Выбрать главу

Першаасновы? Але ж у цітрах фільма напісана, што яго сцэнарый створаны па матывах аповесці У. Караткевіча. Ды і якое я маю права глядзець на фільм толькі раз прызму аповесці? Кожная больш або менш дакладная экранізацыя — самастнойны твор мастацтва і ацэньваць яго ў першую чаргу трэба зыходзячы з таго, што ёсць на экране…

Таму, калі фільм пачаў дэманстравацца ў кінатэатрах, я рашыў паглядзець яго яшчэ раз. Паглядзець, "забыўшы" пра тое, што існуе аднайменная аповесць, што я двойчы яе перачытваў. Але здзейсніць гэты намер аказалася не так проста. Яшчэ за квартал да кінатэатра "Партызан", дзе пачаў дэманстравацца фільм, у мяне сталі пытаць, ці няма лішняга білеціка… Давялося пачакаць, пакуль крыху спадзе ажыятаж (дарэчы, узняты не без дапамогі недарэчнай у дачыненні да гэтага фільма шыльды "Толькі для дарослых"), і паглядзець "Дзікае паляванне караля Стаха" ў нармальнай абстаноўцы ў кінатэатры "Вільнюс" — адным з самых утульных і культурных у Мінску.

…І зноў на экране з'яўляюцца знаёмыя кадры. Зноў Беларэцкі і Свеціловіч выкрываюць нягоднікаў, змагаюцца са страхам і насіллем у імя дабра і праўды. І барацьба гэта аніяк не патыхае абстрактным гуманізмам: носьбіты сацыяльнага зла паказаны ў фільме даволі канкрэтна. Гэта паны Дубатоўк і Варона, якія дзеля дасягнення сваёй мэты ідуць на любыя злачынствы. Гэта прадстаўнікі царскай улады, прыстаў і судовы следчы, цесна звязаныя з мясцовай мафіяй. Ідэйнае гучанне фільма, сацыяльныя акцэнты выразныя.

А яшчэ ў фільме ёсць каханне — узнёслае, чыстае, рамантычнае. Глядач з сімпатыяй сочыць, як у душы Надзеі Яноўскай паступова тае лёд, знікае жах, абуджаецца прага жыцця, нясмелае і цнатлівае пачуццё.

"Дзікае паляванне караля Стаха" з цікавасцю глядзіцца таксама таму, што гэта твор вострасюжэтны, напружаны (асабліва ў першай серыі), прыгодніцкі. Праўда, калі падыходзіць да фільма са строгай меркай патрабаванняў дэтэктыўнага жанру, то бачны і парушэнні гэтых патрабаванняў. Глядач, асабліва той, які не чытаў аповесці, так і не зразумее, каго ж бачыў незадоўга да смерці Свеціловіч і чаму хаваў свайго брата Гацэвіч.

Поспеху фільма садзейнічае і добры акцёрскі калектыў. Да названых вышэй выканаўцаў трэба дадаць А. Філозава (Гацэвіч), В. Шэндрыкаву (удава Кульша), Б. Раманава (судовы следчы). З агульнага ансамбля неяк выпадае толькі Б. Хмяльніцкі (Варона) — празмерна статычны, пазбаўлены індывідуальнасці.

І ўсё ж, нават калі не суадносіць фільм з аповесцю, застаюцца ў сіле многія з тых прэтэнзій, што былі выказаны раней. Найперш гэта тая ж гістарычная прыблізнасць. Я разумею, В. Рубінчык хацеў, паводле яго ж выказванняў у друку, стварыць абагульненне, "фільм-прытчу" пра барацьбу сіл дабра і зла ўвогуле. Але ж нельга, застаючыся канкрэтным у адных рэаліях, быць абстрактным і таму недакладным у іншых. Нельга, назваўшы канкрэтную дату — 1900 год, тут жа прымушаць Свеціловіча захапляцца подзвігам Соф'і Пяроўскай, як нечым, што адбылося зусім нядаўна, што зусім свежае ў памяці (як вядома, Пяроўская была пакарана смерцю ў 1881 годзе). Нельга падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, адвольна пераносіць у замак, архітэктура якога нічога агульнага з Беларуссю не мае.

Урэшце, фільму шкодзіць меладраматызм, пагоня за вонкавымі эфектамі. Ах, як прыгожа і як доўга шугае полымя з адзення Дубатоўка! Ах, як ненатуральна бяжыць па белым снезе апранутая ў чорную сукенку звар'яцелая ўдава Кульша! Эфектна, дужа эфектна, але адначасова безгустоўна выглядаюць і босыя ногі мерцвяка на чорным фоне чыноўніцкай фігуры, і асеннія лісты паміж старонкамі старой кнігі, і курчо на галаве той жа ўдавы. Толькі думаеш: навошта ўсё гэта? Што гэта дае для разумення падзей? Безумоўна, сімвалы патрэбны, проста неабходны ў мастацтве, але такія, як, скажам, адзінокае дрэва, што ў адной са сцэн само падае ў балотную твань. Гэта не толькі каларытная дэталь, але і абагульненне, якое прымушае думаць, застаецца ў памяці.

"Дзікае паляванне караля Стаха" магло стаць падзеяй у беларускім кінамастацтве. Стала ж толькі яшчэ адным "добрым сярэднім фільмам". І не дало яму ўзняцца на вышэйшую ступеньку якраз тая прыблізнасць, якой няма ў аповесці і якую часта адчуваеш на экране".