Выбрать главу

...Ці не тады я стаў ператварацца ў страшыдла? I хіба не сэрца страшыдла, чапляючыся вострымі кіпцямі, укрываючы цела халоднымі мурашкамі, быццам працавала электрычная піла, караскалася ўгору па маім пазваночніку? Безумоўна. Іменна тады я стаў ператварацца ў страшыдла. Карлейль, здаецца, сказаў: сутана робіць свяшчэнніка, мундзір робіць салдата. Можа, твар страшыдла стварае сэрца страшыдла. Твар страшыдла асуджае на адзіноту, а гэтая адзінота стварае сэрца страшыдла. I варта тэмпературы мае ледзяное адзіноты крыху панізіцца, як усё, што звязвае мяне з грамадствам, з трэскам разарвецца, і я ператваруся ў страшыдла, абыякавае да свайго аблічча. Калі мне суджана ператварыцца ў страшыдла, дык якім страшыдлам я стану, чаго нараблю? Наперад не скажаш, пакуль ім не станеш. Але сама думка пра гэта была такая страшная, што хацелася выць.

ПАМЕТКІ НА ПАЛЯХ. Цікавы раман, у якім апісана страшыдла Франкенштэйна. Калі страшыдла б’е талеркі, гэта звычайна залічаюць на рахунак інстынкту разбурэння, якім яно надзелена. А тут наадварот — тлумачэнне знаходзяць у крохкасці талеркі. Лічачы сябе страшыдлам, яно хацела аднаго — пахаваць сябе ў адзіноце, і толькі крохкасць ахвяр бясконца рабілі яго забойцам, вось у чым справа. Значыць, пакуль на гэтым свеце існуе тое, над чым можна ўчыніць гвалт — што можна паламаць, разарваць, спаліць, чаму можна пусціць кроў, што можна задушыць, — страшыдлу не астаецца нічога іншага, як бясконца чыніць гвалт. У паводзінах страшыдла, увогуле, не было нічога новага. Само страшыдла — не што іншае, як вынаходства сваіх ахвяр.

Не, з рота ў мяне не вырвалася ні гуку, але, думаю, да таго моманту я ўжо пачаў выць. Памажыце! He глядзіце на мяне гэтак! Калі вы і далей будзеце на мяне гэтак глядзець, дык я напраўду стану страшыдлам!.. Нарэшце я не вытрываў і, як звер, які шукае ратунку ў нары, прадзіраючыся скрозь гушчыню людзей, з адчаем кінуўся ў самы блізкі кінатэатр — месца, дзе прадаюць цемру, адзінае месца, дзе можа схавацца страшыдла.

Які ішоў фільм, не памятаю. Я зашыўся ў самы куток на балконе і моцна ўхутаўся, нібыта ў шаль, у штучную цемру. Паволі стаў супакойвацца, як крот, які знайшоў нарэшце сваю нару. Кінатэатр быў падобны на доўгі бясконцы тунель. Крэсла здавалася мне экіпажам, які шалёна мчыцца ў прасторы. Разрываючы цемру, я нястрымна нясуся наперад. Калі ляцець з такою хуткасцю, ніякія людзі не змогуць мяне дагнаць. Я абганяю іх, і яны застываюць марыянеткамі. Я буду першы ў свеце Вечнае Ночы. Я абвяшчаю сябе імператарам краіны, дзе няма нічога, апрача святла зорак, светлячкоў і расы... Быццам крадком смакуючы салодкі плод, я ўпіваюся марамі, падобнымі на дзіцячыя крамзолі. I не трэба смяяцца з мяне з-за таго, што цемры тае быў толькі маленькі лапік. Бо калі мысліць касмічнымі маштабамі, цемра — найважнейшая субстанцыя, якая займае найбольшую частку сусвету...

Раптам у крэслах перада мною пачалася нейкая ненатуральная мітусня. З цемры пачуўся прыглушаны, з сапеннем, жаночы смех. «Ш-ш», — абарваў яе мужчына. Стала ціха. Гледачы сядзелі рэдка, адбылося гэта ў той момант, калі музыка з усёй сілаю, якую толькі мела, скаланула залу, і таму ніхто, апрача мяне, напэўна, не звярнуў на іх увагі. Хоць гэта не мела дачынення да мяне, я ўздыхнуў з палёгкаю. I ўсё ж не пераставаў пільна глядзець у той бок, не маючы сілы адарваць вочы. Экран пасвятлеў, і выразна ўсплылі абрысы дваіх людзей. Жанчына выпусціла з-пад каўняра белага калматага паліта падстрыжаныя, як у дзяўчынкі, валасы; да яе пляча тулілася галава мужчыны. I абое яны ўхутаныя да палавіны ў яго чорнае паліто. А што рабілася пад ім?

Асабліва кідалася ў вочы белая жанчыніна патыліца. Гэты белы кавалачак, здавалася, то тануў, то зноў усплываў у каўняры такога самага белага паліта. На самай справе жанчына, можа, рухалася ўверх і ўніз, а можа, наадварот, мае вочы ніяк не знаходзілі фокуса, і ў іх усё мільгала. А вось мужчыны я зусім не разумеў. Становішча галавы яго было такое, нібыта ён нешта разглядаў на грудзях у жанчыны... Левая рука, якою ён дакранаўся да жанчыны, магла і бок яе пагладзіць, і пралезці да спіны і ніжэй. Вольная правая рука залезла недзе ўсярэдзіну, і ў яе была ўся магчымасць рабіць тое, што ёй хацелася. Я ўпіўся вачыма ў яе правае плячо — ад напружання нават слёзы выступілі. Але перада мною была карціна, напісаная чорнаю тушшу на чорнай дошцы. I калі мне здавалася, што плячо ўздрыгвае, дык таму, што мне хацелася, каб гэтак было, і калі мне здавалася, што яно рухаецца рытмічна, дык толькі таму, што я хацеў гэтага. Урэшце я сам захапіўся сваім захапленнем.