Выбрать главу

Мужчына, адважыўшыся нарэшце, купіў у касе талон на булён з локшынаю, а ўслед за ім і я купіў талоны на каву і бутэрброды. З бязвінным выразам твару, ды якога твару — у мяне ж яго не было, — я моўчкі сеў за адзін стол з мужчынам, напроці яго. Відно было па ім, што ён незадаволены, бо былі і яшчэ незанятыя месцы, але ён нічога не сказаў. Маладзенькая афіцыянтка пракалола нашы талоны, прынесла вады і пайшла. Я зняў павязку, заціснуў у зубах цыгарэту і, адчуваючы, што чалавек збянтэжаны, пачаў здалёку.

— Даруйце, я вам не замінаю?..

— He, не. Што вы.

— А вунь дзіця так вытрашчылася на мяне, што зусім забылася пра сваё жаданае марожанае. Чаго добрага, яно падумае, што вы мой прыяцель.

— Ну дык перасядзьце куды-небудзь!

— Ведама, гэта можна. Але перш я хацеў бы папытацца ў вас вось пра што, проста, без хітрыкаў... Вы не хочаце атрымаць дзесяць тысяч іен? Калі яны вам не патрэбныя, я адразу перайду на другое месца.

На твары ў майго суседа адбілася такая жывая цікавасць, што нават стала шкада яго; не марудзячы, я пачаў цягнуць сетку.

— Просьба не надта вялікая... Рызыкі ніякае, многа часу не зойме — і дзесяць тысяч іен вашы. Ну, як? Будзеце слухаць, ці мне перасесці?..

Мужчына аблізваў кончыкам языка жоўтыя зубы, ніжняе павека ў яго нервова торгалася. Паводле Бланавай класіфікацыі, у яго быў паўнаваты твар з цэнтрам, зрушаным уніз. Увогуле, гэта быў тып твару — я яго забракаваў — чалавека, засяроджанага на сваім унутраным свеце і антаганістычнага навакольнаму. Але мне была важная толькі будова скуры, і таму тып твару не меў істотнага значэння. У адносінах з людзьмі такога тыпу трэба пільна сачыць, каб не параніць іх самалюбства.

ПАСТСКРЫПТУМ. З усяе сілы адкідаючы твары як мерку на сябе, у адносінах да другіх я лёгка ёю карыстаюся. Падобны падыход вельмі адвольны? Ведама, адвольны, але ставіцца гэтак да сябе было б дужа вялікаю раскошаю. Самымі злоснымі крытыкамі найчасцей становяцца абяздоленыя.

— Але ж... — Як бы даючы зразумець, што мы можам дамовіцца, калі нават ён і не будзе глядзець мне ў твар, ён сядзеў, закінуўшы рукі за спінку крэсла, няёмка круцячыся, з наўмыснаю ўвагаю глядзеў у бок выхаду да ліфта на дах, дзе дзецям раздавалі гасцінцы — паветраныя шарыкі. — Ну што ж, давайце абмяркуем...

— Вы мяне супакоілі. Добра было б нам пайсці куды-небудзь. Надта ўжо тут афіцыянткі няветлыя. Але спачатку я хачу дамовіцца пра адну дэталь. Я не пытаюся ў вас пра ваш занятак — не пытайцеся і вы.

— Урэшце, ці ёсць такі занятак, пра які варта было б пытацца? Дый калі я не буду нічога ведаць, то потым не давядзецца апраўдвацца перад другімі.

— Калі мы ўсё скончым, я хачу, каб вы пра ўсё забыліся, быццам мы ніколі не сустракаліся.

— Добра. Мяркуючы па пачатку, не такая ў нас размова, каб потым захацелася пра яе ўспамінаць...

— Ну, як сказаць! Вы і цяпер не адважыцеся паглядзець мне проста ў твар. Хіба адно гэта не сведчыць, што вы заінтрыгаваныя? Вам не цярпіцца дазнацца, што ў мяне пад бінтам.

— Глупства!

— Што ж тады? Страх?

— Няма ніякага страху.

— Тады чаму ж вы стараецеся не глядзець на мяне?

— Чаму?.. Мне што, трэба па парадку адказаць на ўсе вашы пытанні? Гэта таксама ўваходзіць у дзесяць тысяч іен?

— He хочаце — не адказвайце. Я ведаю ўсе вашы адказы, нават і не пачуўшы іх. Проста я думаў хоць трохі вызваліць вас ад цяжару...

— Скажыце ж нарэшце, што я павінен рабіць?

Мужчына з незадаволеным выглядам выняў з кішэні ў пінжаку пакамечаны пачак цыгарэт і, адтапырыўшы ніжнюю губу, стаў яго разгладжваць. Але адразу ж шчака, на якой рэзка выступалі мускулы рота, сутаргава заторгалася, як брушка ў насякомага. У яго быў выгляд зацкаванай ахвяры. Але чаму? З практыкі я ведаў, што калі маеш справу з дзіцем, яно, падагнанае самай незвычайнай фантазіяй, можа кінуцца ў паніку, але ж перада мною быў дарослы чалавек. Калегі адводзілі ад мяне вочы, хваравіта адчуваючы сваю перавагу. Іменна ведаючы гэта, я з дапамогаю прынады на дзесяць тысяч іен хацеў вывудзіць псеўдароўнасць. He болей...

— Ну што ж, прыступім да справы. — Я асцярожна, але адначасна знарок рэзкімі выразамі пачаў зандаж. — Дык вось, я падумаў, ці не маглі б вы прадаць мне свой твар?..

Замест адказу ён панура зірнуў на мяне і з сілаю чыркануў запалкаю. Кончык яе абламаўся і паляцеў з агнём на стол. Ён мітусліва патушыў яго, пстрычкаю збіў на падлогу і, злосна гмыкнуўшы, запаліў другую. Як я і чакаў. Усё гэта прадаўжалася некалькі секунд, але за гэты час ён увесь засяродзіўся, напружыўся, каб пранікнуць у сэнс слоў «прадаць твар».