Зірнуў у люстэрка. На мяне холадна глядзеў незнаёмы чалавек. Як я і чакаў, няма ні рыскі, якая нагадвала б мяне. Поўнае пераўвасабленне. I колер, і глянец, і поўнае адчуванне скуры, — увогуле, можна гаварыць пра поспех. Але адкуль жа гэтая ненатуральнасць? Можа, люстэрка кепскае... Ці святло падае неяк ненатуральна... Я рыўком адчыніў аканіцы і ўпусціў у пакой сонца.
Вострыя асколкі промняў, вібрыруючы, як шчупальцы насякомых, праніклі ва ўсе куткі маскі. Выразна ўсплылі на паверхню поры, дробныя ранкі, нават разгалінаваныя найдрабнейшыя вены. I нідзе нельга было заўважыць дэфекту. Але ў чым жа тады прычына, што я быў незадаволены? Ці не таму ўжо, што маска нерухомая і страціла выраз? Нешта такое, што нагадвае непрыемны, ажно жах бярэ, твар нябожчыка, нарумянены пад жывое. Паспрабаваць хіба пашавяліць якім-небудзь мускулам? Спецыяльна я яшчэ нічога не падрыхтаваў, каб прыклеіць маску да твару, — я збіраўся выкарыстаць што-небудзь накшталт клею ці ліпучага пластыру, але меншай канцэнтрацыі, — дык не змагу дакладна перадаць маскаю рухаў мускулаў, відаць, мне ўдасца зрабіць гэта толькі каля носа і рота, дзе маска найболей шчытна прылягае да твару.
Найперш напружу куткі рота і паспрабую крышку расцягнуць іх управа і ўлева. He дарэмна я так уважліва паставіўся да анатамічнае праблемы, бо яна дала мне вельмі многа клопату, — слой за слоем накладваўся матэрыял, які мае пэўную накіраванасць. Натхніўшыся, я вырашыў паспрабаваць цяпер усміхнуцца папраўдзе. Але маска ані не ўсміхалася. Толькі крышку скрывілася. Цяпер у ёй адчувалася смерць куды болей, чым калі яна была нерухомая. Я разгубіўся, мне здалося, што нітачка, якая звязвае мае вантробы, парвалася, і ў грудзях стала пуста.
...Але я не хачу, каб ты мяне няправільна зразумела. У мяне ж і ў думках не было стаць у трагічную позу, гандляваць сваім няшчасцем. Ці добра, ці блага, але гэта была маска, якую я сам сабе выбраў. Твар, да якога я нарэшце прыйшоў пасля шматлікіх эксперыментаў. Калі я незадаволены, дык лепей самому і перарабіць, як мне падабаецца. А калі пытанне не ў тым, як яна зроблена, што ж мне тады рабіць? Ці змагу я пасля пакорліва прызнаць, што гэта мой твар, і безагаворачна прыняць яго? I тады я адчуў, што гэтая спустошанасць, ад якой я зусім заняпаў духам, была выклікана не так разгубленасцю перад новым тварам, як безвыходнасцю знікнення, быццам я ўбачыў, як мой асабісты вобраз хаваецца ад мяне пад шапкаю-невідзімкаю. А калі так, ці ўдасца мне здзейсніць далейшыя планы?
Выраз твару нагадвае гадавыя кольцы, якія выразаюцца жыццём, і, можа, дарэмна я адразу не паспрабаваў засмяяцца. Жыццёвыя ўмовы выклікаюць паўтор пэўных выразаў твару, і яны застываюць, напрыклад, у выглядзе маршчын, складак. Твар, які заўсёды ўсміхаецца, прывыкае да натуральнае ўсмешкі. I, наадварот, сярдзіты твар прывыкае да сярдзітага выразу. Але на маёй масцы, як на твары ў немаўляці, не адбілася ніводнага гадавога кальца. Як бы ні ўсміхалася дзіця, надзеўшы твар саракагадовага, яно будзе падобнае на пярэваратня. Безумоўна! Абавязкова! Таму першае, што я ўключу ў план пасля таго, як затаюся ў сваім сховішчы, — прывучыць маску да маршчын. Калі гэта ўдасца, маска стане мне родная, зручная пры карыстанні. Я, увогуле, з самага пачатку прадбачыў нешта падобнае, і таму цяпер не было ніякіх падстаў адчайвацца. Спрытна падмяніўшы адно пытанне другім, я не толькі не прыслухаўся да ўколаў сумлення, а, наадварот, паступова вязнуў усё глыбей і глыбей.
Ну вось, як быццам я і падышоў да сховішча ў доме S, з якога пачаў свае запіскі. Дзе ж гэта я збочыў?.. Ага, ведама, калі я астаўся адзін і пачаў размотваць бінт... Ну што ж, буду прадаўжаць цяпер з тае самае мясціны.
Першае, за што я павінен быў узяцца ў сваім сховішчы, гэта прывучыць маску да маршчын. Ніякія адмысловыя прыстасаванні не патрэбныя — гэта была велізарная руплівая праца, на якую трэба было сабраць усю сваю волю, цярпенне і ўвагу.
Спачатку ўвесь твар я змазаў адмысловым клеем. Маску трэба было надзяваць з носа. Я шчытна ўставіў у ноздры трубкі, потым прымацаваў да дзяснаў загубінкі маскі, пасля прыціснуў яе да носа, шчок і падбародка, старанна разгладзіў, каб нідзе не было складак. Пачакаўшы, пакуль маска прыстане да твару, я стаў праграваць яе інфрачырвонаю лямпаю і, пакуль трымалася пэўная тэмпература, паўтараў той самы мімічны рух. Матэрыял, з якога была зроблена маска, меў такую ўласцівасць, што, калі ён награваўся вышэй пэўнае тэмпературы, эластычнасць яго рэзка зніжалася, і таму ў кірунку, загадзя нададзеным матэрыялу, гэта значыць уздоўж Лангеравых ліній, натуральна ўтвараліся маршчыны, якія адпавядалі пэўнаму выразу твару.