Выбрать главу

— Але ж два дзё — гэта шэсць метраў...

— У такі час колькі ні адграбай пясок, усё роўна не паспееш. Муж тады крыкнуў мне: «Куратнік засыпае!» — і разам з дачкою, яна ўжо ў школу хадзіла, выскачыў з хаты... А сама я выйсці не магла — пільнавала, каб хоць хата цэлая асталася... Нарэшце пачало развіднівацца, вецер сціх, і я выйшла. Куратнік як скрозь зямлю праваліўся. Іх я таксама не знайшла...

— Засыпала?

— Засыпала.

— Гэта жах. Страшная справа. Пясок і такое... Гэта жах...

Жанчына стала на карачкі, выцягнула руку і, засмяяўшыся, схапіла пальцамі кнот. Лямпа адразу ярка загарэлася. Не падымаючыся, яна ўважліва глядзела на агонь, на твары ў яе застыла завучаная ўсмешка. Напэўна, гэта яна знарок, каб паказаць сваю ямачку на шчацэ. Мужчына міжволі ўвесь напружыўся. Гэта было занадта цынічна, яна ж толькі што расказвала пра гібель сваіх блізкіх.

5

— Гэй вы, мы прывезлі рыдлёўку і бітоны яшчэ на аднаго.

Гукалі здалёку, але голас чуўся выразна, — напэўна, гаварылі ў рупар, — ён рассеяў збянтэжанасць, што ўзнікла між імі. Потым загрукаталі нейкія бляшаныя прадметы, што ляцелі ўніз. Жанчына паднялася, каб адказаць.

Ён адчуў раздражненне: у яго за спіною рабілася нешта незразумелае.

— У чым справа? Значыць, тут яшчэ нехта ёсць!

— He трэба, прашу вас... — Жанчына сціснулася ўся, як ад козыту.

— Але ж толькі што нехта сказаў: «Яшчэ на аднаго».

— А-а-а. Гэта... Гэта яны пра вас.

— Пра мяне?.. Якая мне справа да рыдлёўкі?..

— Нічога, нічога, не звяртайце ўвагі... Вечна яны лезуць не ў сваё...

— Напэўна, яны проста памыліліся?

Аднак жанчына не адказала і, павярнуўшыся на каленях, спусціла ногі на ток.

— Вам яшчэ трэба лямпа?

— Відаць, абыдуся... А вам яна там не спатрэбіцца?

— Ды не, работа мне гэта звыклая.

Надзеўшы вялікі саламяны капялюш, у якіх звычайна працуюць на полі, жанчына шмыгнула ў цемру.

Мужчына закурыў яшчэ адну цыгарэту. Навокал творыцца нешта незразумелае. Устаў і заглянуў за цыноўку. Там і праўда быў пакой, але замест пасцелі высілася горка пяску, якога нагнала праз шчыліны ў сцяне. Ён аслупянеў, ашаломлены... I гэтая хата таксама траха не мёртвая... Яе нутро ўжо напалову зжор вечна цякучы пясок, які ўсюды пранікае сваімі шчупальцамі... Пясок, які не мае свае формы, апрача дыяметра на адну восьмую міліметра... Але нішто не можа процістаяць гэтай бясформнай знішчальнай сіле... А можа, бясформнасць і ёсць найвышэйшае выяўленне сілы...

Хутка з мужчыны сышло ачмурэнне. Пачакай, калі ў пакоі гэтым быць нельга, дзе ж тады будзе спаць жанчына? Вось яна ходзіць сюды-туды за дашчанаю сцяною. Стрэлкі яго ручнога гадзінніка паказвалі дзве мінуты дзевятай. Што ёй там трэба ў такі час?

Мужчына злез на ток і пашукаў вады. Яе ў баку асталося на дне, і ў ёй плавае ржа. Але ўсё роўна яна лепей, чым пясок у роце. Астатак вады ён пырснуў на твар, працёр шыю і пажвавеў.

Па таку цягнуў халодны вецер. На дварэ яго, напэўна, лягчэй цярпець. Ледзь адчыніў ён засыпаныя пяском дзверы і выбраўся з хаты. Вецер, што дзьмуў ад дарогі, і праўда стаў свяжэйшы. Ён данёс да яго тарахценне пікапа. Калі прыслухацца, можна пазнаць галасы людзей. Можа, гэта толькі здаецца, але там цяпер ажыўленне большае, чым днём. Ці гэта шум мора? Неба ўсыпана было зоркамі.

Убачыўшы святло лямпы, жанчына павярнулася. Спрытна арудуючы рыдлёўкаю, яна насыпала пясок у вялікія бітоны з-пад газы. За ёю, навісаючы, высілася цёмная сцяна пяску. Гэта прыкладна тая мясціна, над якою ён днём лавіў насякомых. Насыпаўшы бітоны, жанчына адразу абодва панесла да сцяны. Праходзячы міма яго, падняла вочы і сказала сіпла: «Пясок...» Яна апаражніла бітоны каля таго месца, дзе віселі вераўчаныя лескі, а наверсе была сцежка, што вяла да гэтай ямы. Рабром далоні сцерла пот з твару. Пясок, які ўжо перанесла яна сюды, высіўся вялікаю гарою.

— Адграбаеце пясок?

— Колькі ні адграбай, канца ўсё роўна няма.

Праходзячы міма яго з пустымі бітонамі, жанчына паволі штурхнула яго ў бок незанятаю рукою, нібыта паказытала. Ад нечаканасці мужчына адскочыў убок, траха не выпусціўшы лямпу. Можа, паставіць лямпу на зямлю і адказаць жанчыне тым самым? Ён завагаўся, не ведаючы, як павесці сябе. Урэшце мужчына вырашыў, што тое становішча, у якім ён знаходзіцца, самае зручнае. Выціснуўшы на твары нешта накшталт усмешкі, значэння якой і сам не разумеў, ён няўклюдна, з лямпаю ў руцэ, стаў падступацца да жанчыны, якая зноў узялася за рыдлёўку. Калі падышоў, яе цень заняў усю пясчаную сцяну.