— I сваю жонку ад жонкі блізкага свайго... — Быццам хапаючыся за выратавальны круг, ён закурыў і ціха засмяяўся. — Гэта было б здорава. Здорава, але ўзнікаюць сякія-такія пытанні. Вось, дарэчы, стане жыццё ад гэтага зручнейшае ці, наадварот, будзе нязручнае?..
Я засмяяўся разам з ім і вырашыў, што на гэтым размову трэба канчаць. Але мяне раптам зацягнула ў вір, у цэнтры якога быў твар, тут ужо і тармазы не памагалі. Пакуль цэнтрабежная сіла не вырвала з маіх рук вяроўку, я, добра разумеючы небяспеку, прадаўжаў круціцца. I нічога не мог зрабіць.
— Hi гэта, ні тое. На такое пытанне адназначнага адказу быць не можа нават чыста лагічна. Калі супярэчнасці адпадуць, нельга будзе і параўноўваць.
— Але знікненне супярэчнасцей азначае дэградацыю.
— А што, табе яны вельмі патрэбныя? Хіба можна сцвярджаць, што, напрыклад, адрозненні ў колеры скуры прынеслі гісторыі якую-небудзь карысць? Я абсалютна не надаю значэння супярэчнасцям такога характару.
— Уга, ты, я бачу, пачаў абмяркоўваць нацыянальнае пытанне. Але тлумачыш яго задужа шырока.
— Калі б гэта можна было, я пашырыў бы яго яшчэ болей, перанёс бы на кожны твар, які ёсць на гэтым свеце... Толькі з такою вось мызаю чым болей гаворыш, тым болей гэта падобна на аднастайную песню злачынца, які даказвае сваю невінаватасць.
— Калі ты дазволіш закрануць толькі нацыянальнае пытанне... Можа, гэта дарэмна — усю адказнасць ускладаць на твар...
— А я хачу вось што папытацца. Чаму, калі мы пачынаем фантазіраваць пра жыхароў другіх светаў, дык найперш спрабуем уявіць іх вонкавы выгляд?
— Гэтая размова завядзе нас далёка... — I, задушваючы ў попельніцы цыгарэту, якою зацягнуўся ўсяго разоў тры, гаварыў далей: — Каб яе кончыць, растлумачым гэта хоць бы цікаўнасцю.
Я да болю востра адчуў нечакана пераменены тон свайго субяседніка, і мой фальшывы твар сарваўся са свайго месца і пакаціўся недзе, як коціцца талерка, якую ўпусціў жанглёр.
— Пачакай, паглядзі на тую карціну. — Я зноў нічому не навучыўся. I, паказваючы пальцам на даволі прыемную рэпрадукцыю партрэта эпохі Адраджэння, папытаўся: — Што ты пра яе скажаш?
— Ты, бачу, гатовы ўкусіць мяне, калі я адкажу неабдумана. Увогуле, даволі дурны твар. Мабыць, праўда. А німб над галавою? У гэтым жа таксама ёсць пэўная ідэя. Ідэя хлусні і ашуканства. Дзякуючы гэтай ідэі твар завяз у мане...
На твары ў майго субяседніка паявілася ўсмешка. Тонкая, у якой выказана разуменне ўсяго, і цяпер без ценю хвалявання.
— Які ж я нікчэмны чалавек! Якія б узнёслыя ні былі твае словы, я не зразумею, пакуль ва ўсім не разбяруся сам. Можа, мы не знаходзім агульнае мовы? Я займаюся выкапнямі, але калі гаворка ідзе пра мастацтва — тут я мадэрніст.
Скардзіцца няма сэнсу. Лепей хутчэй прывыкнуць да таго, што я пачуў ад таварыша. Чакаць болей важкіх вынікаў азначала толькі спакушаць сябе. Апрача ўсяго, я ж атрымаў патрэбную інфармацыю, а пераадолець прыніжэнне, — папраўдзе, гэта таксама была мая мэта — уваходзіла ў задуманы план.
Але да глыбіні душы зненавідзеў я палеанталогію, толькі калі зразумеў: тое, што я лічу здабычаю і прывалок дахаты, — на самай справе неядомая прынада. He, не тое што неядомая — проста ніхто не ведаў, як яе гатаваць: расцвялілі, а есці нельга.
Прызнанне мноства адрозненняў пры аднаўленні аблічча па адным шкілеце было яшчэ адным крокам на шляху да магчымасці стварэння маскі. Значыць, незалежна ад асновы можна выбраць любы твар, які зажадаецца? Выбіраць на свой густ вельмі прыемна, але ж выбіраць усё роўна трэба. Трэба прасеяць на сіта незлічоныя магчымасці і вырашыць, які, той адзіны, будзе твой твар. Якую ўзяць меру, важачы на вазе твары?
Я не збіраўся надаваць твару адмысловага, выключнага значэння, і таму па мне які ні твар — усё роўна... Але калі твар робяць спецыяльна, ніхто не захоча, каб ён быў ацёчны, як у сардэчніка. I, безумоўна, не патрэбен у якасці мадэлі кінаакцёр.
Ідэальны твар — неразумна нават жадаць такога. Ды такога, папраўдзе, і няма. Але, раз я павінен быў зрабіць выбар, патрэбен быў нейкі эталон. Калі б меў я нават самы непрыдатны эталон, які, можа, паставіў бы мяне ў цяжкае становішча, усё роўна гэта было б ужо нешта... Ні суб’ектыўна, ні аб’ектыўна ўявіць падобны эталон немагчыма. Але ўрэшце, прыкладна праз паўгода блуканняў, я знайшоў рашэнне.
ПАМЕТКІ НА ПАЛЯХ. Было б няправільна зводзіць усё да таго, што няма дакладнага эталона. Па шчырасці, варта было прыняць пад увагу маё ўнутранае імкненне адмовіцца ад усякага эталона ўвогуле. Выбраць эталон непазбежна азначае стаць падобным на некага. Але чалавек мае адначасна і процілеглае жаданне — не быць падобным на некага. Дзве гэтыя праблемы павінны быць у такіх адносінах: