— А хіба няма фільмаў без акцёраў? Ну, напрыклад, дакументальныя...
— He мае значэння. Няхай у іх няма акцёраў, але ж твары ўсё роўна ёсць. Нават рыбы, нават насякомыя маюць нейкую фізіяномію. Нават крэслы і сталы маюць свой твар, які можа падабацца ці не падабацца.
— Але ці знойдзецца хто-небудзь, хто будзе глядзець фільм, надзеўшы рыбіную фізіяномію?
Ты затрапяталася, як матылёк, цешачыся з жарту. Праўда была, ведама, твая. Любое маўчанне, безумоўна, лепей, чым выцягваць на святло гэту рыбіную фізіяномію.
— He, ты памыляешся. Гаворка ідзе зусім не пра мой твар. Твару ў мяне ж няма, а значыць, ён не можа ні падабацца, ні не падабацца. Ты — другая справа. У цябе не можа не быць пытання, з якімі акцёрамі ты хочаш глядзець фільм.
— Што б ты ні гаварыў, усё роўна мне падабаюцца фільмы без акцёраў. Мне няма ніякае радасці ні ад трагедыі, ні ад камедыі.
— Ну чаму, ну чаму ты заўсёды стараешся мне саступіць!
Міжволі тон у мяне стаў рэзкі, усё мне неяк раптам надакучыла, і пад бінтам я скрывіў агідную грымасу, якой усё роўна ніхто не мог убачыць. Можа, ад таго, што зноў стала горача, п’яўкі заварушыліся, і ўвесь твар вакол іх заняўся свербам.
Гэта не было маўчанне, якое можна адолець такім спосабам. З якога боку мы ні падступаліся да размовы, яна ўвесь час замірала ў тым самым месцы. У мяне не хапіла духу прадаўжаць, і я змоўк. Наша маўчанне было не ад таго, што ўсё ўжо сказана. Гэта было горкае маўчанне, калі ўся наша размова рассыпалася на дробныя кавалачкі.
Потым некалькі тыдняў я рухаўся моўчкі, механічна, быццам перасоўваючы ўзятыя напракат суставы. Але аднойчы я раптам заўважыў, што лістоўніца за акном зіхціць на ветры тоненькімі зеленаватымі парасткамі, абвяшчаючы, што вось-вось настане лета. Таксама нечакана прыйшло і маё рашэнне. Гэта здарылася ў той вечар, калі я, памятаеш, раптам закрычаў за ядою — што было зачэпкаю, забыўся:
— Ну скажы мне, скажы, што прымушае цябе жыць са мною! — Я ведаў, які ні моцны мой крык, ён астанецца ўсяго толькі часткаю маўчання, і, не маючы сілы зірнуць табе проста ў твар, я ўтаропіўся на прарэшак колеру вялай зеляніны каля маленькага зялёнага гузічка на грудзях. I, стараючыся не спасаваць перад сваім голасам, лямантаваў: — Адказвай зараз жа, адказвай! Чаму ты не разводзішся са мною? Цяпер патрэбна поўная яснасць — гэта важна абаім нам. Проста па інерцыі? Гавары, не саромейся. Нельга гвалтоўна прымушаць сябе рабіць тое, чаго самой не хочацца...
Калі я, выгаварыўшыся, замкнуўся ў сваім кабінеце, я быў у такім стане, як папяровы змей, што трапіў пад дождж. Якая сувязь можа быць паміж мною — чалавекам, які з-за такое дробязі, як твар, закаціў такую вар’яцкую сцэну, і мною — кіраўніком лабараторыі з акладам дзевяноста сем тысяч іен? I чым болей я думаў, тым болей ператвараўся ў прадранага змея, ад якога асталіся нарэшце адны дранкі — уся папера разлезлася!..
I калі асталіся адны дранкі і я ачомаўся, дык зразумеў, што грубыя і крыўдныя словы, кінутыя ёй у твар, я павінен быў адрасаваць якраз сабе. Мы жанатыя ўжо восем гадоў — час немалы. Ва ўсякім выпадку, даволі яго, каб адказаць аднаму за аднаго, хто якую любіць яду, а якой не любіць. Ну, а калі мы можам гаварыць адно за адно пра яду, дык чаму не можам рабіць тое самае, калі гаворка ідзе пра твар? Значыць, не было ніякае патрэбы дарэмна вышукваць у нашым маўчанні тэму размовы.
Я пачаў сутаргава капацца ў сваёй памяці. Недзе абавязкова павінна быць даверанасць, у якой ты прызначаеш мяне сваім прадстаўніком. Не можа не быць. А калі мы былі такія далёкія адно ад аднаго да гэтай страшнай бяды, дык што ж я збіраюся вярнуць, распачынаючы гэтую важданіну з маскаю? Значыць, мне проста няма чаго вяртаць. I калі няма ані нічога, што мы павінны былі хаваць адно ад аднаго ўсе гэтыя восем гадоў, якія сплылі без ніякіх падзей, мне няма чаго сумнявацца ў гэтым цяпер, калі я агароджаны стратаю выразу — сцяною таўсцейшаю, чым мой бінт. Выходзіць, я ўжо страціў права патрабаваць чаго-небудзь. А калі я нічога не страціў, дык не магу ж патрабаваць і кампенсацыі. Можа, мне варта змірыцца з тым, што маё колішняе аблічча таксама маска, і, не працівячыся, задаволіцца цяперашнім сваім становішчам?
...Праблема вельмі глыбокая. Сам факт, што я лічыў яе глыбокаю, быў надзвычай глыбокі. Выходзіць, проста нават з-за самалюбства я павінен выканаць місію прадстаўніка. Гэтая работа не надта вабіла мяне, але, мабілізаваўшы ўсе ўспаміны, уражанні, размовы, я стварыў тваю мадэль і стаў прыпамінаць, якія рысы твару падабаліся табе, і, паставіўшы сябе на тваё месца, паспрабаваў уявіць выраз твару розных мужчын. Я зведаў агіднае адчуванне, быццам за каўнер залез вусень. Але перш чым вызначыць, якія ж гэтыя мужчыны, як мне агулам ухапіць, які ж я сам? Лінза, безумоўна, павінна быць наглуха зафіксавана. Калі яна будзе калывацца, дык глядзі ці не глядзі, нічога не ўбачыш. I цяпер, калі я з усяе сілы стараўся разгледзець цябе, ты, здавалася, то ператваралася ў кропку, то ў лінію, то ў паверхню і, нарэшце, стала бясформнаю пустатою і праскочыла праз сетку маіх пяці пачуццяў.