я збіраюся парушыць аўтарскае права чужога твару.
Аднак у такім выпадку ўзнікае вельмі сур’ёзнае пытанне: ці не стане тады маска маім колішнім тварам у зусім нязмененым выглядзе? Любы спрактыкаваны рамеснік вылепіць на чэрапе твар і ўзновіць аблічча — яно будзе такое, як пры жыцці. I калі гэта адпавядае сапраўднасці, значыць, аблічча вызначаецца касцяком, які знаходзіцца пад скураю, і, значыць, трэба або выразаць косці, або ігнараваць анатамічныя асновы выразу твару (але тады нельга называць гэта выразам твару), — іншых спосабаў збавіцца ад твару, з якім нарадзіўся, няма.
Ад гэтых думак я разгубіўся. Выходзіла, што, з якім бы майстэрствам ні была зроблена маска, я надзену маску — дакладную копію свайго твару, — і ні пра якую маску ў поўным сэнсе гэтага слова не магло быць і гаворкі.
На шчасце, я ўспомніў пра свайго школьнага таварыша, які стаў спецыялістам у галіне палеанталогіі. У работу палеантолага ўваходзіць, напэўна, аднаўленне першапачатковага аблічча па акамянеласцях, знойдзеных пры раскопках. Я пагартаў адрасную кнігу і дазнаўся, што ён і цяпер працуе ва універсітэце. Хацеў абмежавацца тэлефоннаю размоваю, але, можа, таму, што пасля заканчэння школы прайшло так многа часу, ці таму, што тыя, хто займаецца палеанталогіяй, пранікаюцца любоўю да чалавека, ён, як нешта само па сабе зразумелае, прапанаваў дзе-небудзь сустрэцца і не захацеў гаварыць далей па тэлефоне.
Урэшце я згадзіўся. Не адмовіўся я з пратэсту супраць пачуцця сораму, якое зазнаваў да свайго забінтаванага твару. Але адразу ж мяне апякло жорсткае раскаянне. Ну што за паганая ганарлівасць! Адзін толькі бінт мой распаліць яго цікавасць, а тут яшчэ гэты забінтаваны чалавек пачынае дэталёва распытвацца пра анатомію твару, пра тэхніку аднаўлення першапачатковага аблічча, а гэта не з’яўляецца яго спецыяльнасцю. Ён, напэўна, падумае, ці не жулік перад ім, які, надзеўшы маску, хоча спакойна разгульваць па горадзе сярод белага дня. Калі ў яго напраўду ўзнікнуць такія падазрэнні, дык найлепей адразу адмовіцца ад сустрэчы. Дый я ненавідзеў вуліцу. У любым спагадлівым ці абыякавым паглядзе, — калі б гэта не мела дачынення да мяне, я б і не адчуў, — былі схаваны ржавыя, атручаныя іголкі. Вуліца гняце мяне. Аднак момант, калі я мог узяць свае словы назад, быў прапушчаны. Згараючы ад сораму, я паплёўся ў прызначанае месца. Нічога другога мне не аставалася.
Кавярня, дзе мы дамовіліся сустрэцца, стаяла на рагу добра знаёмай мне універсітэцкай вуліцы, таму я беспамылкова спыніў таксі каля самых яе дзвярэй і такім чынам змог дабрацца туды, не прыцягваючы нічые ўвагі. Затое таварыш мой так збянтэжыўся, што мне цяпер захацелася яму паспачуваць. I, можа, таму, што я ўбачыў гэта, да мяне вярнулася злосная абыякавасць. Не, абыякавасць не тое слова. Мне хочацца, каб ты ўявіла — гэта зусім не цяжка, — які я быў няшчасны, нібыта бадзяжны сабака, як я адчуваў, што само маё існаванне выклікае агіду ў прысутных. Адчайная адзінота, якая бачыцца ў вачах старога сабакі, які здыхае. Няўцешнасць, што чуецца ў звоне, які нясецца па рэйках, калі глыбокаю ноччу рамантуюць пуці. Я ўвесь быў скаваны, разумеючы, што, які б выраз ні спрабаваў я даць свайму твару, схаванаму пад бінтам і цёмнымі акулярамі, мой субяседнік яго не ўбачыць.