Выбрать главу

Напраўду, у тыя дні маё сэрца спявала, як цыкада, у якое выраслі крылы.

I мне нават у галаву не прыходзіла, што ў любую хвіліну мая праца можа зайсці ў тупік...

Аднойчы неба клубілася ў паўднёвым ветры, ад нявыключанага паравога ацяплення ў пакоі была нясцерпная гарачыня. Зірнуў на каляндар — прайшло ўжо болей за палавіну лютага. Я збянтэжыўся: хацеў жа кончыць усё, пакуль холадна. У адносінах структуры матэрыялу і рухомасці маскі я ўжо мог дзейнічаць амаль напэўна, а вось як быць з вентыляцыяй, яшчэ не ведаў. Увогуле, пара года, калі абліваешся потам, нічога добрага не абяцала. I замацоўваць маску ў гэтых умовах цяжка, узнікае, як я меркаваў, шмат перашкод фізіялагічнага характару. Але я павінен быў яшчэ зрабіць круг на тры месяцы, перш чым падышоў да таго, з чаго пачаў гэтыя запіскі, — перш чым знайшоў сховішча ў доме S.

Чаму ўсё ж я павінен быў пайсці такою кружною дарогаю? На першы погляд, работа ішла зусім нармальна. Я так налаўчыўся, што мог у галаве маляваць кожны з двух тыпаў твараў, мог нават, убачыўшы твар, які належаў да пэўнага тыпу, адразу раскласці яго ў сваёй памяці на асноўныя элементы і пачаць рабіць у іх папраўкі. Што ж, матэрыял быў у мяне ў руках, і я мог выбраць любы твар, які мне спадабаецца. Але ж не выбераш адзін з двух, калі няма пэўнага крытэрыю. Няма чаго і спрабаваць выбраць чырвонае ці белае, калі не ведаеш, пра што ідзе гаворка — пра колер білета ці колер сцяга. От жа гэтыя крытэрыі, што знікаюць у імгле! Няўжо ёсць загадка, якую не разгадаеш, ходзячы па пакоі? Цяпер крытэрый набыў, ведама, зусім не той сэнс, які меў дагэтуль. Але чым яснейшае станавілася маё ўяўленне пра аб’ект, тым болей я раздражняўся. У гарманічным тыпе ёсць хараство гармоніі, у негарманічным тыпе таксама ёсць сваё хараство. Вырашаць пытанне з пункта погляду каштоўнасці нейкага тыпу тут зусім немагчыма. I чым болей я дазнаваўся, тым большую цікавасць, якую цяжка раздзяліць, пачаў адчуваць да абодвух гэтых тыпаў. Апынуўшыся ў безвыходным становішчы, страціўшы надзею, я многа разоў думаў: ці не кінуць мне гэты занятак? Але вырашыць пытанне так безадказна я не мог, бо твар меў хоць нейкі метафізічны сэнс. Зыходзячы з вынікаў нават тых даследаванняў, якія я да гэтага часу зрабіў, нельга не прызнаць, як гэта ні сумна, што аблічча ў пэўнай ступені звязана з псіхалогіяй і індывідуальнымі рысамі.

...Але варта было мне ўспомніць з’едзеныя п’яўкамі, вышчарбленыя рэшткі майго твару, як я адмятаў усякае значэнне твару, і канчалася гэта тым, што мяне калацілі дрыжыкі, як прамоклага да касцей сабаку. Ды што ж гэта такое — псіхалогія, індывідуальныя рысы? Хіба, калі я працаваў у інстытуце, такія рэчы мелі якое-небудзь значэнне? Якія б ні былі ў чалавека індывідуальныя рысы, адзін плюс адзін заўсёды два. Ёсць выключныя выпадкі, калі меркаю чалавека з’яўляецца твар, — напрыклад, акцёр, дыпламат, работнік атэля ці рэстарана, асабісты сакратар, жулік. Але калі ён не належыць ні да аднае з гэтых прафесій, ці могуць мець індывідуальныя рысы большае значэнне, чым малюнак лістоў на дрэве?

Тады я плюнуў на ўсё і вырашыў падкінуць манету. Але колькі я ні падкідаў, арол і рэшка выходзілі пароўну.

На шчасце ці на няшчасце, аставалася яшчэ праца, якую трэба было зрабіць, не прымаючы рашэння пра тып твару. Праца такая: знайсці паверхню твару, якую можна будзе выкарыстаць пры заканчэнні маскі. Мне не аставалася нічога іншага, як купіць твар у чужога чалавека, з якім я ніколі болей не ўбачуся. Але характар гэтае справы быў такі, што псіхалагічна яе было вельмі цяжка выканаць, і калі б я не апынуўся ў безвыходным становішчы, ні за што не змог бы прымусіць сябе ўзяцца за яе. У гэтым плане момант быў выключна зручны.

Я, пэўна ж, добра ведаў, што, як толькі кончу працу, мне немінуча будзе ўручаны ультыматум, але, як кажуць, на яд дзейнічаюць ядам — адзін яд забівае другі, — і тады на нейкі час я мог знайсці спакой. Настаў сакавік, і ў першую ж нядзелю я склаў у чамадан незвычайныя інструменты і вырашыў з самае раніцы паехаць нарэшце на электрычцы ў горад.

Электрычкі, што ехалі за горад, былі бітком набітыя, а тыя, што ішлі да цэнтра, — пакуль адносна пустыя. I ўсё ж мне была пакута праз гэтулькі месяцаў зноў апынуцца ў натоўпе. Мне трэба было б быць падрыхтаванаму да ўсяго, але я, тым не менш, стаяў каля дзвярэй і глядзеў на двор, не маючы сілы прымусіць сябе азірнуцца і паглядзець, што робіцца ў вагоне, і разумеючы, які камічны я, схаваны да вушэй у падняты каўнер паліта — хоць ацяпленне працавала так, што не было чым дыхаць, — не могучы пашавяліцца, як насякомае, што прыкідваецца мёртвым. Як жа змагу я тады загаварыць з незнаёмым чалавекам? Кожны раз, калі вагон спыняўся, я, учапіўшыся за ручку ў дзвярах, павінен быў літаральна змагацца з маладушным жаданнем вярнуцца дахаты.