Выбрать главу

Ага, дык вось у той вечар... маё сэрца шырока адкрылася табе, быццам перашкода перад ім знікла. I гэта не была проста пасіўная надзея ўзваліць на цябе выбар. I гэта не было толькі утылітарнае падахвочванне, выкліканае тым, што падрыхтоўка скончылася і я падышоў да этапа, калі павінна была вось-вось паявіцца маска. Як бы гэта лепей сказаць... Наіўна, як дзіця, мякка, нібыта ступаючы босымі нагамі па траве, я скарачаў і скарачаў адлегласць паміж намі.

Можа, гэта былі спакой і ўпэўненасць, выкліканыя тым, што я атрымаў магчымасць завабіць цябе ў хаўруснікі, хай сабе ўскосныя, у вырабе маскі — працы, якая вымагае адзіноты, якая здаецца нават несправядліваю. Мне, што ні кажы, ты была чужы нумар адзін. Не, я ўжываю гэтае слова не ў адмоўным сэнсе. Ты — першая, да каго я павінен аднавіць сцяжынку, ты тая, чыё імя я павінен напісаць на першым сваім пісьме, вось у якім сэнсе назваў я цябе першаю чужою. (У любым выпадку я проста не мог астацца без цябе. Страціць цябе азначае мне страціць увесь свет.)

Але ў тое імгненне, калі я сутыкнуўся з табою твар у твар, надзеі мае ператварыліся ў бясформную кучу ануч, падобную на выцягнутую з вады марскую траву. Я не хачу, каб ты няправільна мяне зразумела. Я зусім не хачу чапляцца да таго, як ты мяне сустрэла. Я далёкі ад гэтага — ты шчыра мне спачувала, і твая шчырасць перасягае шчырасць. Апрача таго выпадку, калі не пусціла да сябе пад спадніцу. Шмат у чым, безумоўна, трэба вінаваціць і мяне ці, лепей сказаць, толькі мяне. Як сказана ў паэта: ці заўсёды маеш ты права на каханне таго, каго ты кахаеш?

У той дзень ты сустрэла мяне, як звычайна, з неназойлівай ласкавасцю ці, правільней, з неназойлівай спагадаю. I наша маўчанне таксама было звычайнае...

Колькі ж часу прайшло з тае пары, калі між намі запанавала маўчанне, быццам зламаўся інструмент?

Нашы штодзённыя размовы, абмен старымі навінамі не спыніліся, але звяліся да мінімуму і набылі чыста сімвалічны характар. Ды я і не думаю вінаваціць цябе ў гэтым. Я добра разумею, што гэта была частачка твайго жалю. Зламаны інструмент лёгка фальшывіць. Хай лепей маўчыць. Для мяне гэта было горкае маўчанне — для цябе, безумоўна, у многа разоў гарчэйшае. Вось таму я і павінен быў неяк выкарыстаць гэты выпадак, каб мы пагаварылі яшчэ раз — я на гэта вельмі спадзяваўся...

Але ўсё роўна было б так добра, калі б ты хоць папыталася, куды я хадзіў. Гэта ж апошнім часам быў незвычайны выпадак, каб я ў нядзелю з самае раніцы на ўвесь дзень пайшоў з дому, — а ты нават не здзівілася.

Ты хуценька паправіла агонь у печцы і адразу вярнулася на кухню: не паспела прынесці гарачы ручнік, як зноў пабегла паглядзець, ці нагрэлася вада ў ванне. Ты нібыта і не пакідала мяне, але і не старалася быць бліжэй да мяне. Безумоўна, любая гаспадыня ў сваёй хаце робіць гэтак, як і ты, але я хачу сказаць вось пра што — пра тваю вельмі разлічаную ўраўнаважанасць у тыя хвіліны. Ты напраўду была вельмі ўмелая. Імкнучыся надаць нашаму маўчанню натуральнасць, ты бліскуча, з дакладнасцю электрычнага лічыльніка адлічвала час. Каб зламаць маўчанне, я вырашыў паказаць, што раззлаваўся, але і гэта не памагло. Твае намаганні былі папраўдзе гераічныя, я адразу звяў і з усёю вастрынёю адчуў, які я недарэчна саманадзейны. Застылае між намі ледзяное поле, як выявілася, было намнога таўсцейшае, чым я думаў. Зусім не тоненькая скарынка лёду, якую растапіла б першая, што трапілася, зачэпка. Усе пытанні, якія падрыхтаваў я па дарозе, — ці зачэпкі для размовы — былі не болей чым агеньчык на запалцы, якая ўпала на айсберг.

Я, ведама, не быў такі аптымістычны, каб думаць, быццам змагу паставіць перад табою ўзоры двух тыпаў твару і сказаць, падрабляючыся пад сапраўднага гандляра: ну, які падабаецца табе болей? Першая ўмова — каб мая маска не кідалася ў вочы як маска, і таму мне не трэба раскрываць сапраўднага сэнсу свайго пытання. Інакш я дачакаюся толькі злосных насмешак і кпінаў. I цяпер мае пытанні павінны быць, натуральна, найболей ускосныя, бо я не збіраўся займацца гіпнатызмам. Але далей за гэта мае планы не ішлі, і ўдача, якую з цяжкасцю я ўхапіў, бо не шкадаваў ног, як добры сышчык, — гэтая ўдача траха не абярнулася мне бядою. Але я ўсё роўна спадзяваўся, што ў патрэбную мінуту змагу выкарыстаць яе як трэба. Напрыклад, я з лёгкім сэрцам разбіраў твары сваіх сяброў, міжволі працягваючы нітачку да твайго густу.