Каб перарабіцца зусім у другога чалавека, трэба было, натуральна, пачаць з адзення. Але, на жаль, да гэтага я яшчэ не падрыхтаваўся, і другое, у той вечар мне трэба было хоць бы прыйсці да раўнавагі, таму я і вырашыў проста накінуць куртку і выйсці з хаты. Маска была зусім гатовая, нічым не адрознівалася ад твару, і можна было не баяцца, што яна здасца падазронаю.
Лесвіца чорнага ходу рыпела, і было вельмі дзіўна, што я, хоць нібыта ляцеў у паветры, такі цяжкі. На шчасце, я не сустрэў нікога, пакуль дабіраўся да вуліцы. Але, заварочваючы за вугал, сутыкнуўся твар у твар з суседкаю, якая несла сумку з пакупкамі. Я спыніўся, заскрыгатаў ад злосці зубамі, а суседка толькі зірнула на мяне і, як нічога і не было, пайшла сваёю дарогаю. Выдатна. Хіба гэта не самы лепшы доказ таго, што ўсё ў парадку?
Я пайшоў далей. Мне было ўсё роўна куды ісці, бо выйшаў я з адною мэтаю — прывыкнуць да маскі. Выявілася, што і проста ісці — не такая лёгкая работа. Калені не згіналіся, быццам кончылася змазка, дыханне — быццам шарнір заела. Ад сораму, хоць маска і не магла чырванець, ад страху, што могуць дазнацца праўду, я сціснуўся ўвесь і калаціўся, як мокрая курыца. А калі чужое вока і пранікае скрозь маску, дык гэта, напэўна, з-за мае скаванасці. Калі трымаешся як падазроны, цябе і будуць падазраваць. Урэшце я ж толькі паспрабаваў крыху змяніць малюнак на другім баку. Хоць бы не асуджалі мяне. Але калі я сам сябе не падвяду, людзей сустрэчных няма чаго баяцца.
Пакуль я так разважаў, мой энтузіязм некуды выпарыўся, сіла здраджвала пачуццям, гэтаксама як пачуцці здраджвалі сіле, і ў мяне ўсё болей апускаліся рукі. Так прайшло тры гадзіны. Калі трапляліся моцна асветленыя вітрыны, я пераходзіў дарогу, робячы выгляд, што мяне завабіў магазін на другім баку. Калі вуліцу залівала яркае неонавае святло, я выбіраў цёмныя завулкі, нібыта шукаў прыгод. Калі бачыў, што да прыпынку падыходзіць трамвай ці аўтобус, знарок ішоў шпарчэй, каб не спакусіцца — не сесці ў яго. Ці, наадварот, марудзіў, прапускаючы яго наперад. Урэшце я стаміўся ад самога сябе. Колькі б дзён я так ні хадзіў, усё роўна не прывыкну насіць маску.
Мне натрапілася тытунёвая крамка, якая прыляпілася да кандытарскага магазіна. I я вырашыў пайсці на рызыкоўную авантуру. Авантура — гэта надта моцна сказана, проста надумаўся зайсці і купіць цыгарэт. Не паспеў я дайсці да крамкі, як у мяне стала калаціцца пад грудзьмі. Усярэдзіне недзе прарвалася, і паліліся слёзы. Маска адразу стала цяжкая і, здавалася, пачала спаўзаць. Ногі дрыжалі, быццам я спускаўся ў бездань, трымаючыся за тоненькую вяроўку. Дзеля нейкага пачка цыгарэт я падняў гэтулькі шуму, быццам схапіўся з страшыдлам.
Але, не ведаю чаму, варта было мне сустрэцца вачыма з прадаўшчыцаю, якая падышла да мяне з абыякавым выглядам, як мяне быццам падмянілі, раптам я асмялеў. Можа, таму, што прадаўшчыца ўглядалася ў мяне не болей, чым у звычайнага пакупніка, ці, можа, таму, што пачак цыгарэт, быццам мёртвая птушачка, без вагі ляжаў у мяне на далоні? Не, прычына была найхутчэй у той перамене, якую прынесла з сабою маска. Да гэтага часу я толькі ўяўляў чужыя пагляды, я баяўся свайго ценю, але варта было мне сустрэцца з сапраўднымі паглядамі, як я нібыта ўбачыў сваё праўдзівае аблічча. У маім уяўленні маска, можа, выстаўляла мяне напаказ, а на самай справе яна была непразрыстым покрывам, якое хавала мяне. Пад ёю пульсавалі крывяносныя сасуды, потавыя залозы выдзялялі пот, а на паверхні не было ні кроплі.
Так я лёгка збавіўся ад страху пачырванець, але я ўжо быў зусім зматаны. У мяне не стала сілы ісці далей, я ўзяў таксі і вярнуўся проста ў сваё сховішча. Спачатку я замаркоціўся, падумаўшы, што адзінаю кампенсацыяй за ўсё, што я патраціў, быў толькі пачак цыгарэт, але калі прыняць у разлік, што я ўразумеў сябе ў масцы, дык здзелка бачыцца выгаднаю. I пацвярджаецца гэта: калі я, вярнуўшыся ў свой пакой, зняў маску, змыў клей і зірнуў на свой твар, агідныя гнездзішчы п’явак чамусьці не здаліся мне надта ўжо рэальнымі. Маска стала такая рэальная, як і рэальныя былі п’яўкі, і калі маску лічыць часовым абліччам, дык часовым абліччам былі і п’яўкі. Адным словам, маска, здавалася, пускала карані ў мой твар.
На другі дзень я вырашыў смела пашырыць сферу сваіх доследаў. Найперш, як толькі ўстаў, паклікаў адміністратара і сказаў, што калі суседні пакой яшчэ не заняты, дык я хацеў бы наняць яго «малодшаму брату». Гэтым «малодшым братам» быў, ведама, яшчэ адзін я — у масцы.
На жаль, я спазніўся — пакой здалі некаму за дзень да гэтага.
Але гэта не магло прымусіць мяне адмовіцца ад сваіх намераў. Болей таго, я пакарыстаўся гэтым выпадкам, каб расказаць пра «малодшага брата» — мне вельмі важна было, каб адміністратар гэта цвёрда засвоіў.