Але ты — не рыба, каб задавальняцца маўчаннем. Маўчанне — цяжкае табе выпрабаванне. Не хто іншы, як я, вельмі пакутаваў, калі пагардліва адклікаліся пра нейкі твар, а ты, ведаючы гэта, усё ж падтрымлівала мяне.
Лаючы сябе за крывадушнасць, я моўчкі прайшоў міма маўчання, вярнуўся ў свой кабінет, замкнуў у шафе інструменты для фармоўкі і сённяшні трафей, a потым, як звычайна, пачаў размотваць бінт, каб змазаць твар крэмам і зрабіць штодзённы масаж. Але рука раптам спынілася на паўдарозе, і я заблудзіўся ў дыялогу з субяседнікам, якога не было.
— He, гэта не простая прынада... Колькі дзесяткаў калорый агню трэба, каб растапіць гэтае маўчанне? Гэта ведае толькі мой страчаны твар. Можа, маска і ёсць адказ?.. Але калі не будзе твае парады, я не змагу зрабіць маскі... Дык, можа, лепей уеё кінуць?.. Але калі недзе не разарваць гэтага заганнага кола, дык і будзе паўтарацца ўсё тое самае, як у дурной арлянцы. I ўсё роўна траціць надзеі не трэба. Калі не ўдасца растапіць усяго маўчання цалкам, трэба паспрабаваць раскласці дзе-небудзь хоць маленькае — толькі рукі пагрэць — вогнішча...
Быццам вадалаз, які надзяе свой касцюм, я зноў старанна намотваў бінт. З выстаўленым напаказ гнездзішчам п’явак я не меў упэўненасці, якая дала б магчымасць мне адолець цяжар маўчання.
Каб схаваць напружанне, якое скавала мяне, абыякаваю кашэчаю хадою, быццам нічога не здарылася, я вярнуўся ў гасціную. Робячы выгляд, што зачытаўся вячэрняю газетаю, краечкам вока я сачыў, як ты хадзіла на кухню і з кухні. Ты не ўсміхалася, але ў цябе, калі ты рабіла то адно, то другое, ні на імгненне не перастаючы рухацца, быў такі надзіва лёгкі выраз твару, быццам ты вось-вось усміхнешся. Гэта быў напраўду дзіўны выраз, які з’яўляўся ў цябе міжволі, і я нават падумаў: ці не быў самым галоўным стымулам, які прымусіў мяне зрабіць табе прапанову, іменна гэты выраз твайго твару, які нечакана мяне зачараваў?
(Ці не пісаў я ўжо пра гэта? Хай сабе, калі і паўтаруся, страху няма. Мне, бо я шукаю сэнсу ў выразе твару, ён быў як святло маяка. Нават цяпер, калі я гэта пішу і думаю пра цябе, першае, што ўсплывае перад вачыма, — зноў той выраз твайго твару. У тую самую секунду, як на тваім вонкава абыякавым твары паявілася ўсмешка, у выразе яго нечакана нешта зазіхацела, і ўсё, азоранае гэтым святлом, раптам адчула ўпэўненасць, пацверджанне свайго існавання...) Шчодра дорачы гэты выраз вокнам, сценам, лямпам — усяму, што было навокал цябе, у мой бок ты не магла прымусіць сябе павярнуцца. I хоць я лічыў, што гэта зусім натуральна, і ні на што, увогуле, не спадзяваўся, я раптам адчуў, што мне было б даволі, калі б удалося прымусіць цябе павярнуцца ў мой бок, каб убачыць выраз твайго твару.
— Пагаворым.
Але калі ты павярнулася да мяне, гэты выраз ужо знік.
— Сёння я хадзіў у кіно.
Ты чакала, што я скажу далей, зазіраючы ў шчыліны між бінту з такою ўвагаю, што яе нават нельга было прыняць за ўвагу.
— He, не таму, што хацеў паглядзець фільм. Проста мне трэба была цемра. Калі ідзеш па вуліцы з такім тварам, пачынае душыць усведамленне, што робіш нешта благое. Дзіўная гэта штука — твар... Раней я пра яго зусім не думаў, а як толькі яго страціў, мне здаецца, што ад мяне адарвана палавіна свету...
— Які быў фільм?
— He помню. Напэўна, таму, што зусім страціў галаву. Праўда, мяне раптам спасцігла ідэя гвалту. I тады я, быццам ратуючыся ад дажджу, уляцеў у першы кінатэатр...
— А дзе гэты кінатэатр?
— Ці не ўсё роўна дзе. Мне трэба была цемра.
Ты з асуджэннем падціснула губы. Але вочы журботна прыжмурыліся, паказваючы, што ты не толькі мяне вінаваціш. Мяне ахапіла жорсткае раскаянне. Я не павінен быў гэтага рабіць. Трэба было гаварыць зусім пра другое.
— ...Дык вось, тады я і падумаў. Можа, варта часам хадзіць у кіно. Там усе гледачы нібыта бяруць нaпракат у акцёраў твары і надзяюць іх. Нікому не патрэбен свой твар. Кіно — гэта такое месца, куды ходзяць, каб, заплаціўшы грошы, на нейкі час памяняцца тварамі.
— Ага, мабыць, часам хадзіць у кіно варта.
— Я думаю, варта, твая праўда. Ва ўсякім выпадку, там цёмна. Ну што гэта за фільм, калі твары акцёраў не падабаюцца. Праўда? Ідзеш жа, каб узяць напракат гэтыя твары і надзець на сябе. Таму, калі добра яны не падыдуць, — палавіна цікавасці прападае.