Выбрать главу

Ну як? Спадзяюся, якраз пацэліў? Ты, здаецца, сама расказвала, што ў школе табе далі мянушку Бодысатва. Калі я першы раз пачуў гэта, дык зарагатаў. Што ж мяне так рассмяшыла? Калі ўдумацца, дык я, мусіць, зусім няправільна ўяўляў і Бодысатву і цябе. Вонкава ты, ведама, ані не была падобная на статую Буды. Ды калі б і захацела, не змагла б стаць такою халоднаю i непрыступнаю. Я б сказаў, што ў цябе, найхутчэй, тэмпераментны, пажадлівы твар. Калі ж паглядзець на цябе з сярэдзіны, дык, паводле Бланавай класіфікацыі, у табе напраўду ёсць рысы Бодысатвы. Засяроджанасць на тым, што адбываецца навокал, згодна з навакольным светам — гэта жывая гумовая сцяна таўшчынёю на метр. Бязмежна мяккая — яна ніколі не прычыняе болю. Твар з прыплюшчанымі вачыма, ледзь крануты ўсмешкаю, — як у статуі Буды. Чалавек з такім тварам перамагае голымі рукамі. Здалёку гэта такая замілаваная, прывабная ўсмешка. Але калі набліжаешся, яна пачынае расплывацца ў туман, які засцілае вочы. Я ад душы захапляюся чалавекам, які прыдумаў табе мянушку Бодысатва.

...Табе гэта здаецца яхіднасцю? Можа, калі сям-там выткнуліся калючкі, вінаваты ў гэтым толькі я, ты тут зусім ні пры чым. Напэўна, я належу да людзей, якія хваравіта ўспрымаюць дабрату другіх.

Цяпер мой твар... Ну добра... Ці варта гаварыць пра твар, які страчаны. Калі б мне надарыўся выпадак, я хацеў бы лепей паслухаць, як паводле Бланавай тэорыі разглядаць твары людзей племя саракаба, якія так мяняюць свае твары, што іх немагчыма падвесці ні пад адзін пункт класіфікацыі.

Як я і чакаў, пальцы прывялі мяне да першых пробліскаў поспеху, чаго ніяк не магла дабіцца мая галава. У выніку дзесяцідзённых доследаў з кожным з чатырох тыпаў твару я прызнаў, што два непрыгодныя.

Спачатку адпаў чацвёрты тып: «Твар, які мякка выдаецца наперад каля носа». Гэты тып твару мае тлушчавыя адклады вакол мясцін з высокаю шчыльнасцю каэфіцыента мімікі і таму валодае высокаю ступенню стабільнасці: ён цяжка даецца прыстасавальнасці — адзін раз зроблены, вымагае дакладнай адпаведнасці сваёй форме. Я сутыкнуўся б з вельмі сур’ёзнымі цяжкасцямі, калі б мне давялося з самага пачатку выключна дакладна запланаваць усю работу да канца. Таму я, хоць з пэўным шкадаваннем, усё ж вырашыў адмовіцца ад гэтага тыпу.

ПАСТСКРЫПТУМ ДА ПАСТСКРЫПТУМА. Табе можа здацца, што ў папярэднім пастскрыптуме я хацеў яшчэ нешта сказаць. Але, клянуся, ніякіх задніх думак у мяне не было. Паміж маімі асноўнымі запіскамі і пастскрыптумам ёсць перапынак — амаль тры месяцы...

Цяпер першы тып твару з цэнтрам, зрушаным уніз пры наяўнасці «моцных мясістых жаўлакоў на лобе, шчоках і падбародку». З пункта погляду псіхамарфалогіі такі твар інтравертны, засяроджаны на сваім унутраным свеце, супярэчлівы, яму не хапае стабільнасці. Нават пры самых прыхільных адносінах нельга было не прызнаць, што гэта твар ліхвяра, які ні разу не меў страты. Гэта ўжо не маска спакусніка. Беручы пад увагу толькі вонкавае ўражанне, я без шкадавання адкінуў і гэты тып.

Асталося яшчэ два...

«На лобе, шчоках і падбародку мяккія тлушчавыя адклады»... З пункту погляду псіхамарфалогіі гэта твары людзей інтравертных, засяроджаных на сваім унутраным свеце, гарманічных ці адметных інтраспектыўнасцю пры вялікім валоданні сабою.

Твар «завостраны каля носа»... З пункта погляду псіхамарфалогіі — твары людзей экстравертных, засяроджаных на навакольным, негарманічных ці валявых, схільных да дзеяння.

Мне здавалася, што перада мною разгарнулася зусім ясная карціна. Выбіраць з чатырох ці з двух — вялікая розніца. Чатыры — не проста два і два, у іх ёсць шэсць камбінацый для параўнання. Такім чынам, я здолеў звесці сваю работу да аднае шостае. Дый два астатнія тыпы — выразная процілегласць: памылкова прыняць адзін за другі было зусім немагчыма. Толькі шляхам эксперыментальнага мадэліравання, a гэта я і раблю, удасца выявіць твар, які мне патрэбен.

На нейкі час я ўвесь паглыбіўся ў параўнальнае вывучэнне гэтых двух тыпаў твару. Я адчуваў вялікую нязручнасць, калі кожны раз даводзілася ламаць адно і рабіць другое, бо ў мяне быў толькі адзін злепак, які служыў за аснову. Падумаўшы, я купіў паляроідную камеру. Даволі націснуць на спуск — і ў руках у цябе праяўленая фатаграфія. Зручнасць была ў тым, што адразу, не трацячы часу, можна было не толькі параўноўваць фатаграфіі, але і фіксаваць крок за крокам увесь працэс стварэння маскі.