Выбрать главу

ПАСТСКРЫПТУМ. Не, гэтае разважанне няправільнае. Такое адчуванне было, можа, выклікана тым, што, як я мяркую, перамены, якія адбудуцца ў маёй душы, калі маска будзе зроблена, вельмі падобныя на ўсе выпадкі, калі надзяюць лічыну, каб схавацца ад людзей... I не дзіва, што я трывожыўся, я ж аддаляўся ад запаветнае мэты — аднавіць сцяжынку, якая звязвае мяне з людзьмі. Праўда, у самой гэтай аналогіі была пэўная непаслядоўнасць. Лічыць маску, якая не з’яўляецца маім тварам, лічынаю — значыць, белае называць чорным. Калі маска аднаўляе сцяжынку, дык лічына перапыняе яе — яны, найхутчэй, антыподы. Іначай я сам з сваім імкненнем уцячы ад маскі-лічыны і знайсці маску-твар апынуся ў ідыёцкім становішчы.

І яшчэ адно. Толькі што я падумаў: маска патрэбна ахвяры, а лічына, наадварот, — гвалтоўніку. Правільна?

БЕЛЫ СШЫТАК

Ну вось я і памяняў сшытак на новы, але ў справах маіх асаблівых перамен не адбылося. Напраўду, раней, чым я змог пачаць новую старонку, прайшло некалькі тыдняў без ніякіх падзей, быццам я спыніўся на мёртвым пункце. Некалькі невыразных тыдняў, без вачэй, без носа, без рота, падобных на маю маску з бінту. Але сёе-тое ўсё ж адбылося: я ўпусціў магчымасць запатэнтаваць адну маю работу, а гэта дало б мне магчымасць павялічыць свой капітал, і, апрача гэтага, маладыя супрацоўнікі лабараторыі нечакана сур’ёзна мяне раскрытыкавалі за бюджэт на гэты год. Што ж да патэнта, дык ён быў яшчэ вельмі далёкі ад практычнага выкарыстання і занадта спецыяльны, таму і задумвацца пра гэта было не варта. А вось бюджэт... Хоць ён і не быў непасрэдна звязаны з маімі планамі, што мелі дачыненне да маскі... Але справа ёсць справа, і я мусіў як мае быць усё прадумаць. Калі мае калегі загаварылі пра бюджэт, я зразумеў, што яны лічаць яго пэўным тактычным ходам з майго боку. Напраўду, актыўна падтрымліваючы групу маладых супрацоўнікаў, я спачатку згадзіўся на арганізацыю спецыяльнага сектара, але, калі справа дайшла да складання бюджэта, атрымалася, што я адступіўся ад сваіх слоў. Гэта не было, безумоўна, ні інтрыгаю, ні зайздрасцю, ні злосным намерам, ні якім-небудзь іншым, загадзя прадуманым манеўрам, хоць яны і называлі гэтак мой учынак. Асабліва выхваляцца няма мне чым — проста я забыўся пра гэта. Калі мяне абвінавачваюць, што я не зусім сур’ёзна стаўлюся да працы, мне здаецца, я павінен пакорна прыняць гэтае абвінавачанне. Спачатку я амаль не разумеў гэтага, але пасля іх слоў неяк вельмі востра адчуў, што з нейкага часу пачаў траціць цікавасць да працы. Хоць гэта і не надта прыемна прызнаваць, але ці не выявіўся тут уплыў п’явак? Калі пакінуць убаку нейкія пакуты сумлення, іх пратэст, шчыра кажучы, асвяжыў мяне, бо абыходзіліся са мною як з роўным — без робленых усмешак, з якімі раней сустракалі калеку...

Але якое ўсё-такі адкрыццё зрабіў я на «Выстаўцы масак Но», на якой, як я пісаў амаль што ў канцы першага сшытка, мне, здаецца, удалося цалкам вырашыць найважнейшае пытанне — выбар твару?

Пісаць пра гэта так сумна. Выраз твару — не патаемныя дзверы, якія хаваюць ад чужога вока, а парадны ўваход, і таму яго так будуюць і так упрыгожваюць, каб ён цешыў вока кожнага наведніка. Ён — пісьмо, а не рэкламны лісток, які пасылаюць, не думаючы пра тое, хто яго атрымае, і таму не можа існаваць без адрасата. Пераканаўшыся, што выкладкі мае правільныя, я адразу вырашыў даць табе права выбару і тым самым з палёгкаю зняў цяжар з сваіх плячэй. Таму ў маю гульню адразу ўключыліся двое.

У той вечар — вечар колеру глінянае міскі, — калі мутны туман, быццам брудная вада, клубячыся, падняўся ўгору, на гадзіну раней, чым звычайна, заслаў неба, і святло брудных ліхтароў, як напаказ, падганяла непадуладны яму час... Ідучы ў людскім натоўпе, які ўсё болей шчыльнеў, чым бліжэй да вакзала, я зноў зрабіў спробу ўвайсці ў ролю гвалтаўніка, каб неяк вызваліцца ад пакутлівага адчування адзіноты, якое гняло мяне з таго моманту, як я расстаўся з тым чалавекам. Але калі не сустрэцца з некім сам-насам, як гэта было ў рэстаране, нічога, мабыць, не атрымаецца. Калі людзі ўтварылі натоўп, хай сабе гэтую агідную штурханіну ў нядзельны вечар, іх твары, як амёбы, выстаўляючы адна адной псеўданожкі, утварылі суцэльны ланцуг, і нідзе не было ні шчылінкі, у якую я мог бы ўціснуцца. Але ўсё роўна я ўжо не быў такі раздражнены, як раней, калі выходзіў з дому. Я нават мог дазволіць сабе прызнаць, што зіхатлівае мора святла, якое, разрываючы туман, плыло, дыхала, хвалявалася, было папраўдзе цудоўнае. Можа, таму, што ў мяне цяпер быў зусім пэўны план. З такою цяжкасцю куплены злепак твару з альгінату калію, які нёс я ў партфелі пад пахаю, быў вельмі цяжкі... Ён, праўда, ураўнаважваўся цяжарам бінту на маім твары, які наскрозь прамок ад туману. Але хай сабе, у мяне быў план, які я мог паспрабаваць ажыццявіць. Надзеі на гэты план, я думаю, і змякчалі, хоць крышачку, маё сэрца.