Калі колер такі важны, пры канчатковай фармоўцы маскі трэба вельмі ўважліва зрабіць афарбоўку. Быццам сляпы, які радуецца любому адчуванню, пяшчотна гладзячы яшчэ цёплы злепак з сурмы, я востра адчуў, які цярністы шлях да вырабу маскі, калі заканчэнне аднае работы адразу паварочваецца яшчэ адной цяжкасцю. Напраўду, я задумаў дзёрзкі выклік. Нават калі гаварыць пра аб’ём выкананай работы і пра затрачаны час, я павінен быў бы пайсці вельмі далёка, але варта падумаць і пра тое, што да гэтага часу я яшчэ зусім не браўся за галоўнае — за выбар прататыпа. Да гэтага прыбавілася новая цяжкасць — колер. Ці настане імгненне, калі я змагу ажыццявіць сваю мару — пачаць новае жыццё ў вобразе другога чалавека?..
Былі, ведама, не толькі благія прыкметы. Блукаючы ў думках паміж складкамі металічных п’явак, я думаў пра тое, якая недарэчная роля, якую выконвае твар: з-за патаўшчэнняў на некалькі міліметраў чалавек павінен цярпець ганенні, як бадзяжны шалудзівы сабака, і раптам, быццам з вачэй упала заслона, я выявіў слабае месца ў галоўнага свайго ворага.
Гэтыя металічныя п’яўкі самі па сабе могуць існаваць толькі як негатывы для стварэння ўнутранага боку маскі. Іншымі словамі — адмоўнае існаванне, якое павінна быць прыкрыта і знішчана з дапамогаю маскі. Але ці толькі гэта? Ведама, адмоўнае існаванне, гэта безумоўна. Але калі не зрабіць яго асноваю, не можа існаваць і маска, якая павінна яго знішчыць. Дык вось, металічная аснова — гэта мэта, якую маска павінна знішчыць, і адначасна — зыходны пункт стварэння маскі.
Уявім сабе праблему крыху канкрэтней. Напрыклад, калі гаварыць пра вочы — іх астаецца толькі выкарыстаць, не мяняючы ні размяшчэння, ні формы, ні велічыні. Але, дапусцім, я асмеліўся і прыклаў да іх рукі, тады, пазначыўшы як мяжу размяшчэнне вачэй, ці павінен зрабіць я выпуклы толькі лоб, які ляжыць над ёю, ці, наадварот, зрабіць выпуклую толькі частку твару, якая ляжыць пад ёю, а калі не тое і не другое, — можа, зрабіць лупатыя вочы і моцна выстаўлены наперад твар? Могуць быць толькі гэтыя варыянты. Тое самае можна сказаць, калі справа дойдзе да носа ці рота. Тады выбар тыпа твару ўжо не здасца такім няясным. Абмежаванне? Можа, і абмежаванне. Але, па мне, гэта куды лепей, чым танная, эфемерная свабода. Ва ўсякім выпадку, яно паказвала мне мэту, якой я павінен дасягнуць. I нават калі я пайду кружною дарогаю памылак, спачатку найлепей паспрабаваць правільна змадэліраваць твар і, падганяючы яго да арыгінала, вывучыць, які тып найболей падыходзіць. Гэтая дарога мне найболей падыходзіла. (He вучоны, а ўсяго толькі тэхнік, — так гавораць пра мяне калегі, і, можа, у нечым іх праўда.)
Прыкладваючы палец да розных частак металічнае асновы, прыкрываючы яе абедзвюма рукамі, засланяючы яе, я, сам таго не заўважаючы, аддаўся марам. Якая ўсё ж гэта тонкая штука... Даволі крануць пальцам — і вось ужо другі чалавек, і не тое што брат ці дваюрадны брат... Прыкладзеш далонь — зусім незнаёмы... З таго часу, як я ўзяўся рабіць маску, напэўна, упершыню ў мяне быў такі бадзёры, дзейны настрой.
...Напраўду, можна смела сказаць: тое, што я перажыў у тую ноч, было вельмі важнаю вяршыняю ўсяе мае працы. Яна не была такая ўжо крутая, не была і велічна-высокая, але затое, здаецца мне, у ёй угадвалася выдатная мясціна рэльефу, якая давала пэўны кірунак водам, што выцякалі з крыніцы, і валодала, увогуле, вялікаю сілаю, якое хапала, каб кіраваць патокам. I гэта таму, што з таго моманту паміж праблемаю крытэрыю выбару твару і праблемаю тэхнічнага ўвасаблення плана ў жыццё, якія да гэтага часу ішлі як дзве паралельныя лініі, сапраўды пралегла нешта падобнае на ледзь пазначаны канал. Злепак твару з сурмы, хоць і не даваў ніякіх перспектыў у сэнсе метаду вырабу маскі, падбадзёрваў мяне, даваў веру ў тое, што, дзякуючы штодзённай канкрэтнай рабоце, мае магчымасці будуць усё болей пашырацца.
Я вырашыў назаўтра раніцаю купіць гліны і пачаць мадэліраваць твар. Выразнай мэты ў мяне не было, і я ішоў да яе вобмацкам. Звяраючыся з анатамічным атласам мімічнае мускулатуры, я накладваў адзін на адзін тонкія слаі гліны. Праца трагічна напружаная, нібыта ўдзельнічаеш у працэсе эмбрыянальнага развіцця чалавека, быццам крытэрый выбару, які, увогуле, і не ўхопіш, пачынае зацвердзяваць, нібыта астуджаны жэлацін, — з такім адчуваннем я паступова надаваў форму падатліваму матэрыялу. Ёсць геніяльныя сышчыкі, якія знаходзяць злачынца, седзячы ў крэсле, а ёсць звычайныя сышчыкі, якія, не шкадуючы ног, ганяюцца за доказамі. Я таксама найболей люблю дзейнічаць, працаваць рукамі.