Выбрать главу

Раз зімой, перад Новым годам, ён вырашыў з'ездзіць да «Еўраопта», купіць з машыны ў знаёмага палешука вэнджанага сала і салёных памідораў у вядзерцы, якія вельмі любіў, а заадно, каб крыху развеяцца, паглядзець на ёлку. Доўга, па-старэчы, апранаўся: абгарнуў шыю шалікам, адзеў падараванае зяцем-французам моднае паліто (прыціснуўшы шалік падбародкам да грудзей), нацягнуў пальчаткі, насунуў на галаву шапку, не забыў пра кіёк. На вуліцы было здорава, сонечна, марозна. Мароз і снег фільтравалі нават гарадское паветра, і здавалася яно чыстым, бадзёрым. Каля прыпынку сабачка ў камізэльцы купаўся ў гурбе снегу.

Самусенка пад'ехаў на тралейбусе два прыпынкі, задумаўся, ледзь не забыў выйсці, а калі выйшаў, забыў прайсці наперад і зрабіць заўвагу жанчыне-кіроўцы за тое, што рэзка тармозіць на светлафоры. Ён няспешна ішоў да «Еўраопта», механічна, думаючы пра сваё, не прапускаў, як сабака, ніводнага слупа, чытаў абвесткі з махрамі тэлефонных нумароў («продам волосы», «куплю квартиру»), і калі адыходзіў ад слупа, спахопліваўся, што не помніць, што ён толькі што чытаў.

Каля «Еўраопта» стаяў білборд з дзвюх палавін; на адной — хакеісты з клюшкамі і надпіс па-беларуску: «Падтрымаем родную каманду!» — на другой — дзяўчынка гадоў дзесяці і надпіс: «Заплаці аліменты!» Усё было б цудоўна і кранальна, калі б мастак-калажыст не перастараўся і на яго плакаце дзяўчынка, замест таго, каб выклікаць спагаду, выйшла развязна-какетлівай, з недвухсэнсоўнай усмешкай,— здавалася, вось-вось яна падміргне і пакліча ўказальным пальчыкам. Насустрач сярэдзінай тратуара ішоў нападпітку мужчына ў шапцы набакір, у расхлістаным кажусе, і спяваў па-беларуску:

— Толькі з табою мне хочацца быць! Толькі з табою!

Самусенка саступіў яму дарогу і з зайздрасцю падумаў:

«І не баіцца, не саромеецца».

— Шчасце, і гора, і радасць дзяліць — толькі з та­бою! — не сунімаўся п'яніца; з рота ў яго разам з песняй выходзіла пара.

Самусенка стаяў і глядзеў яму ўслед, пратыкаючы снег кійком. Зайздрасць не адступала. Гэты мужчына быў ненамнога за яго маладзейшы, а такі вясёлы і шчаслівы. Што ў гэтага чалавека ёсць такое, чаго няма ў яго? Адна на ўсіх вуліца, снег, блізкі Новы год, марозік; значыць, мож­на быць шчаслівым ад мінімальнага, даступнага кожнаму набору маленькіх радасцяў. Чалавеку добра — ён спявае. Як людзі развучыліся адкрыта радавацца; мала таго, само слова шчасце выводзіцца з ужытку, як і слова гора, дарэчы. Не модна ні радавацца, ні бедаваць, застаецца нешта сярэдняе: ні шчасце, ні гора, а абстрактны «поспех». «Што самае галоўнае ў жыцці?» — «Дабіцца поспеху»,— нават малое дзіця скажа. А што такое поспех — ніхто і не ведае. Вось гэты палескі дзяцюк, таксама яго былы студэнт, у якога цяпер ён купляе сала, паспяховы ён? Гледзячы на яго, ён ні аб чым не шкадуе. Гадоў дваццаць пяць яму, здаровы, вясёлы, просты, галоўнае, не зайздрослівы, што на розуме, тое і на языку. Самусенка і раней любіў з ім пагаварыць, а на гэты раз яшчэ больш затрымаўся, панаракаў на старасць, паскардзіўся на адзіноту.

Вярнуўшыся дамоў, вострым сцізорыкам парэзаў на скрылёчкі сала, памідоры, сеў за стол і пачаў есці, а/ппчыкваючы пальцамі чорны хлеб, марудна варушачы сківіцамі, гледзячы перад сабой,— еў і адчуваў, як пакрысе пачынае адпускаць яго, нібы прачынаецца ён. Апамятаўся, калі нічога не засталося ні ад сала, ні ад памідораў, ні ад вялікай лусты хлеба. Тады ён сабраў са стала крошкі і высыпаў у рот. А з галавы ўсё не йшоў шчаслівы п'яніца.

Пасля таго выпадку Самусенка пачаў адтаваць. Ён зразумеў, што жыццё не канчаецца ні ў яго ўзросце, ні ў любым іншым узросце. Ён нават змяніў рэжым: пачаў сяды-тады выбірацца ў якую-небудзь рэдакцыю — нічога не прыносіў, а проста каб пагаварыць, пабыць сярод творчых людзей.

V

У час аднаго з такіх візітаў, ужо ў канцы зімы, Самусенка ў сваім французскім модным паліто, цяпер расшпіленым, сядзеў у рэдакцы «Гістарычнага часопіса»; маладзенькая рэдактарка за камп'ютарам уголас чытала каментары на нейкі антыбеларускі артыкул,— як зайшоў новы, незнаёмы Самусенку чалавек, невысокі мацачок, падобны на крэпенькі грыб, зняў шапку,— адкрылася лысінка, пачаў вітацца з кім за руку, з кім кіўком галавы, прыязна ўсміхаючыся, паказваючы пры ўсмешцы два буйныя пярэднія зубы са шчылінкай паміж імі.

— ...Калі б я быў маладзейшы і жыў у XIX стагоддзі, я б выклікаў яго на дуэль! — рэзка сказаў Самусенка, яшчэ знаходзячыся ў тэме артыкула. Чалавек з цікавасцю, з адабрэннем на яго зірнуў, затрымаў яго руку ў сваёй.