дзе A — паказчык чужой волі, В — паказчык супраціўлення чужой волі, п — узрост, f — ступень прыстасавальнасці. (Яе зніжэнне, напрыклад, азначае, што чалавек самасцвярджаецца і адначасна расце яго схільнасць да кансерватызму. Яна, звычайна, адваротна прапарцыянальная ўзросту, але заўважаюцца вялікія індывідуальныя адхіленні, крывая якіх будуецца залежна ад полу, характару, прафесіі і г. д.)
Толькі з-за ўзросту ступень мае прыстасавальнасці знізілася, і я ўжо перажываў моцнае супраціўленне самой ідэі перамены твару. Трэба сказаць, што ў гэтым выпадку добра падыходзіла меркаванне таго самага палеантолага, які лічыў, што дужа намаляваныя жанчыны — істэрычкі, бо істэрыя, паводле псіхааналізу, — адзнака чалавека, які пачынае дзяцінець.
Увесь гэты час я, ведама, не сядзеў склаўшы рукі... Эксперыменты з матэрыялам на гладкі эпітэлій. Варта было акунуцца ў іх, і яны сталі добрым матывам, каб аддаліць маю вочную стаўку з праблемаю. Увогуле, назбірваліся горы тэхнічнае работы.
Гладкі эпітэлій вымагаў куды болей часу, чым я думаў. Ён і ў колькасных адносінах займае немалое месца ў скуры і, апрача таго, вызначае поспех ці няўдачу ў дасягненні адчування рухомай скуры. Пакарыстаўшыся далікатнасцю калег па лабараторыі, я, не гледзячы ні на што, стаў выкарыстоўваць абсталяванне і матэрыялы, і ўсё ж эксперыменты забралі добрыя тры месяцы. У той час, ва ўсякім выпадку, мяне не асабліва хвалявала крыху камічная супярэчнасць: я ажыццяўляў план стварэння маскі, не вырашыўшы, які будзе твар. Але нельга бясконца хавацца ад дажджу пад чужою страхою. Калі гэты перыяд кончыцца і праца пойдзе параўнальна паспяхова, я апынуся ў тупіку.
На керацінавы слой эпідэрмы добра падыдуць акрылавыя смолы — гэта я ўбачыў адразу. Што ж да ўнутраных слаёў скуры, дык, відаць, на іх можна выкарыстаць той самы матэрыял, што і на эпітэлій, толькі ўспенены. Тлушчавы слой, безумоўна, будзе адпавядаць запланаваным патрабаванням, калі ў той самы матэрыял дабавіць крэмніевага раствору і, змясціўшы ў абалонку, зрабіць паветранепранікальным. Нарэшце за два тыдні да новага года падрыхтоўка матэрыялу была закончана.
Далей марудзіць было нельга. Калі не вырашыць, які павінен быць твар, немагчыма ні на крок прасунуцца наперад. Але колькі я ні мазгаваў, рашэнне не прыходзіла — у галаве ў мяне бязладна, як у запасніку ў музеі, грувасцілася мноства самых розных твараў. Аднак, адступаючы ад праблемы, вырашыць яе немагчыма. Другога спосабу, як мужна перабіраць твар за тварам, не было, і я дастаў каталог музейных фондаў. На першай старонцы быў ветлівы надпіс: «Правілы сістэматызацыі», і я, стрымліваючы хваляванне, прачытаў:
1. Крытэрыі ацэнкі твару крайне аб’ектыўныя. Hi ў якім разе нельга дапускаць такой памылкі: паддаўшыся суб’ектыўнаму ўражанню, набыць не арыгінал.
2. Крытэрыяў ацэнкі твару няма. Ён можа толькі даваць задавальненне ці незадавальненне. Крытэрыі выбару павінны выпрацоўвацца шляхам удасканалення густу.
Як я і чакаў. Сцвярджаюць, што чорнае адначасна з’яўляецца і белым. Чым такая парада, дык лепей ніякай. Прычым, калі я параўноўваў два гэтыя правілы, здавалася, што кожнае аднолькава справядлівае, і таму становішча заблыталася яшчэ болей. Урэшце мне стала аж млосна ад думкі, колькі ёсць на свеце самых розных твараў. I я да гэтага часу не перастаю ламаць галаву, чаму я не адмовіўся раз і назаўсёды ад свайго плана?
Зноў пра партрэтны жывапіс. Палеантолаг, можа, надорыць мяне кіслаю ўсмешкаю, але я не магу абысці гэта. У ідэі партрэта, думаецца мне, не кажучы пра яго мастацкую вартасць, ёсць філасофія, якая вымушае задумацца.
Напрыклад, каб партрэт даваў універсальны вобраз, трэба зыходзіць з універсальнасці выразу твару людзей. Значыць, трэба, каб большасць людзей пераканалася, што аднолькавы выраз з’яўляецца перадумовай і аднолькавага вобраза. Падобнае перакананне пацвярджаецца, безумоўна, практыкаю, разуменнем, што твар і душа знаходзяцца ў пэўнай узаемасувязі. Няма, ведама, ніякай гарантыі, што практыка заўсёды ісціна. Але ж нельга сцвярджаць і тое, што практыка — гэта звычайна згустак хлусні. I ці не правільней лічыць, што чым болей практыка залапана бруднымі рукамі, тым большы працэнт у ёй ісціны. У гэтым сэнсе здаецца, увогуле, неаспрэчным сцверджанне, што ёсць аб’ектыўны крытэрый каштоўнасці.
З другога боку, нельга таксама ігнараваць і той факт, што той самы партрэтны жывапіс з вякамі мяняў свой характар: пераносіў пункт погляду ад класічнай гармоніі твару і душы да індывідуальнага выразу, які, напэўна ж, страціў гэтую гармонію, і дайшоў да канчатковага разбурэння ў васьмівугольных тварах Пікасо ці ў «Фальшывым твары» Клее.