Выбрать главу

— Але для таго, каб дзейнічаць пэўна, — сказаў я, — нам патрэбна адлучыць адных палонных ад другіх. Аткінса з двума такімі ж бандытамі мы пасадзім у падзямелле; няхай Пятніца і ваш памочнік адвядуць іх туды. Астатнім жа я знайду адпаведнае месца.

Так мы і зрабілі: трох адвялі ў пячору, якая і сапраўды нагадвала даволі-такі змрочнае скляпенне, астатніх жа я адправіў на сваё лясное лецішча, туды, дзе стаяў мой будан. Высокая агароджа рабіла яе таксама даволі надзейнай турмой, тым больш што вязні былі звязаныя і ведалі, што іх лёс залежыць ад іх паводзін.

На другі дзень я паслаў да гэтых матросаў капітана. Ён павінен быў пагутарыць з імі, даведацца, які сапраўдны ў іх настрой і пачуцці, а потым зрабіць мне падрабязную справаздачу пра сваю гутарку. Я хацеў ведаць, у якой ступені можна давяраць гэтым людзям і ці не будзе небяспечна ўзяць іх з сабой на карабель.

Капітан павёў справу разумна і рашуча. Ён нагадаў матросам, у якім крытычным становішчы яны апынуліся па ўласнай жа віне, і сказаў, што хоць начальнік выспы цяпер і памілаваў іх сваёй уладай, але, калі карабель прыйдзе ў Ангельшчыну, іх будуць судзіць як здраднікаў і, няма сумнення, павесяць.

— Але, — дадаў ён, — калі вы дапаможаце мне адабраць у піратаў мой карабель, тады начальнік выспы, прымаючы да ўвагі, што вы па сваёй волі паслужылі добрай справе, паспрабуе прасіць, каб вам даравалася ваша злачынства.

Няцяжка здагадацца, з якім захапленнем сустрэлі гэтыя людзі яго прапанову.

Яны ўпалі перад капітанам на калені і кляліся, што будуць біцца за яго да апошняй кроплі крыві, што, калі ён выпрасіць ім памілаванне, яны будуць усё сваё жыццё лічыць сябе яго даўжнікамі, пойдуць за ім, куды ён загадае, хоць на край свету, і будуць шанаваць яго, як роднага бацьку.

— Цудоўна, — сказаў капітан, — пра ўсё гэта я далажу начальніку выспы і, са свайго боку, буду прасіць яго, каб ён памілаваў вас.

Затым ён вярнуўся да мяне, зрабіў мне падрабязную справаздачу пра сваю гутарку з матросамі і дадаў, што па яго перакананню мы пэўна можам спадзявацца на гэтых людзей.

Але я быў той думкі, што асцярожнасць ніколі не пашкодзіць, і таму сказаў капітану:

— Вось што мы зробім: мы возьмем пакуль што толькі пяцярых. Няхай не думаюць, што мы маем патрэбу ў людзях. Ідзіце і скажыце ім, што хоць у нас і дастаткова людзей, але, так, для выпрабавання, мы возьмем і пяцярых з іх; астатнія ж двое, разам з тымі трыма, што сядзяць у крэпасці (гэта значыць, у маёй пячоры), будуць пакінуты начальнікам выспы ў якасці закладнікаў, і, калі іх таварышы, якія будуць прымаць удзел у нашай бойцы, парушаць сваю прысягу, усе пяцёра закладнікаў будуць павешаны.

Гэта была выключна суровая ўмова. Калі капітан перадаў палонным мой адказ, яны зразумелі, што з начальнікам выспы жарты кепскія. І, вядома, ім заставалася адно: прыняць мае ўмовы.

Закладнікі самі пачалі горача ўпрошваць сваіх вызваленых таварышаў, каб тыя не здрадзілі капітану.

Вось поўны склад нашай арміі напярэдадні вялікай бітвы: па-першае, капітан, яго памочнік і пасажыр; па-другое, двое вызваленых палонных, за якіх паручыўся сам капітан; па-трэцяе, яшчэ двое, тыя, што сядзелі ў маім будане (цяпер па просьбе капітана іх таксама вызвалілі); па-чацвёртае, тыя пяцёра з другой партыі, якіх мы вызвалілі пазней за іншых; такім чынам, усяго дванаццаць чалавек, апрача тых пяцярых, якія засталіся ў маім скляпенні закладнікамі.

Я спытаў капітана, як ён мяркуе, ці магчыма напасці на карабель з такой малой сілай. Мне і Пятніцу немагчыма было адлучацца: у нас на руках заставалася сямёра чалавек, якіх мы павінны былі вартаваць і карміць.

Пяцярым закладнікам, якія сядзелі ў пячоры, я вырашыў ні ў чым не патураць. Два разы ў дзень Пятніца насіў ім ежу і ваду і сам карміў іх, таму што мы нават не развязалі ім рукі. Астатнім жа мы далі некаторае паслабленне.

Гэтым двум я вырашыў нарэшце паказацца. Я прыйшоў да іх разам з капітанам. Ён сказаў ім, што я — давераная асоба начальніка выспы, які даручыў мне нагляд за ваеннапалоннымі, таму яны не маюць права нікуды адлучацца без майго дазволу, і пры першай жа спробе непаслушэнства іх закуюць у кайданы і пасадзяць у губернатарскую крэпасць.

З гэтага часу я ні разу не паказваўся палонным у якасці начальніка выспы, а заўсёды як яго давераная асоба, прычым кожны раз я нагадваў пра начальніка, пра гарнізон, пра гарматы і крэпасць.

Цяпер заставалася толькі падрыхтавацца да будучай бітвы: старанна адрамантаваць абедзве лодкі, прыладзіць снасці і прызначыць каманду на кожную з іх.