Нечакана жанчына зарагатала. Я схамянуўся, быццам мне далі аплявуху, — мне чамусьці здалося, што я віноўнік гэтага раптоўнага смеху. На самай справе смяялася не яна, а дынамік за экранам. I нібыта пераймаючы яе, на экране таксама забурліла пажадлівасць.
Увесь экран шырокім планам заняла белая жаночая шыя. Яна рашуча паварочвалася з боку ў бок, быццам пакутуючы і скардзячыся, а потым паступова стала апускацца ўніз, і замест яе на экране паявіліся губы, падобныя на толькі што звараныя сасіскі, і гэтыя губы расцягнуліся ў нейкую незвычайную ўсмешку, якая намнога перасягае вызначаныя ёй памеры. Потым ноздры — як дзіркі ў гумовым шланзе... За імі павекі, так сціснутыя, што зусім згубіліся ў маршчынах... I, нарэшце, смех, які нагадваў лопат крылаў спуджаных дзікіх птушак.
Стала прыкра на душы. Ці трэба, каб твар дэманстраваўся ў такім выглядзе? Кіно з самага пачатку ўяўлялася як відовішча, магчымае толькі ў цемры. I я думаю, раз у тых, хто глядзіць, няма твару, дык і таму, на каго глядзяць, твар не патрэбен...
Але ў жыцці не знойдзецца ніводнага акцёра, які згадзіўся б зняць твар, хоць адзенне ён гатовы здымаць колькі хочаш. Мала таго, ён цалкам перакананы, што ўся яго ігра сканцэнтравана вакол твару. Хіба гэта не тое самае ашуканства: спакусіць гледача цемраю і падстроіць яму такую пастку?.. Ці вось, падглядваць брыдка, але ці можна сказаць, што калі толькі прыкідваешся, што падглядваеш, тады ўсё ў парадку? Стрымайце непатрэбную напышлівасць і ханжаства! (Смешна, што падобнае самасцвярджэнне ідзе ад калекі, які страціў твар? Але ж лепей за ўсіх разумее, што такое святло, не электрык, не мастак, не фатограф, а сляпы, які страціў зрок у сталыя гады. Калі ў багацці ёсць мудрасць багацця, дык і ў галечы ёсць мудрасць галечы.)
Нібыта шукаючы дапамогі, я зноў паглядзеў на тую пару. Цяпер абое яны сядзелі ціха. У чым жа справа? Можа, і тая кіпучая пажадлівасць — не болей, чым плод мае фантазіі? Праз шчыліны ў бінце, быццам чэрві, папаўзлі ручайкі ліпкага поту. I, відаць, не толькі з-за таго, што батарэі былі вельмі гарачыя. Нешта накшталт гарчыцы прасачылася ў кожную пору, апякаючы ўсё цела. (Фальшам аказалася не цемра, а, як ні дзіўна, мой твар.) I калі б у гэтую секунду ў зале нечакана загарэлася святло, дык, цвёрда веру, не каго іншага, а мяне, няпрошанага тут госця, зганьбілі б і абсмяялі б гледачы...
Сабраўшы ўсю сваю мужнасць, я адважыўся нарэшце выйсці на двор. Але ўсё ж не магу сказаць, што пошукі сховішча былі марныя. Я адчуў, што выклік мой намнога мацнейшы, чым быў спачатку, — кажучы інакш, хоць у гэтым я аднавіў сваю сувязь з людзьмі.
Набліжаўся поўдзень. Па прывакзальнай вуліцы ліўся бясконцы паток людзей, як гэта бывае на люднай мясціне ў святочны дзень. Я ўліўся ў гэты паток і пад паглядамі, ліпкімі, як назойлівыя мухі, бязмэтна блукаў прыкладна з гадзіну. Лічыцца, што хада мае пэўны псіхічны эфект. Возьмем, напрыклад, воінскую часць на маршы. Калона можа рухацца ў дзве ці ў чатыры шарэнгі, і салдату, каб не парушыць строй, трэба ўсяго толькі дзве нагі. Думаю, адначасна з пачуццём сумнай спустошанасці, страты твару і сэрца ў гэтым рытме бясконцага маршу ёсць і бяздушнае супакаенне. Мала таго, зусім не рэдкія выпадкі, калі ў час доўгага маршу людзі зведваюць полавую ўзбуджанасць.
Аднак нельга ж бясконца адганяць мух. Разумней, калі я ператваруся ў мушынае вока, якое ўсё бачыць, і палячу ў людскі натоўп. Я павінен знайсці ў ім нейкага чалавека, які захоча прадаць мне сваё аблічча. Пол — мужчынскі... Уладальнік гладкае скуры, па магчымасці без характэрных прыкмет... Рысы твару і памеры не маюць значэння, бо скура будзе расцягвацца і сціскацца... Узрост — ад трыццаці да сарака... Праўда, у саракагадовага мужчыны, які згодзіцца на маю прапанову з-за грошай, скура можа быць з мноствам шрамаў і мне не падыдзе, таму гаворка фактычна ідзе пра трыццацігадовага...
Я паспрабаваў узяць сябе ў рукі, але і гэтае намаганне, успыхнуўшы, як электрычная лямпачка, перагараючы, патухла — было вельмі цяжка падтрымліваць унутранае напружанне. Дый людзі, што ішлі па вуліцы, хоць і чужыя між сабою, стварылі суцэльны ланцуг, куды нельга было ўціснуцца. I ці зможа адно толькі валоданне выбраным мною тварам стаць такою трывалаю сувяззю? От жа нават адзенне, якое яны насілі, было ўзгоднена, быццам пароль. Выпушчаны ў велізарнай колькасці сённяшні пароль, назва якому — мода. Ці не ёсць гэтае адмаўленне формы разам з тым і нейкім новым відам формы? У тым сэнсе, што змены адбываюцца няспынна, гэта, відаць, адмаўленне формы, але ў тым сэнсе, што гэтае адмаўленне ажыццяўляецца масава, яно зноў жа бачыцца адзетым у форму. Можа, такая душа сённяшняга дня? I праз гэтую душу я стаў ерэтыком. I, хоць уяўленне пра моду, створанае штучным валакном, сапраўды падтрымлівалася маімі даследаваннямі, людзі, думаючы, напэўна, што чалавек без твару не мае і душы, ні за што не дапусцяць, каб я зліўся з імі. Уся мая сіла была накіравана цяпер на тое, каб ісці.