Выбрать главу

Непадалёку ад Гуля быў Йорк, дзе жылi мае бацькi, i, вядома ж, мне трэба было вярнуцца да iх. Яны даравалi б мне мае самавольныя ўцёкi, i ўсе мы былi б такiя шчаслiвыя!

Але безразважная мара пра марскiя прыгоды не пакiдала мяне i зараз. Хоць цвярозы голас розуму казаў мне, што на моры мяне чакаюць новая небяспека i нягоды, я зноў пачаў думаць пра тое, як бы мне трапiць на карабель i аб'ехаць па морах i акiянах увесь свет.

Мой прыяцель (той самы, бацьку якога належала загiнуўшае судна) быў цяпер пануры i самотны. Бяда гняла яго.

Ён пазнаёмiў мяне са сваiм бацькам, - той таксама не пакiдаў бедаваць па затанулым караблi. Даведаўшыся ад сына пра маю цягу да марскiх падарожжаў, стары сурова зiрнуў на мяне i сказаў:

- Малады чалавек, вам нiколi болей не трэба выходзiць у мора. Я чуў, што вы баязлiвец, што вы распешчаны i губляеце галаву нават пры самай нязначнай небяспецы. Такiя людзi не варты ў маракi. Хутчэй вяртайцеся дадому i памiрыцеся з раднёю. Вы ўжо самi на сабе зазналi, як небяспечна падарожнiчаць морам.

Я адчуваў, што ён кажа праўду, i не мог пярэчыць. Але ўсё роўна я не вярнуўся дадому, таму што мне было брыдка паказацца на вочы маiм блiзкiм. Мне здавалася, што ўсе нашы суседзi будуць нада мною кпiць; я быў упэўнены, што мае няўдачы зробяць мяне пасмешышчам для ўсiх сяброў i знаёмых.

З цягам часу я не аднойчы заўважаў, што людзi, асаблiва ў маладосцi, лiчаць непрыстойнымi не тыя свае бессаромныя ўчынкi, за якiя завуць iх дурнямi, а тыя добрыя i высакародныя справы, якiя робяцца iмi ў хвiлiны раскаяння, хоць толькi за гэтыя справы i можна зваць iх разумнымi. Такi i я быў у той час. Успамiны пра пакуты, якiя я выцерпеў у час караблекрушэння, паступова сцерлiся, i я, пражыўшы ў Ярмуце два-тры тыднi, паехаў не ў Гуль, а ў Лондан.

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦI

Рабiнзон трапляе ў палон. - Уцёкi.

Вялiкiм маiм няшчасцем было тое, што я ў час маiх прыгод не застаўся на караблi матросам. Праўда, мне давялося б болей працаваць, але затое вывучыўся б, нарэшце, мараходнай справе i з цягам часу мог бы стаць штурманам, а магчыма, i капiтанам. Але ў той час я быў такi дурны, што з усiх шляхоў выбiраў заўсёды самы горшы. З той прычыны, што я мог тады заўсёды фарсiць сваiм адзеннем i ў кiшэнях у мяне не зводзiлiся грошы, я заўсёды з'яўляўся на карабель бесклапотным шалапутам: нiчога там не рабiў i нiчому не вучыўся.

Маладыя свавольнiкi i гультаi звычайна трапляюць у дрэнную кампанiю i вельмi хутка канчаткова збiваюцца з тропу. Такi ж лёс чакаў i мяне, але ў Лондане мне пашчасцiла пазнаёмiцца з паважным пажылым капiтанам, якi шчыра мною зацiкавiўся. Незадоўга перад гэтым ён хадзiў на сваiм караблi да берагоў Афрыкi i Гвiнеi. Гэта падарожжа прынесла яму немалы прыбытак, i цяпер ён зноў збiраўся накiравацца ў тыя ж краi.

Я спадабаўся яму. Я быў тады цiкавым суразмоўцай.

Ён часта бавiў са мною свой вольны час i, даведаўшыся, што я мару пабачыць заморскiя краiны, прапанаваў мне пайсцi ў плаванне на яго караблi.

- Вам гэта не будзе каштаваць грошай, - сказаў ён, - я не вазьму з вас нiчога нi за праезд, нi за яду. Вы будзеце на караблi маiм госцем. А калi яшчэ прыхопiце з сабою сякiя-такiя рэчы, якiя вам удасца выгадна збыць на Гвiнеi, то вы будзеце мець яшчэ i барыш. Паспрабуйце, можа, якраз вам i пашэнцiць.

Гэты капiтан карыстаўся агульным даверам, i я з ахвотай згадзiўся на яго запрашэнне.

Накiроўваючыся ў Гвiнею, я прыхапiў з сабою сёе-тое з тавару: закупiў на сорак фунтаў стэрлiнгаў* розных бразготак i шкляных вырабаў, якiя мелi выдатны збыт у дзiкуноў.

* Фунт стэрлiнгаў - грашовая адзiнка ў Ангельшчыне.

Набыць гэтыя сорак фунтаў мне пасадзейнiчалi блiзкiя сваякi, з якiмi я меў лiставанне: я паведамiў iм, што збiраюся заняцца гандлем, i яны ўгаварылi маю мацi, а магчыма, i бацьку памагчы мне хоць нязначнай сумай.

Гэта паездка ў Афрыку была, бадай, маiм адзiным шчаслiвым падарожжам. Вядома ж, за свой поспех я павiнен быў быць удзячны толькi бескарыслiвай дабраце капiтана.

У час падарожжа ён займаўся са мной матэматыкай i вучыў мяне карабельнай справе. Ён меў задавальненне ад таго, што перадаваў мне свой вопыт, а я - ад таго, што слухаў i вучыўся ў яго.

Падарожжа зрабiла мяне i мараком i купцом: я вымяняў на свае бразготкi пяць фунтаў i дзесяць унцый залатога пяску, за якi, вярнуўшыся ў Лондан, атрымаў немалую суму.

Такiм чынам, я мог лiчыць сябе багатым прамыслоўцам, якi паспяхова вядзе гандаль з Гвiнеяй.

Але, на маё няшчасце, мой сябра капiтан хутка пасля вяртання ў Ангельшчыну памёр, i мне давялося зрабiць другое падарожжа на свой страх, ужо без сяброўскай парады i дапамогi.

Я адплыў з Ангельшчыны на тым жа караблi. I гэта было самае нешчаслiвае падарожжа, якое калi-небудзь рабiў чалавек.

Аднойчы на свiтаннi, калi мы пасля доўгага плавання iшлi памiж Канарскiмi выспамi i Афрыкай, на нас напалi пiраты - марскiя разбойнiкi. Гэта былi туркi з Салеха. Яны здаля заўважылi нас i поўным ходам прыпусцiлi наўздагон.

Спачатку мы спадзявалiся, што здолеем выратавацца ад iх уцёкамi, i таксама паднялi ветразi. Аднак хутка стала вiдавочна, што гадзiн праз пяць-шэсць яны нас абавязкова дагоняць. Мы зразумелi, што неабходна рыхтавацца да бою. У нас было дванаццаць гармат, а ў ворага - васемнаццаць.

Каля трох гадзiн апоўднi разбойнiцкi карабель дагнаў нас, але пiраты зрабiлi вялiкую памылку: замест таго каб падысцi да нас з кармы, яны падышлi з левага борта, дзе ў нас было восем гармат. Выкарыстаўшы iх памылку, мы навялi на iх усе гэтыя гарматы i далi залп.

Туркаў было не менш дзвюх соцень чалавек, таму яны адказалi на нашу стралянiну не толькi гарматным, але таксама i ружэйным залпам з двухсот стрэльбаў.

На шчасце, у нас нiкога не зачапiла, усе засталiся жывыя i не параненыя. Пасля гэтай сутычкi пiрацкае судна адышло на паўмiлi* i пачало рыхтавацца да новага нападу.

* Мiля - мера даўжынi каля 1609 метраў.

Мы ж, у сваю чаргу, падрыхтавалiся да новай абароны.

На гэты раз ворагi падышлi да нас з другога борта i ўзялi нас на абардаж, гэта значыць зачапiлiся за наш борт бусакамi, чалавек шэсцьдзесят уварвалiся на палубу i перш за ўсё кiнулiся секчы мачты i снасцi.

Мы сустрэлi iх ружэйнай стралянiнай i двойчы вызвалялi ад iх палубу, але ўсё роўна вымушаны былi здацца, таму што наш карабель ужо быў не прыгодны для далейшага плавання. Трое з нашых людзей былi забiтыя, восем чалавек паранена. Нас як палонных завезлi ў марскi порт Салех, якi належаў маўрам*.