Напраўду, вельмі ўжо ўсё гладка. Ці не трэба баяцца, што потым узнікнуць пабочныя з’явы ад таго, што хлёбнуў адразу ўсё? Я адышоўся назад на пяць-шэсць крокаў і прыжмурыўся. Улавіўшы момант, калі я здаваўся асабліва непрыемным, шырока расплюшчыў вочы. Але твар, як камертон, прадаўжаў ліць тую самую ўсмешку. Нібыта ніякай памылкі. Як ні лічы, я, здаецца, памаладзеў не меней чым на гадоў пяць.
Што ж тады так непакоіла мяне да ўчарашняга вечара? Можа, залішне я разважаў, што не трэба асабліва саромецца, што скура твару не мае ніякага дачынення да чалавечага характару, бо сам быў загадзя перакананы? У параўнанні з гнездзішчам п’явак ці з маскаю з бінту цяперашняя маска з сінтэтычнае смалы куды болей падобная на жывы твар. Калі першая — дэкаратыўныя дзверы, намаляваныя на сцяне, дык гэтую можна параўнаць з шырока адчыненымі дзвярыма, праз якія льецца сонечнае цяпло.
...Нечыя крокі, якія, здавалася, я чую ўжо даўно, станавіліся ўсё мацнейшыя, набліжаліся. I калі падышлі да самага мяне, выявілася, што гэта маё сэрца. Адчыненыя дзверы падганяюць мяне.
Добра, выходжу! Праз новы чужы твар выходжу ў свет новых чужых людзей!
Сэрца часта білася. У душы маёй змагаліся надзея і трывога, як у дзіцяці, якому ўпершыню дазволілі аднаму ехаць у цягніку. Дзякуючы масцы ўсё, безумоўна, зменіцца. Не толькі я — увесь свет пакажацца зусім у новым уборы. I ганебны сорам стаў неўзабаве апускацца недзе, зацягнуты вірам надзей.
ПАСТСКРЫПТУМ. Думаю, трэба прызнацца: у той дзень я прыняў вялікую дозу снатворнага. Не, не толькі ў той дзень. З нейкага часу я раблю гэта штодня. Але не дзеля таго, як можа гэта адразу здацца, каб паралізаваць трывогу. Мэта была найхутчэй такая: зняць непатрэбнае нервовае напружанне і зберагчы разумны стан. Як я шмат разоў паўтараў, мая маска павінна была азначаць барацьбу з беспадстаўным папярэднім меркаваннем адносна твару. Мне трэба было ўвесь час помніць пра гэта, быццам я кіраваў складанаю машынаю.
І яшчэ адно... Калі я прыняў, змяшаўшы ў патрэбнай прапорцыі, снатворнае і заспакаяльнае, дык некалькі мінут пасля іх быў у ціхамірна-спакойным стане, быццам глядзіш усярэдзіну самому сабе праз лінзы тэлескопа. Лічачы, што гэта наркатычнае ап’яненне, я не хацеў пісаць пра гэта, але цяпер мне здаецца, што перажытае ў тыя хвіліны мае сэнс намнога глыбейшы, чым я думаў. Напрыклад, нешта, што набліжае мяне да сутнасці адносін паміж людзьмі, аб’яднанымі фальшывым сімвалам, які называецца тварам...
Калі лякарства толькі пачынала дзейнічаць, мне здавалася, быццам я спатыкнуўся аб камень. Нейкае імгненне цела маё плыло ў паветры і крышку кружылася галава. Потым ноздры пачынаў казытаць пах скошанай травы, і сэрца вырывалася ў далёкія прасторы. Не, я выказваюся, мабыць, не зусім дакладна. Нечакана паток часу прыпыняўся, я губляў кірунак, выплываў з патоку. Выплываў не толькі я, усе, хто ляцеў разам са мною, ірвалі колішнія сувязі і рассыпаліся ў розныя бакі. Вырваўшыся з патоку, я перажываў вызваленне, станавіўся незвычайна велікадушны і, згаджаючыся з усім, паўтараў дзіўны паспешны вывад, што і мой твар, у тым сэнсе, што ён нагадвае твар Бодысатвы, якраз як твой. Час, калі я быў зусім абыякавы да таго, што называецца тварам, цягнуўся мінут сем-восем.
Калі паток часу на секунду замёр, я, здавалася, перамог не толькі свае гнездзішчы п’явак, але і сам твар і мог паглядзець на ўсё другімі вачыма. Мабыць, і ў тыя мінуты, калі я, адкінуўшы сумненні, даверыўся чалавечым адносінам, пралезшы праз акно, што называецца тварам, дык перада мною, хай сабе на імгненне, мільганула свабода, якой я не мог і ўявіць. Відаць, я нечакана сутыкнуўся з жахліваю рэчаіснасцю: усе людзі зачыняюць акно душы маскаю з плоці і хаваюць пад ёю гнездзішчы п’явак. Можа, дзякуючы страце твару я змог падысці блізенька да другога, сапраўднага, а не намаляванага на акне свету. Тады гэта прывіднае адчуванне вызвалення — праўда. Тады яно — не часовае ашуканства, прынесенае наркотыкамі.
I потым... Як гэта ні непрыемна... Мая маска лёгка зможа ўзяць на сябе ролю прыкрыцця праўды. Калі ўдумацца, дык не выключана, што ў гэтым якраз і таілася прычына таго, што я саромеўся тады свае маскі. Але маска ўжо прыкрыла мой твар. Дый амаль двайная доза лякарства пачала дзейнічаць, прымушаючы забыцца пра свабоду, якую дае страта твару. Я казаў самому сабе: хай сабе ў свеце казкі, але ж брыдкае качаня атрымала ўсё-такі права ператварыцца ў белага лебедзя...