I ўсё гэта таму, што маю душу раздзірала зацятая барацьба двух імкненняў — імкнення аднавіць сцяжынку паміж намі і помслівасці, якая прымушала хацець твайго знішчэння. Урэшце я ўжо не мог пазнаць, дзе адно пачуццё, дзе другое, і поза, калі страла з майго лука нацэлена на цябе, стала звычайная, штодзённая, а потым у сэрцы маім нечакана выгравіраваўся твар паляўнічага.
Твар паляўнічага не можа належаць да «гарманічнага, інтравертнага тыпа». З такім тварам я або ператваруся ў сябра птушачак, або, наадварот, у здабычу звяроў. У такіх умовах рашэнне маё не толькі не здавалася нечаканым, але, можна сказаць, было непазбежнае. Можа, таму, што я быў аслеплены дзейсным дваістым характарам маскі — адмаўленне твару і, адначасна, стварэнне новага твару — і выпусціў з віду галоўнае: нават гэта асляпленне ёсць адна з формаў дзеяння, — можа, таму немінуча выпала мне такая кружная дарога.
Існуюць «уяўныя лікі». Дзіўныя лікі, якія пры ўзвядзенні ў квадрат ператвараюцца ў адмоўныя. У масцы таксама ёсць нешта падобнае з імі: накласці маску на маску — тое самае, што не надзяваць яе зусім.
Варта было толькі выбраць тып — астатняе было проста. Адных фатаграфій, сабраных у матэрыялах для мадэліравання твару, я прагледзеў шэсцьдзесят восем, і болей за палавіну з іх належала да «тыпу твараў, якія выдаюцца наперад каля носа». Усё было гатова, нават вельмі гатова.
Я вырашыў неадкладна ўзяцца за работу. Пад рукамі ў мяне ніякіх узораў не было, але я паспрабаваў маляваць у сваёй галаве твары, як маляваў бы карціну, напісаную нябачнаю фарбаю, накладваючы слой за слоем і так навобмацак вызначаючы кожны раз, якое ўражанне робіць яна на цябе. Найперш на злепку з сурмы я заліў запененай драўнянай смалой усе мясціны, з’едзеныя п’яўкамі. Зверху замест гліны я стаў, слой за слоем у пэўным кірунку, трымаючыся Лангеравых ліній, накладаць тонкія пластыкавыя стужкі. Дзякуючы паўгадавой трэніроўцы мае пальцы, нібыта пальцы ў гадзіншчыка, якія навобмацак вызначаюць скрыўленне валаска спружыны, разбіраліся ў найдрабнейшых дэталях твару. Колер твару я падбіраў пад колер скуры каля запясця. Каб скроні і падбародак былі святлейшыя, я выкарыстаў матэрыял, дамяшаўшы ў яго крышку тытанавай кіслаты, а каб шчокі былі ружавейшыя, дабавіў чырвонага кадмію. Набліжаючыся да паверхні, я ўсё асцеражней выкарыстоўваў фарбавальнікі. Асабліва вялікае патрэбна было майстэрства, каб лёгкім, шараватым налётам каля ноздраў перадаць узрост. Нарэшце растопленай драўнянай смалою заліў я празрысты слой — тонкую плёнку з флюарэсцэнтнымі рэчывамі, якая мае каэфіцыент пераламлення прыкладна такі самы, як керацінавы слой, і на якой была ўзноўлена паверхня скуры, што я купіў. Потым атрыманую абалонку я вельмі нядоўга трымаў пад параю пад вялікім ціскам, і яна сціснулася і застыла, як вылітая. Маршчын пакуль не было, і таму яна была гладкая і не мела выразу. Але ўсё роўна здавалася, быццам гэта нешта жывое, толькі што злупленае з жывога чалавека.
(Пакуль мне ўдалося дамагчыся гэтага, прайшло дваццаць два — дваццаць тры дні.)
Наступная праблема: што рабіць з палоскаю злучэння маскі са скураю. На лобе яе ўдасца як-небудзь па-майстэрску прыкрыць валасамі. (На шчасце, валасоў у мяне хапае, дый яны крышку кучаравыя.) Вакол вачэй, калі нарабіць болей дробных маршчын, накласці гусцейшай фарбы і надзець акуляры, ніхто нічога не заўважыць. Губы можна будзе падгарнуць усярэдзіну, а краі замацаваць на дзяснах. Ноздры ўдасца злучыць з цвёрдымі трубкамі і ўставіць трубкі ўсярэдзіну. Цяжэй было з падбародкам. Выйсце было толькі адно — яго схаваць можна пад барадою.
Надраўшы з галавы валасоў і выбраўшы самыя тонкія, я ўтыкаў адзін за адным, стараючыся зберагчы кірунак і вугал, па дваццаць — трыццаць штук на кожны квадратны сантыметр. Кончылася і гэтая работа — адна яна заняла дваццаць дзён, — але мяне яшчэ мучыла пачуццё псіхалагічнага пратэсту. У мінулым стагоддзі барада была звычайнаю з’яваю, а цяпер, што ні кажы, гэта манернічанне. Напрыклад, варта мне пачуць слова «барада», і, як гэта ні сумна, яно асацыіруецца, помніш, з тым паставым паліцэйскім каля вакзала.