Выбрать главу

— Не, дзякуй. Не трэба лішніх клопатаў ні мне, ні вам.

Пабыў ён мала і Раку не спадабаўся.

— Дзе вы яго адкапалі? — пытаў ён потым у Самусенкі.

— А што?

— Слізкі ён нейкі... І гэты зачын, «прабачце, што па­куль не валодаю мовай у дастатковай ступені». Я сустракаў многа людзей, якія пачыналі, як Літаў, але ні разу не бачыў ніводнага, які б сваю абяцанку выканаў. Гэта прос­та анекдот, пароль, апазнавальны знак: як толькі чалавек папросіць прабачэння, што «пакуль не валодае», ён ніколі не авалодвае.

— Цэ творча людына!

— Падазроны нейкі.

— Дык кожны чалавек падазроны. Калі паставіць мэту — у кожнай шафе знойдзеш па шкілету,— у рыфму сказаў Самусенка.— Думаеш, мы з табой для кагосьці не падазроныя?

Рак неяк дзіўна на яго зірнуў; Самусенка не заўважыў гэтага.

— Ды і не надта веру я гэтым дабрадзеям з усходу,— сказаў Рак.

— А дзе ўзяць лепшых? У нас што, ёсць выбар? Каму мы трэба тут? Хто намі цікавіцца? Дзе нашы чытачы, наша дзяржава? Хто дае, да таго і хілімся. Ва ўсе часы былі мецэнаты. Я хачу каб ты адно зразумеў, дзівак-чалавек, рэдактура гэта так, ні пра што, толькі пачатак, праверка нас — мы яму для іншага патрэбны.

— Ды для чаго?

— Якая розніца? Пажывем — пабачым.

ІІІ

Цяпер Самусенка стаяў за дзвярамі, званіў, пастукваў і прасіўся:

— Відчыняй! Я ведаю, ты дома!

Упускаючы яго, Рак падумаў, што, мабыць, упершыню за паўгода гэты прыход дарэчы. «Я памог яму, а цяпер хай ён мне памагае». Да таго ж цяпер, пасля званка Міхайлоўскай, будзе чым яго крыць, калі ён завядзе сваю песню пра нетрадыцыйную арыентацыю. Сёння Самусенка быў з пустымі рукамі, на прапанову прысесці не звярнуў увагі, аб'явіў, што на хвілінку і па даручэнні «нашага Літвінчыка», які толькі што яму званіў, «папрасіў забегчы да цябе і папярэдзіць: у нядзелю ў яго фуршэт, у васямнаццаць нуль-нуль, дык каб быў, як штык».

— Дрэс-код любы, фракі і смокінгі неабавязковыя,— нясмешна пажартаваў Самусенка.

— Пачакайце, які фуршэт, смокінг... Чаму ён сам не патэлефануе?

— А табе можна? Мабільны адключаны, гарадскі за­няты.

— У прынцыпе, у мяне былі свае планы.

— Не выдумляй. Хоць паглядзіш, як людзі жывуць.— Самусенка азірнуўся, нібы хацеў пераканацца, што іх ніхто не падслухоўвае, шапнуў па-змоўніцку: — Скончылася наша чаканне! Нарэшце даведаемся, што ён ад нас хоча.

— Ну, я асабіста нічога і не чакаў.

Самусенка быў як на іголках, то парываўся ісці, то марудзіў. Рак вырашыў, што цяпер самы момант, і будзённым, амаль абыякавым голасам паведаміў, што ў яго нечакана адшукалася дачка. «Некалі была каханая дзяўчына, ну і вось — вынік... »

— Мога буты,— толькі і прамармытаў Самусенка, пайшоў да дзвярэй, тады спыніўся і падняў указальны па­лец.— Успомніў! Яшчэ Літвінчык прасіў персанальна перадаць, што цябе чакае вельмі прыемны сюрпрыз. Будзеш задаволены... Вялікая? Дачка?

— Скончыла школу, паступае на журфак.

— І, я так разумею, цяпер ты павінен памагаць ёй? А помніш, як адмахваўся, не хацеў брацца за рэдактуру?

— Пачакайце!

Бачачы, што стары спяшаецца, Рак сам загаварыў хут­ка; патлумачыў: ёй трэба прайсці творчы конкурс, ад яго многа залежыць, «дык мо паможаце па старых каналах?»

— Якія каналы,— сказаў Самусенка.— Цяпер заплаці ды вучыся спакойна. Так, па-мойму, сама лепш.

— Лёгка сказаць — заплаці.

— Добра, пазней пагаворым. Пабягу, зараз Літвінчык павінен званіць,— стрымана пахваліўся Самусенка.— Хоча пазнаёміцца з новымі старонкамі манаграфіі. Мо давядзецца ехаць да яго, на ноч гледзячы. Пабягу!

Надзвычай хутка для свайго ўзросту ён выслізнуў з кватэры, а Рак зноў выйшаў на лоджыю. Пра тое, каб спакойна пісаць, не магло быць і гаворкі. Вось яшчэ набыў клопату. «Чаму я ніколі ні ў кога нічога не прашу?»

Ён рана лёг у ложак. Які мітуслівы вечар. Ды і ўвогуле апошнія паўгода.

Яшчэ гэты фуршэт. Нікуды не пайду. Ці схадзіць? Не спалася. «Трэба, трэба ўсур'ёз заняцца прозай»,— праз дрымоту думаў ён. І напісаць раман, прыблізна такі: вось званок, і пазашлюбная дачка прыязджае, і герой бачыць у ёй рысы былога кахання... Не, лепш не дачка, а проста дзяўчына, а ў яго, Рака, няма месца, і яна пасяляецца кватаранткай у аднаго багатага, сквапнага старога, у якога дачка замужам за французам у Парыжы... Глабалізацыя... Раней беларускія дзяўчаты замуж максімум у суседнюю вёску выходзілі, а цяпер па ўсім свеце...

Рак павярнуўся на другі бок — і тут зноў разарваў цішыню тэлефон. Трэці званок за вечар! Рак схапіў труб­ку. Незнаёмы жаночы голас, даволі прыемны, але ўсхваляваны і, як падалося Раку, з прыбалтыйскім акцэнтам, менавіта — з латышскім; у мужчын-латышоў ён амаль адсутнічае, а ў жанчын моцны.