Выбрать главу
Думаеце — герольды У барве й каронах? Рык фанфаронаў — ад суднага дня глухіх?.. А тут проста трубы Чэшскай фірмы "Лігатона", А на калках вісяць кажухі. Бэлькам — шэсцьсот (Тут што праўда, то праўда)… Сведкі польскай, і нашай, і… іншай зары, Але тут… Тут спявае ціхутка радыё І ў каморцы "тэлік" маленькі гарыць.

На вежы паэта сустрэлі тыя ж пахі баршчу, цёплага хлеба, цыбулі, што і ў час начлегу на яго родным Дняпры. І яму добра глядзець зверху на помнік, што, "як вулей, над згасаючым Кракавам мёдам гарыць".

У архіве Караткевіча знайшоўся таксама верш "На вуліцы Дэшчовай", напісаны ў Кракаве 16 снежня 1971 года, відаць, на развітанне і прысвечаны Здзіславу Нядзелю. У апошніх яго радках нечакана з'яўляецца "пакаяльнасць":

О божа, даруй маёй Беларусі! І Польшчы! І ўсім на свеце… Даруй.

Чым выкліканы гэты заключны трагічны акорд, сказаць не магу. На некалькі дзён раней я ад'ехаў у Вроцлаў. Нягледзячы на ўлеву, Караткевіч і Нядзеля праводзілі мяне на вакзале. З Вроцлава шляхі мае вялі ў Познань і зноў у Варшаву. А ў Варшаве сустрэў Валянціну Браніславаўну, якой далі навуковую камандзіроўку ў Польшчу для выяўлення матэрыялаў па гісторыі беларускай архітэктуры. Расказвала, што Валодзя вярнуўся задаволены і што яго апярэдзілі міфы пра кракаўскую цыганку і Мар'яцкую вежу. З дапамогай польскіх даследчыкаў Брыкоўскага і Хшаноўскага і княгіні Радзівіл (дарэчы, удзельніцы польскага Супраціўлення) Валянціна Браніславаўна знайшла тады многа цікавых звестак. І, па словах Валодзі пасля яе вяртання, годна прадстаўляла Беларусь. Калі ў адной арыстакратычнай кампаніі пачалі гаварыць пра "ўсходнія крэсы", што гэта цёмны і забіты край, які нават не мае ўласнай гісторыі, яна нібыта пагадзілася:

— Ну так, проша паньства. За маленькім толькі выключэннем.

— Цікава, за якім жа?

— За тым, што мы далі Польшчы чатырох выдатных людзей.

— Напэўна, найперш скажаце: Фелікс Дзяржынскі…

— Дзякуй, што прыгадалі пятага.

— А тыя чацвёра?

— Так, "дробязь": Касцюшка, Міцкевіч, Манюшка і Пілсудскі.

Пасля гэтага ў прысутнасці Валянціны Браніславаўны гаворак пра "крэсы" больш не заводзілі.

— Вось так трэба абараняць наш гонар, панове гора-патрыёты! — заканчваў Караткевіч свой расказ пра знаходжанне жонкі ў Варшаве. І тут жа напяваў уласную песеньку пра гэта знаходжанне, з якой засталіся ў памяці толькі некалькі слоў:

…удивил: Пан Брыковский, пан Хшановский И графиня Радзивилл.

У 1973 годзе Караткевічы выбраліся ў Чэхаславакію па запрашэнні чэшскай перакладчыцы Веры Адлавай і славацкай пісьменніцы Гелены Крыжанавай-Брындзавай, з якімі яны выпадкова пазнаёміліся, а потым пасябравалі на курорце ў Гаграх. З дарогі, з Прагі і з Браціславы, Валодзя прыслаў мне лісты, у якіх апісваў помнікі архітэктуры і асаблівасці побыту. Вярнуўшыся, захоплена расказваў пра паездку ў Высокія Татры, наведванне Дэманоўскіх пячор і горада Левача з яго палацамі і касцёламі, упрыгожанымі гатычнай разьбой.

— Славацкая мова, стары, вельмі падобная на беларускую. І я амаль усё разумеў без перакладу, нават спрабаваў гаварыць.

У наступным годзе Гелена Крыжанава-Брындзава, пісьменніца, хрэстаматыйная на радзіме, разам з мужам Іржы і зяцем Ота гасцявала ў Мінску, у Караткевічаў. Паколькі да мяне якраз з Польшчы прыехаў аўтар манаграфіі пра Сыракомлю Фелікс Фарнальчык з жонкай, мы аб'ядналіся і, наняўшы "рафік" ды атрымаўшы неабходны дазвол (у той час гэта было нялёгка), павезлі іх у Нясвіж, Мір і Навагрудак з дзвюма начоўкамі па дарозе. У Нясвіжы Валодзя выпрасіў у ксяндза Каласоўскага, каб той паказаў нам падзямеллі фарнага касцёла, дзе пахаваны (муміфікаваны) Радзівілы, расказваў ледзь не пра кожнага з іх жахлівыя і пацешныя гісторыі. У Міры абвёў нас вакол сцен замка і смуціўся, што ў Беларусі помнікі архітэктуры не так дагледжаны, як у Славакіі ці Польшчы. У Навагрудку паказваў руіны замка, курган Міцкевіча, яго музей. Над Свіцяззю ўрачыста абвясціў, што гэта самае чыстае і самае паэтычна-легендарнае возера ў свеце.

Праз тыдзень Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч павёз нас усіх, а таксама Барадуліных, Івана Бурсава і яшчэ некалькіх пісьменнікаў, на радзіму Якуба Коласа, у Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Смольню, Мікалаеўшчыну, дзе заначавалі. Назаўтра хадзілі ў лес па грыбы. Па дарозе Валодзя паказваў гасцям розныя расліны, прыводзіў іх беларускія і лацінскія назвы, пытаў, як яно будзе па-славацку і па-польску, і цешыўся, калі знаходзіў нейкую сугучнасць. Тады ж выказаў думку, што ўсе мы, літаратары, недаацэньваем ролю народнага самародка дзядзькі Антося ў станаўленні творчай індывідуальнаці Якуба Коласа ("ён жа адкрываў яму, мяркуючы па "Новай зямлі", вочы на хараство").