Урэшце чаго мне баяцца? Ніхто ні ў чым мяне не абвінавачвае. Але ўсё роўна я скурчыўся ад сораму, быццам зрабіў злачынства. Калі выраз твару такі незаменны пры вызначэнні асобы, дык ці можна сцвярджаць, што немагчыма вызначыць асобу чалавека, толькі пачуўшы яго голас па тэлефоне? Ці можна сказаць, што ў цемры ўсе людзі баяцца, падазраюць адзін аднаго, варагуюць між сабою? Лухта. Урэшце такая штука, як твар, мае вочы, рот, нос, вушы, і калі працуюць яны нармальна — гэтага болей чым дастаткова! Твар служыць не для таго, каб дэманстраваць яго другім, а толькі для самога сябе! (Няма чаго браць гэта блізка да сэрца... Гэтак, хоць гэта і было непрыемна, апраўдвалася маё другое «я»... Саромеўся я толькі без патрэбы наганяць на чужых людзей збянтэжанасць, спецыяльна паказваючы ім твар, які не мае выразу...) Але, шчыра кажучы, ці толькі ў гэтым была справа? Цёмныя акуляры, зробленыя на спецыяльны заказ, былі цямнейшыя за звычайныя, і можна было зусім не хвалявацца, што нехта адчуе на сабе мой пагляд. I ўсё ж...
Цягнік павярнуў, і той бок вагона, дзе я стаяў, павярнуўся да захаду, а ў шыбе ў дзвярах, як у люстэрку, адлюстравалася сям’я з дзіцем, ззаду ў мяне. Хлопчык, яму гадоў пяць, сядзеў між маладымі бацькамі, якія горача нешта абмяркоўвалі і паказвалі пальцамі на рэкламу, што вісела ў вагоне (я потым убачыў, што рэкламаваўся продаж ваннаў у растэрміноўку), і акруглелымі вачыма неадрыўна глядзеў на мяне з-пад цёмна-сіняй матроскай шапачкі. Здзіўленне, трывога, страх, прасвятленне, недавер, ваганні, зачараванасць і, нарэшце, усе адценні цікаўнасці сабраліся ў яго вачах. Ён быў нібыта ў трансе. Я пачаў траціць самавалоданне. I бацькі таксама добрыя — не тое каб насварыцца на яго — слова яму не скажуць. Я рэзка павярнуўся да дзіцяці тварам, і яно, як я і чакаў, ад страху прытулілася да мацеры, а тая, адпіхнуўшы яго локцем, пачала ўшчуваць.
...А што, калі б я моўчкі ўстаў перад гэтымі бацькамі і дзіцем, з пагардаю гледзячы на іх збянтэжанасць, зняў акуляры, скінуў павязку і пачаў размотваць бінт? Збянтэжанасць перайшла б у разгубленасць, а потым у просьбу. Але я, не звяртаючы на гэта ўвагі, размотваў бы далей. Каб мацнейшы быў эфект, апошнія кругі сарваў бы разам. Узяў бы за верхні край бінту і рвануў бы ўніз. Але твар, які яны ўбачаць, будзе зусім не такі, як мой колішні твар. Не, ён будзе адрознівацца не толькі ад майго твару — ён будзе ўвогуле адрознівацца ад чалавечага твару. Змярцвела-белы, як воск, скрозь які прасвечваецца бронза ці золата. Але яны не змогуць дазволіць сабе далейшых удакладненняў. Не паспеюць яны сцяміць, хто перад імі, бог ці чорт, як усе трое перавернуцца ў камяні, кучы свінцу, а можа, проста ў насякомых. А за імі следам пойдуць і другія пасажыры, якія прысутнічалі пры гэтым...
Нечаканы шум у вагоне прымусіў мяне ачуцца. Цягнік падышоў да мае станцыі. Я выскачыў на платформу, быццам за мною гналіся. Спусташальная стома ахапіла мяне. У канцы платформы стаяла лаўка. Як толькі я сеў на яе, уся яна апынулася ў маім распараджэнні: ці то стараніліся мяне, ці то кожнаму хацелася пасядзець аднаму. Задумліва гледзячы на бязладны паток пасажыраў, я адчуваў, што вось-вось расплачуся ад роспачы, якая перапоўніла мяне.
Відаць, я надта светла маляваў сабе становішча. Ці знойдзецца ў гэтым бессардэчным і капрызным натоўпе добрая душа, якая згадзілася б прадаць мне свой твар? Наўрад. Нават калі я і выберу нейкага чалавека і паклічу яго, увесь гэты натоўп на платформе злосна вытрашчыцца на мяне. Вялізны гадзіннік пад страхою, што над платформаю... Агульны час усім людзям... Што ж гэта, аднак, такое — абыякавасць тых, хто мае твар? Ці можа валоданне тварам мець такое выключнае значэнне? Ці можна сказаць, што быць бачаным — гэта цана, якую плаціш за права бачыць?.. Не, горай за ўсё, што мой лёс вельмі незвычайны, вельмі індывідуальны. У адрозненне ад голаду, кахання без адказу, беспрацоўя, хваробы, банкруцтва, стыхійнага няшчасця, выкрытага злачынства ў маім горы не было таго, што дазволіла б раздзяліць яго з другімі. Маё няшчасце назаўсёды астанецца толькі маім, і я ні з кім не змагу ім падзяліцца. Таму любы можа ігнараваць мяне, і яго не будзе дакараць сумленне. Мне ж не дазволена нават пратэставаць.