Змест і размеркаванне выразаў твару ў працэнтах могуць быць пададзены такім чынам:
Канцэнтрацыя зацікаўленасці — 16%
цікаўнасць — 7%
згода — 10%
задавальненне — 12%
смех — 13%
адмаўленне — 6%
незадаволенасць — 7%
агіда — 6%
сумненне — 5%
збянтэжанасць — 6%
заклапочанасць — 3%
гнеў — 9%
Я не лічыў, безумоўна, што можна задаволіцца, расклаўшы такую складаную i далікатную з’яву, як выраз твару, толькі на гэтыя асноўныя элементы. Але калі змешваць іх на палітры ў розных камбінацыях, удасца атрымаць любыя адценні. Наўрад ці трэба гаварыць, што працэнты паказваюць частату пэўнага выразу. Карацей кажучы, я ўявіў чалавека такога тыпу, у якога эмоцыі прыкладна адпавядаюць гэтай прапорцыі. Безумоўна, калі б у мяне папыталіся, што прынята за крытэрый, мне было б цяжка адразу адказаць. Проста я паставіў сябе ў становішча спакушальніка і, уявіўшы сцэну, у якой я стаю перад табою і якая сімвалізуе іншых людзей, адзін за адным узважваў выразы твару. Як дурань, я зноў і зноў то плакаў, то смяяўся, то злаваўся, і гэтак да раніцы. Таму на другі дзень я прачнуўся толькі пад вечар. Шчыліны ў аканіцах прапускалі промні святла, якія быццам праходзілі праз чырвонае шкло. Здаецца, пайшоў доўгачаканы дождж. Але настрой ані не лепшаў. Стома, даўкая, як настоены чай, скавала ўсё цела. Асабліва пякло і балела ў скронях. I не так сабе. Болей за дзесяць гадзін я шавяліў мімічнымі мускуламі. I не проста шавяліў імі, а да канца напружваў нервы — калі смяяўся, дык напраўду смяяўся, а калі злаваўся, дык таксама напраўду.
Ва ўсякім разе, за гэты час нават самы непрыкметны выраз глыбока ўразаўся ў паверхню майго новага твару, як герб, які не церпіць паправак. I калі б я ўвесь час смяяўся фальшыва, на маёй масцы назаўсёды асталася б пячаць твару, здольнага смяяцца толькі штучна. Таму, якія б імгненныя ні былі адбіткі, я не мог да іх ставіцца абыякава, бо яны ў выглядзе формы будуць зарэгістраваны маскаю як гісторыя майго жыцця.
Я падрыхтаваў гарачы ручнік і памасажыраваў твар. Пара пранікла ў скуру, якая запалілася ад таго, што інфрачырвонаю лямпаю я стымуляваў потавыя залозы, а клеем забіў поры. Гэта адмоўна паўплывала і на келоіды. Але нічога страшнейшага за тое, што ўжо здарылася, адбыцца не магло, і наўрад ці варта было залішне непакоіцца. Мёртваму ўсё роўна — ці яго крэміруюць, ці закапаюць.
Тры дні я паўтараў тое самае ў тым самым парадку. Тое, што трэба было папраўляць, я паправіў, усё прыйшло да нормы, і на трэці дзень мне захацелася паспрабаваць паснедаць у масцы. Калі-небудзь я абавязкова сутыкнуся з такою патрэбаю, дык лепей цяпер праверыць усё на практыцы. Так ствару я ўмовы самыя натуральныя. Пасля таго як клей даволі застыў, я ўскудлаціў валасы і прыкрыў імі краі маскі, надзеў цёмныя акуляры з карычневым шклом, каб мяжа маскі вакол павекаў не кідалася ў вочы, і ўвогуле ўсё падрыхтаваў, быццам збіраўся выйсці з хаты.
Перасільваючы спакусу зазірнуць у люстэрка, што вісела насупраць мяне, я паставіў на стол кансервы, што асталіся ад учарашняе вячэры, і хлеб. Уявіўшы сябе ў рэстаране ці яшчэ ў якой-небудзь зале, дзе я ем разам з мноствам людзей, паволі падняў галаву і глянуў у люстэрка.
Той, ведама, таксама падняў галаву і паглядзеў на мяне. Потым, у такт руху майго рота, пачаў жаваць хлеб. Калі я еў суп, ён таксама яго еў. Наша дыханне супадала, і гэта было вельмі натуральна. Адчуванне чужых губ, прытупленыя нервы не давалі магчымасці добра адчуць смак яды, заміналі жаваць, але, калі прывыкнуць, можна пра ўсё забыцца, як забываюцца пра ўстаўныя зубы. Толькі вось з куткоў рота сцякалі каплі сліны і супу, і я зразумеў, што за гэтым трэба ўвесь час сачыць.
Раптам ён падняўся і падазрона ўтаропіўся на мяне. У тое імгненне мяне ахапіла адчуванне нейкай дзіўнай гармоніі — узбуджэння, перамяшанага з уціхаміраннем. Вастрыня ўспрымання і ап’янення — быццам я прыняў дужа вялікую дозу спіртнога і яно адразу пачало дзейнічаць. Можа, тады мая шкарлупіна недзе трэснула? Нейкі час мы глядзелі адзін на аднаго — ён усміхаўся першы, я ўсміхаўся ў адказ, а потым, не сустрэўшы ніякага супраціўлення, праслізнуў у яго твар. Мы імгненна зліліся, і я стаў ім. He думаю, каб гэты твар мне неяк асабліва падабаўся, разам з тым не было і такога, каб не падабаўся, — ва ўсякім разе, я цяпер стаў адчуваць, мысліць гэтым тварам. Усё ішло так добра, што нават я сам, выдатна ведаючы сваю падробку, сумняваўся, ці ёсць гэтая падробка на самай справе.