Выбрать главу

— Прашу прабачэння за турботы, але вы мне тэрмінова патрэбны. Я жонка вядомага вам Літава, у дадзены момант знаходжуся ў машыне каля вашага пад'езда. Тэрмінова спускайцеся ўніз,— як усе чужаземцы, яна занадта правільна будавала сказы.

— Што здарылася?

— Вас хочуць уцягнуць у вельмі брудную справу. Вы не ведаеце, з кім звязаліся. Тут стаіць пытанне жыцця і смерці.— Чым?.. чых?

— Калі ласка, спускайцеся ўніз.

Нацягваючы джынсы, Рак блытаўся нагамі ў калашынах, і гэтак сама блыталіся яго думкі. Пачынаецца! Вось яны бокам вылазяць, дармовыя грошы!

Частка другая

САМУСЕНКА

IV

Цяпер наўрад ці хто помніць манаграфію з крыху зацягнутай назвай: «Пейзаж як элемент вечнасці ў беларускай літаратуры ад Мялеція Сматрыцкага да Уладзіслава Сыракомлі. Частка 1»; не знайсці яе і ў інтэрнэце, хаця ў свой час яна нарабіла многа шуму ў літаратурных і гістарычных колах; калі б тады існавалі сацыяльныя сеткі, яна б іх «парвала». Асабліва літаратары былі ў захапленні. Нарэшце тое, чаму большасць з іх прысвяціла жыцці — апісанне прыроды — было на належным узроўні ацэнена і арыгінальна, таленавіта і даходліва пададзена. Усе ў адзін голас прызнавалі, што гэтая смелая навуковая праца яшчэ і з падтэкстам, нясе палітычную афарбоўку; пагаворвалі, панізіўшы голас, што нібы нават спецслуж­бы ёю цікавяцца,— і не дзіва, бо што такое ў часы сацыяльнай стабільнасці пісаць пра птушачак-траўку-кветачкі? — прыхаваны выклік сістэме; пры хаценні любы пейзаж, любое на першы погляд нявіннае апісанне, калі ўмеючы яго падабраць і падаць, у прамым сэнсе выклікае непажаданыя асацыяцы: напрыклад, гнеў прыроды лёгка праектуецца на народны гнеў, майстэрскае апісанне завеі, ветру, навальніцы можа разумецца як рэвалюцыйныя выступленні мас, а любаванне кветкамі і траўкаю міжволі наводзіць на думку аб недаўгавечнасці таго ці іншага правадыра, які рана ці позна ў зямлю сыдзе і прахам стане, пакінуўшы пасля сябе толькі гэтую траву, ды кветку, ды шапаценне лісця над галавой.

Аўтар манаграфіі, выкладчык Самусенка А. Ф., і без таго лічыўся вальнадумцам, а пасля манаграфіі ўвогуле стаў ледзь не дысідэнтам, хадзіў героем, ганарыўся — носа не дастаць. Аднак жыццё не стаяла на месцы. Падзеі шпарка развіваліся тады. Змянілася палітычная сістэма, зніклі, як і не было іх, учарашнія правадыры, спецорганам стала не да Самусенкі і не да яго манаграфіі. Тэхніка імкліва пайшла ўгару. Студэнты пачалі пад'язджаць да ўніверсітэта на машынах, карысталіся пейджэрамі, потым мабільнымі тэлефонамі, затым — па ўзрастаючай — смартфонамі, айфонамі, айпэдамі, планшэтамі і іншымі гаджэтамі. На гэтую моладзь ужо не дзейнічаў крытэрый заможнасці: багаты той, у каго многа кароў і цялушак.

Самусенка яшчэ стараўся не адстаць, нават пачаў выпісваць у нататнік і завучваць на памяць новыя словы: мэйнстрым, вэндзінг, дэдлайн, клінэр, мэрчэндайзер, месэдж, хэдлайнер, фрыгалізм і харасмент, але, дайшоўшы да «стартапа», хапіла розуму гэтую справу кінуць. І суцяшэннем яму было, што нішто так хутка не старэе, як неалагізмы, і гэтыя нібыта абавязковыя цяпер словы могуць выпасці з ужытку яшчэ раней, чым саха, каса і бык Мікіта. Ужо смяюцца з нядаўна модных баксаў, пэйджэраў, дыскет, і ніхто не дасць гаранты, што хутка не пачнуць смяяцца з хайпа, біткойна, рэп-батла і стартапа.

Раптам усё яму абрыдла. Адны й тыя ж з году ў год лекцы, семінары, разборы — вось як парася разбіраюць — адных і тых жа пісьменнікаў. Ён сяк-так дацягнуў да пенсіі і адразу ж, як колісь казалі, выйшаў у адстаўку, з намерам спакойна працаваць над манаграфіяй. Свабода, незалежнасць, мора вольнага часу агаломшылі яго, узнеслі як на арэлях ці як на марской хвалі. Ён адчуў даўно за­бытую радасць (апошні раз такая была ў далёкім дзяцінстве), і да таго гэта было здорава, што нясцерпна захацелася ёю з кім-небудзь падзяліцца, выліць душу. І тут здарылася першая непрыемнасць. Менавіта цяпер, калі яму гэта так трэба было, аказалася, што пагаварыць няма з кім. Ва ўніверсітэце, дзе ён быў спачатку старшынёй, потым чле­нам прыёмнай камісіі, ад сяброў-знаёмых не было адбою; увесь час яму званілі, пісалі, чакалі, прасілі сустрэцца; яго немагчыма было пабачыць аднаго — заўсёды хтосьці пад ручку, адводзіць убок, інтымна нешта нашэптвае. Цяпер, калі ён страціў працу і адначасова пасаду, усё скончылася, і настала нейкае імгненнае, а таму асабліва прыкрае забыццё. Ніхто не прыязджаў, не званіў, не пісаў; на яго пісьмы па e-mail не адказвалі, тэлефонныя званкі скідваліся, а калі хто, заспеты знянацку, адгукаўся, дык чамусьці быў у гэты момант страшэнна заняты і знаходзіў самыя розныя прычыны, каб хутчэй развітацца. Якраз стаяла лета, мо людзі на самой справе былі занятыя дачамі і адпачынкамі, і не да яго ім было,— але ён успрыняў гэта як здраду. Тады ж упершыню і ўзнікла ў яго ўніверсальнае слова на ўсе выпадкі: «памаглі».