Я збянтэжыўся. Што ж я бачыў, з якім пачуццём жыў гэты зусім не кароткі час? Няўжо я так мала ведаў пра цябе? Я замёр, разгублены, перад тваім унутраным светам — невядомаю краінаю, ахутанаю бяскрайнім малочным туманам. Мне стала так брыдка, што я гатовы наматаць сабе на твар яшчэ гэтулькі бінту.
Але, наадварот, можа, добра, што аднойчы вось гэтак я быў прыпёрты да сцяны. Я выкінуў з-за каўняра вусеня, узяў сябе ў рукі і вярнуўся ў гасціную — ты сядзела, ашчаперыўшы рукамі твар, перад тэлевізарам з выключаным гукам. Напэўна, ціха плакала. Як толькі я гэта ўбачыў, адразу зразумеў, што можа быць зусім другое тлумачэнне, чаму я аказаўся няздольным быць тваім прадстаўніком.
Нельга, мабыць, сцвярджаць, што як прадстаўнік я быў ідэальны. Ва ўсякім разе, цвёрда можна сказаць, што я вёў перамовы з табою аднабакова, нават не ўяўляючы, што ты можаш выказваць асаблівую цікавасць да мужчынскага твару. Да чаго ж гэта прывяло? Цяпер я мушу ператварыцца ў зводніка! Хіба гэта не звычайная форма шлюбу, калі з самага пачатку адкідаецца пытанне пра тое, які густ у твае жонкі ў адносінах да мужчынскіх твараў (густ у ядзе — іншая справа). Калі мужчына і жанчына бяруць шлюб, яны павінны адкінуць падобныя сумненні і цікаўнасць. Калі ў гэтым няма згоды, дык лепей не пачынаць такое клопатнае справы.
Ціхенька, каб ты не заўважыла, я падышоў ззаду — пахла, як ад асфальту пасля дажджу. Можа, гэта быў пах тваіх валасоў. Ты павярнулася, некалькі разоў шмарганула носам, быццам прастудзілася, і, каб рассеяць мае ілюзіі, паглядзела на мяне ясным глыбокім паглядам — ён, здавалася, быў намаляваны. З выключна празрыстым выразам, якога зусім няма, — гэтак сонечныя промні пранізваюць лес, аголены халодным асеннім ветрам...
Тады гэта і здарылася. Дзіўны парыў ахапіў мяне. Можа, рэўнасць? Магчыма. У маім нутры камячок, падобны на калючую шышку-дзеда, пачаў разрастацца і стаў велічынёю з вожыка. I адразу за гэтым я раптам заўважыў, што крытэрый выразу твару, маё блуднае дзіця, якое, здавалася, ніколі не знойдзецца, стаіць побач са мною. Гэта была нечаканасць. Такая, што нават сам я не мог усвядоміць гэтую нечаканасць. Але не думаю, што гэтак ужо я здзівіўся. Як я раней не зразумеў, што, апрача гэтага адказу, другі немагчымы? Вось гэта здалося мне неразумным.
Я пакіну ўбаку гэта «як» і пачну з вываду, да якога прыйшоў. Мая маска паводле Бланавай класіфікацыі павінна была належаць да чацвёртага тыпу. «Негарманічны, экстравертны тып». Твар востра выдаецца наперад каля носа... З пункта погляду псіхамарфалогіі — валявы, дзейсны твар...
Усяго гэтага было вельмі мала, і я адчуў, што траха не абдураны. Але калі ўдумацца, тлумачэнне можна было знайсці. Вось жа кукалка пры ператварэннях, астаючыся ў тым самым стане, рыхтуецца да пераходу ў новы. Пасля таго як я сутыкнуўся з рэзкім змяненнем сэнсу твару, з таго, што я выбіраю, яно стала тым, што мне выбіраюць, — мне не аставалася нічога больш, як уважліва сачыць за табою, плетучыся наўздагад, як чалавек у цемры, які, расплюшчаныя ў яго вочы ці заплюшчаныя, глядзіць ён направа ці налева, бачыць толькі адно — цемень. I хоць патрэба, што паявілася цяпер, сачыць за табою раніла маю самалюбнасць, прымушала нервавацца, раздражняцца, перажываць прыніжэнне, хоць я ўжо стаміўся ад сваіх бясконцых думак, я ўсё роўна не мог ні на хвіліну адарваць ад цябе вачэй.
Я прагнуў наблізіцца да цябе і адначасна прагнуў аддаліцца ад цябе. Хацеў пазнаць цябе і ў той самы час працівіўся гэтаму. Імкнуўся бачыць цябе, але, гледзячы на цябе, адчуваў прыніжэнне. I вось у такім стане, калі трэшчына між намі рабілася ўсё глыбейшая, мне не аставалася нічога больш, як сціскаць рукамі шклянку, ледзь зберагаючы яе форму.
Вось гэта я добра разумеў. Разумеў, што гэта была хлусня, якую сам я выдумаў і якая была мне вельмі зручная, — быццам ты ахвяра, прыкаваная ланцугом да мяне, чалавека, які не мае ўжо на цябе ніякага права. I ты пакорліва, па сваёй ахвоце ўзяла сабе такую долю. I ці не самой табе свяціла тое ззянне на тваім твары, калі быў ён сур’ёзны, а потым азарыўся ўсмешкаю? Значыць, як толькі табе ўздумаецца, у любую хвіліну ты можаш мяне пакінуць. Але ці ўяўляеш ты, як гэта страшна мне? У цябе ёсць тысяча выразаў твару — у мяне ніводнага. Але варта было мне ўспомніць, што пад кімано ў цябе жыве цела і скура непаўторнай эластычнасці, непаўторнай тэмпературы, я пачынаў сур’ёзна думаць пра тое, што канца маім пакутам не будзе да таго часу, пакуль я не праткну тваё цела вялізазнаю іголкаю — нават калі гэта забярэ ў цябе жыццё — і не ператвару цябе ў экспанат калекцыі.