Выбрать главу

Калі б я легкадумна гукнуў каго-небудзь з натоўпу, мая сувязь з людзьмі імгненна распаўзлася б, як намоклая папера ў сёдзі[2]. Мяне б, напэўна, шчытным плотам абступілі людзі і без ніякай спагады сталі б распытваць пра маю маску, такую недарэчную. Я разоў шэсць з канца ў канец прайшоў прывакзальную вуліцу, і ўвесь гэты час безупынна атрымліваў падобную перасцярогу. Не, не таму, што я дужа многа думаў пра гэта. Хоць там была страшэнная штурханіна, вакол мяне, быццам гэта была зачумленая мясціна, заўсёды аставалася свабодная прастора, і ні разу ніхто не зачапіў мяне плячом.

Мне здавалася, што я ў турме. У турме і сцены, якія душаць цябе, і стальныя краты — усё ператварылася ў адпаліраванае люстэрка, і ты ўсюды бачыш свой адбітак. Тое, што ты не можаш у любую хвіліну ўцячы ад самога сябе, — вось у чым жах зняволення. Я таксама запратораны ў мяшок самога сябе — як ні біся, не вырвешся з яго. Нецярпенне ператварылася ў раздражненне, а раздражненне перайшло ў панурую злосць.

Але тут раптам прыйшла мне ў галаву ідэя: а што, калі я зайду ў рэстаран, што ва універмагу? Можа, таму, што ў мяне быў час, а можа, з-за таго, што прагаладаўся. Але гэтая ідэя мела ў сабе яшчэ большы выклік. Інтуіцыя чалавека, загнанага ў куток, нарэшце падказала мне, дзе распораны мяшок, у які мяне запраторылі.

Людзі становяцца аднолькавыя, становяцца раз’яднаныя, становяцца безабаронныя, паказваюць сваю слабасць, становяцца слязліва-просьбітныя пераважна ў тыя хвіліны, калі спяць, ядуць і адбываюць натуральныя патрэбы. Дарэчы, «індывідуальнае» меню складае асаблівы гонар рэстаранаў ва універмагах.

Памяшканне, куды я спусціўся на эскалатары, было падобнае да залы прыёмаў. Рэстаран нібыта адразу ж за ім. Я быў пакіраваўся туды, але раптам проста перада мною выплыла вялізная аб’ява: «Выстаўка масак Но». На імгненне я аслупянеў і, збянтэжаны, павярнуў назад. «Безумоўна, гэта павінна было абавязкова здарыцца, — падумаў я. — Але калі я ўцяку, з мяне будуць смяяцца яшчэ болей». I хоць трапіць у рэстаран можна было, не заходзячы на выстаўку, я ўсё роўна пайшоў у гэтую залу.

Зрабіў я гэтак, можа, таму, што ўжо быў натхнёны рашэннем пайсці ў рэстаран. Ці проста гэта было выпрабаванне сілы перад тым, як кінуць выклік. Агляд масак Но чалавекам у масцы — што ні кажы, словазлучэнне незвычайнае. Трэба сабраць гэтулькі рашучасці, каб яе хапіла прайсці праз вогненнае кола.

Але, на шчасце, наведвальнікаў было так мала, што ўсё маё напружанне адразу выветрылася. Я міжволі ўціхамірыўся, у такім стане вырашыў абысці выстаўку. Ніякай асаблівай надзеі ў мяне не было. Паміж маскаю Но і тою, што была мне патрэбна, хоць называюцца яны аднолькава — «маска», — вельмі вялікая розніца. Мне трэба была такая, якая знішчыла б перашкоду з п’явак і аднавіла б сцяжынку, што звязала б мяне з іншымі людзьмі, а маска Но, наадварот, перапоўнена імкненнем знішчыць усе сувязі з жыццём. Добрым доказам гэтага можа, дарэчы, служыць адчувальная атмасфера тлену, якая пануе ў зале.

Не магу, зразумела, не прызнаць, што ў масцы Но ёсць нейкая дасканалая краса. Тое, што мы называем красою, можа, і ёсць сіла пачуцця пратэсту, які паўстае супраць разбурэння. Цяжкасць узнаўлення можа служыць мераю дасканаласці мастацтва. Значыць, калі зыходзіць з немагчымасці масавай вытворчасці, давядзецца, безумоўна, прызнаць, што тонкае ліставое шкло — самая выдатная рэч на свеце. Але ўсё роўна самае недаступнае гэта тое, што ляжыць за ўсеагульным імкненнем шукаць такую рэдкую дасканаласць. Патрэба мець маску, як падказвае здаровы розум, адлюстроўвала жаданне людзей, якіх ужо не задавальняла аблічча жывога акцёра, убачыць нешта такое, што перасягала б гэтае аблічча. У такім выпадку, навошта трэба было надаваць ім знарок выраз твару вісельніка?

Я нечакана спыніўся каля жаночае маскі. Яна вісела на нізкай паўкруглай перагародцы, якая злучала дзве сцяны, — у такім размяшчэнні была пэўная задума. На фоне чорнага палатна гэтая маска, нібы адказваючы на мой пагляд, здавалася, павярнулася да мяне. I шырока, на ўвесь твар, усміхнулася, нібыта чакала мяне...

Не, гэта была, безумоўна, галюцынацыя. Рухалася не маска, а святло, што падала на яе. Ззаду былі схаваны малюсенькія лямпачкі, яны ў пэўным парадку загараліся і тухлі, ствараючы незвычайны эфект. Напраўду, спрытна яны гэта падстроілі. I хоць я і разумеў, што гэта падстроена, ува мне ўсё яшчэ звінеў перапуд. I я без ніякага супраціўлення назаўсёды адмовіўся ад думкі, звыклай і наіўнай, што маскі Но не маюць выразу...