Тлумачэнняў магло быць колькі хочаш. Пачынаючы з такіх шырока вядомых, як забойства, шантаж, афёра, калі хочуць змяніць сваё аблічча, і канчаючы ўжо зусім фантастычнымі выпадкамі, калі сапраўды займаюцца купляю-продажам твараў... Здагадацца зусім не лёгка. Калі ў яго асталася здольнасць спакойна разважаць, ён павінен адразу ўспомніць дзесяць тысяч іен — гэта вельмі пэўная ўмова. Колькі можна купіць за дзесяць тысяч іен, вядома. Але ці не сама разумна было б, не мучачы сябе здагадкамі, проста папытацца, што я маю на ўвазе? Не аставалася ніякага сумнення, што яго прыглушыў мой бінт і ён апынуўся ў няўтульным становішчы чалавека, якога гняце ў сне нейкая незвычайная сафістыка. Увогуле, я нібыта не памыліўся, калі надумаўся пайсці ў рэстаран. I найболей было даспадобы мне тое, што ён, быццам наткнуўшыся на калючую драцяную загароду, зацікавіўся не гэтак тым, што было пад бінтам, як самім бінтам.
У нейкае імгненне — быццам славуты штукар махнуў хусцінкаю — ува мне ўсё ашаламляльна перавярнулася. Як з нябачнай паветранай ямы раптоўна вылятае кажан, так і я стаў раптоўна гвалтаўніком, гатовым усадзіць у горла субяседніку завостраныя іклы.
— Ды што там. Хоць я і гавару пра твар, але гэта ўсяго толькі скура. Хачу замяніць бінт...
Твар у мужчыны затуманіўся яшчэ болей, здавалася, усяго яго паглынула курэнне — ён так старанна складваў губы, — а пра нашу справу ён нібыта зусім забыўся. Спачатку, каб не даць яму запярэчыць, я думаў коратка расказаць пра сапраўднае становішча рэчаў, але цяпер гэта ўжо было непатрэбна. Пад бінтам я міжволі выціснуў горкую ўсмешку, якое ніхто не бачыў. Спагнаць сваю злосць — найлепшы спосаб зберагчы здароўе.
— He, не, не трывожцеся. Я не збіраюся здзіраць з вас скуру. Адно, што мне трэба, — гэта малюнак яе паверхні. Маршчыны, поры, лініі скуры... Увогуле, мне трэба, каб вы мне далі перанесці на форму ўсё, што дае магчымасць адчуць скуру.
— Ах, форма...
Мужчына з палёгкаю ўздыхнуў, напружанне спала, у яго захадзіў кадык, і ён дробненька заківаў, але да канца яго боязь усё ж не рассеялася. Было ясна, што яго непакоіць. Што я збіраюся нечага натварыць, надзеўшы на сябе такі самы твар, як у яго, — вось гэта не магло не хваляваць мужчыну. Замест таго каб адразу развеяць яго сумненні, я ўвесь час, пакуль глытаў прынесеную яду, рабіў яму дробныя гадасці, яшчэ болей развярэджваючы яго душу. Да яго самога нянавісці ў мяне не было. Проста хацеў, мабыць, адпомсціць за тое, што мне даводзіцца дамаўляцца з ім пра твар.
Безумоўна, калі б толькі мяне не мучылі гэтыя п’яўкі, у бінце таксама было сваё хараство, і выкінуць яго было не так лёгка. Я лічу, напрыклад, што найболей выразна сапраўдны сэнс твару выяўляецца тады, калі ён у бінце, — эфект маскі. Маска — гэта злосная гульня, у якой тое, чаго чакаеш ад маскі, і тое, што бачыш, мяняюцца месцамі. Увогуле, гэта можна лічыць адным з спосабаў схавацца ад людзей, — сціраючы твар, сціраюць і душу. Мабыць, іменна таму ў даўнія часы каты, манахі-адступнікі, інквізітары, жрацы, свяшчэннікі тайных ордэнаў ну і, нарэшце, разбойнікі не маглі абысціся без маскі, яна была ім выключна патрэбная. Маска мела не толькі негатыўнае прызначэнне — проста схаваць твар, але, бясспрэчна, і намнога большую пазітыўную мэту — схаваўшы аблічча чалавека, разарваць сувязь паміж тварам і сэрцам, вызваліць ад духоўных повязяў, якія яднаюць яго з людзьмі. Возьмем прасцейшы прыклад — сюды добра кладзецца псіхалогія піжона, які любіць фарсіць у цёмных акулярах, нават калі няма патрэбы іх надзяваць. Але ж калі вызваліць сябе ад усіх духоўных повязяў і займець бязмежную свабоду, дык лёгка можна стаць бязмежна жорсткім.
Па сутнасці, мне ўжо даводзілася задумвацца пра выкарыстанне бінту як маскі. Упершыню гэта адбылося да таго выпадку з малюнкам Клее. Я з гонарам параўноўваў сябе з чалавекам-невідзімкай, які бачыць усіх, а яго ніхто не бачыць. Потым — калі я быў на прыёме ў пана К., які вырабляе штучныя органы, К. усяляк падкрэсліваў наркатычны характар маскі і сур’ёзна папярэджваў мяне, што ўрэшце я зраблюся наркаманам, які не ўяўляе жыцця без бінту. Можна, значыць, лічыць, што цяпер гэта адбылося трэці раз… Прайшло ж болей за паўгода — хіба ж можна, каб я круціўся на тым самым месцы? Не, усё ж ёсць розніца. Спачатку было звычайнае выхвалянне, потым мяне папярэдзіў чужы чалавек, і, нарэшце, цяпер упершыню напраўду пакаштаваў я патаемнай спакусы быць чалавекам у масцы. Мая думка рухалася як быццам па спіралі. Я, праўда, у глыбіні душы сумняваўся: у якім кірунку ідзе гэты рух — па спіралі ўгору ці, наадварот, уніз?..
Дык вось, усё яшчэ адчуваючы сябе гвалтаўніком, я выбавіў мужчыну з універмага, заплаціў за нумар у самай блізкай гасцініцы і праз дзве гадзіны тым самым спосабам, якім я зняў тады злепак з свайго гнездзішча п’явак, атрымаў адбітак скуры з твару гэтага чалавека. Гледзячы, як мужчына кончыў работу, засунуў у кішэню банкноту на дзесяць тысяч іен і пайшоў, ледзь не пабег да выхаду, я зведаў прыкрае пачуццё адзіноты, быццам уся сіла выслізнула з майго цела. Калі здзелка з сапраўдным тварам марная, такая самая марная будзе, напэўна, і здзелка з тварам, закрытым маскаю.