Выбрать главу

Дык як жа ўсё гэта ўвасоблена ў фільме? І ці не напаткаў яго лёс папярэдняй экранізацыі караткевічаўскага твора — рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", адкуль была выкінута філасофія, роздум аб сэнсе гісторыі і жыцця, а засталася адна голая прыгодніцкая канва?

І вось на экране — першыя кадры. Беспрасветная цемра. Грыміць гром. Пад праліўным дажджом брыдзе галоўны герой Андрэй Беларэцкі (артыст Б. Плотнікаў). Бліскі маланкі высвечваюць яго твар, вялікія вочы. Вочы народнага заступніка, пакутніка, вочы Хрыста. І такого Беларэцкага адразу прымаеш. Менавіта так павінен быў выглядаць галоўны герой. Толькі чаму ён ідзе? Член прывілеяванага Рускага геаграфічнага таварыства, аўтар некалькіх кніжак, чалавек з адносным дастаткам — і раптам ідзе. Праз незнаёмыя балотныя мясціны, ноччу. Адкуль і куды? У аповесці ж сказана канкрэтна: "Я ехаў з губернскага горада М. у самы глухі куток губерні на наёмным вазку…" Здаецца, дробязь, а ў глыбіні душы адразу заварушылася сумненне: навошта такая неадпаведнасць, непраўдападобнасць? Каб просталінейна падкрэсліць "дэмакратызм" героя?

З напружаннем чакаю наступнай сустрэчы — з васемнаццацігадовай гаспадыняй Балотных Ялін, апошняй прадстаўніцай старадаўняга шляхецкага роду Надзеяй Яноўскай. Вось яна запрашае Беларэцкага на вячэру. Полымя свечкі выхоплівае з паўзмроку яе твар. Васковы, хваравіты, сапраўды "вымарачны". Праўда, адразу заўважаеш яўную неадпаведнасць паміж узростам актрысы і яе гераіні. Але, паколькі А. Дзімітрава іграе Яноўскую шчыра, тэмпераментна (хочь часам і меладраматычна), хутка неяк перастаеш на гэта звяртаць увагу.

З першых жа кадраў фільма яго аўтарам (сцэнарый У. Караткевіча і В. Рубінчыка, рэжысёр-пастаноўшчык В. Рубінчык) удаецца ўзбудзіць у гледача трывожны настрой. Крывавая легенда пра даўняе забойства караля Стаха. Яе працяг праз стагоддзі. Таямнічы паўзмрок вялізных пакояў запусцелага палаца-замка (майстар па святле С. Лук'янчык). Несамавітая, вельмі кантрастная музыка (кампазітар Я. Глебаў). Незразумелыя шолахі, галасы, шэпты. Узрастаючы грукат капыт… Адразу адчуваеш, што ў гэтай атмасферы павінна адбыцца нешта выключнае па сваёй жудаснасці. Андрэй Беларэцкі спачатку даволі скептычна адносіцца да ўсіх паданняў, не верыць у існаванне ні "дзікага палявання", ні Малога Чалавека, ні Блакітнай Жанчыны. Але паступова і ён пераконваецца, што ў палацы і наваколлі дзейнічаюць нейкія злыя сілы. Відаць, не звышнатуральныя, а зусім зямныя, рэальныя. І ў Беларэцкага з'яўляецца імкненне высветліць усю гісторыю да канца. Імкненне супрацьстаяць гэтым сілам, дзейнічаць.

А пакуль тое дзеянне, Беларэцкі, пачуўшы таямнічыя шэпты, спускаецца ў падзямелле, дзе над аголенай Яноўскай чыніць замову ахмістрыня. Сцэна гэта, як і большасць сцэн фільма, знята выразна, прафесійна (аператар-пастаноўшчык Т. Логінава). Старэчыя рукі ахмістрыні эфектна закопваюць васковае цела дзяўчыны ў белае пер'е… Але тут зноў жа з'яўляецца сумненне: чаму — у пер'е? У Беларусі ж замовы чынілі толькі ў збожжы, жыце. Зноў недакладнасць, на гэты раз этнаграфічная.

У адрозненне ад аповесці, дзе падзеі разгортваюцца запаволена, у фільме яны развіваюцца імкліва, дынамічна. Аўтары берагуць экранны час. Ужо на другі дзень (такі перанос падзей здаецца ўвогуле апраўданым) Беларэцкі прысутнічае на балі, які даецца ў Балотных Ялінах з выпадку паўналецця Надзеі Яноўскай, знаёміцца там з Дубатоўкам, Варонай, Свеціловічам, іншымі дзейнымі асобамі. Асабліва трэба вылучыць Грыня Дубатоўка: Р. Філіпаў — ідэальны выканаўца гэтай складанай ролі. Вось яго герой імкліва ўрываецца ў залу, грамавым голасам загадвае ўнесці падарункі — мядзведжую шкуру, старасвецкую сукенку (ах, як шкада, што, у адрозненне ад аповесці, Яноўская не апранае яе і не танцуе ў ёй), партрэт караля Стаха. Вось ён пяшчотна кажа кампліменты імянінніцы, дасціпна сыпле жартамі, прадухіляе сварку, запрашае да сябе Беларэцкага. Але за ўсёй гэтай гойнасцю і добразычлівасцю праглядваецца нешта крывадушнае, сквапнае, жорсткае. Праглядваецца адзін з кіраўнікоў "дзікага палявання".

Акцёрскай удачай здаецца таксама Свеціловіч у выкананні А. Харытонава. Былы студэнт Кіеўскага універсітэта натура тонкая, хваравітая, але адначасова гераічная, гатовая "ісці на плаху", Свеціловіч нясе і ў аповесці і ў фільме, так сказаць, асноўную ідэйную нагрузку. Гэта нарадалюбец, непрымірымы вораг сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, перакананы рэвалюцыйны дэмакрат, які вучыўся стойкасці ў Каліноўскага, Грынявіцкага, Пяроўскай. На жаль, у адрозненне ад аповесці, у фільме Свеціловіч гіне занадта рана, не паспеўшы сказаць і паловы таго істотнага, што ўкладвалася ў яго вусны аўтарам. Заўчасна знікае з экрана той, хто найбольш паслядоўна і дзейсна супрацьстаяў "поскудзі", "дзікаму паляванню". Хто істотна ўплываў на Беларэцкага, дапамагаючы яму "шукаць народ". У выніку значна слабее сацыяльнае гучанне фільма.