Выбрать главу

— He трэба, — сказала яна не адварочваючыся, цяжка дыхаючы. — Да таго як спусцяць кашы на пясок, трэба яшчэ шэсць бітонаў перацягнуць.

Мужчына нахмурыўся. Было непрыемна, што з яго, нібы знарок, збілі роблены бадзёры настрой. Але незалежна ад яго волі нешта хлынула ў вены. Здавалася, пясок, што прыліп да скуры, пранік у вены і з сярэдзіны патушыў яго ўзбуджанасць.

— Можа, я вам крыху памагу?

— Хай сабе... Не гадзіцца прымушаць вас працаваць першы дзень, нават крыху.

— Першы дзень?.. Зноў пра тое самае... Я прабуду тут толькі адну гэту ноч!

— Праўда?

— Ведама, я ж на службе... Давайце, давайце рыдлёўку!

— Ваша рыдлёўка вунь там, але, можа, не трэба...

I праўда, пад навесам недалёка ад уваходу асобна стаяла рыдлёўка і два бітоны з-пад газы з прывязанымі ручкамі. Гэта напэўна тыя, што нядаўна скінулі зверху, калі крычалі: «Яшчэ на аднаго». Усё было падрыхтавана надзвычай дбайна, і ў яго нават закралася думка, што яны ўгадалі яго намеры. Але ж тады ён і сам яшчэ не ведаў, што захоча працаваць. Усё ж ён адчуў сябе прыніжаным, і ў яго сапсаваўся настрой. Тронак у рыдлёўцы быў тоўсты, сукаваты, пачарнелы ад доўгага ўжытку — не было ніякага жадання за яго брацца.

— Ой, суседзі з кашамі! — усклікнула жанчына, нібыта не заўважыўшы яго ваганняў. Голас быў радасны і даверлівы, зусім не такі, як раней. У гэты час жвавыя галасы людзей, што даносіліся здалёку, пачуліся зусім блізка. Раз за разам паўтараліся выкрыкі, якія часам перарываліся ціхім шэптам, перамяшаным з прыдушаным смехам. Рытм працы нечакана падбадзёрыў яго. У гэтым няхітрым свеце, напэўна, не бачаць нічога асаблівага ў тым, што госць, які астаўся толькі пераначаваць, бярэ ў рукі рыдлёўку. Хутчэй нават яго ваганні здаліся б тут дзіўнымі. Каб лямпа не ўпала, ён абцасам выціснуў ямку ў пяску.

— Капаць, бадай што, можна абы-дзе, каб толькі капаць, праўда?

— Ды не, не абы-дзе...

— Ну, вось тут?

— Тут можна, толькі старайцеся не падкопваць сцяны.

— Па ўсёй вёсцы адграбаюць пясок у гэты час?

— Ведама. Уночы пясок сырэйшы і працаваць лягчэй... А калі пясок сухі... — яна паглядзела ўгору, — ніколі не ведаеш, у якім месцы і ў якую хвіліну ён абваліцца.

I праўда, на краі абрыву, як снежны нанос, вытыркаўся набухлы пясчаны казырок.

— Але ж гэта небяспечна!

— Э-э, нічога, — насмешліва і трошкі какетліва кінула яна. — Глядзіце, туман пачынае падымацца.

— Туман?..

Пакуль яны пагаварылі, зоркі на небе парадзелі і сталі паступова расплывацца. Нейкая мутная заслона бязладна клубілася там, дзе была мяжа паміж небам і пясчанаю сцяною.

— Таму гэта, што сам пясок нацягвае ў сябе вельмі многа туману... А калі салёны пясок набіраецца туману, ён становіцца тугі, як крухмал...

— Во дзіва...

— Праўда, праўда. Таксама, як марскі бераг, з якога толькі што сышла хваля, — па ім нават танк пройдзе.

— Вунь як!..

— Я праўду кажу... Вось таму за ноч той карніз і нарастае... А ў дні, калі вецер дзьме з благога боку, праўда, праўда, ён звісае вось гэтак — як шапка ў грыба... Удзень пясок высыхае, і ўся гэтая навісь звальваецца ўніз. I калі яна ўпадзе няўдачна, — ну, там, дзе тонкія слупы, што падпіраюць страху, ці яшчэ дзе, — тады гамон.

Інтарэсы гэтай жанчыны надзвычай абмежаваныя. Але як толькі яна ўваходзіць у сферу свайго жыцця, дык адразу ажыўляецца да непазнавальнасці. Тут, напэўна, і ляжыць дарога да яе сэрца. I хоць гэтая дарога не асабліва яго прываблівала, у інтанацыях жанчыны была нейкая напружанасць, якая абуджала ў ім жаданне адчуць яе цела, схаванае пад грубым рабочым адзеннем.

Мужчына з усяе сілы раз за разам пачаў утыкаць зазубраную рыдлёўку ў пясок.

6

Калі ён адцягнуў бітоны з-пад газы другі раз, пачуліся галасы, і ўгары на сцежцы загайдаўся ліхтар.

Тонам, які мог здацца нават рэзкім, жанчына сказала:

— Кашы! Тут хопіць, памажыце мне там!

Мужчына толькі цяпер зразумеў, нашто тыя мяшкі з пяском каля лесак наверсе. Па іх хадзіла вяроўка, калі падымалі і апускалі кашы. З кожным кашом упраўляліся чатыры чалавекі, і такіх груп было, відаць, дзве ці тры. Пераважна гэта была, як яму здалося, моладзь, якая працавала дружна і спорна. Пакуль насыпалі адзін кош, другі чакаў ужо свае чаргі. За шэсць заходаў куча пяску ў яме без следу знікала.

— He хлопцы — агонь!

Рукавом рубашкі ён выціраў пот, тон голасу яго быў лагодны. Мужчына адчуў сімпатыю да гэтых хлопцаў, якія, здавалася, цалкам аддаліся сваёй працы і не кінулі ніводнага насмешлівага слова пра яго дапамогу.