Выбрать главу

Янка Жамойцін і Людміла таксама ўваходзілі ў партыю. Людміла бывала ў Менску, прысутнічала на паседжаньнях, хадзіла на канцэрты і ў опэру, наведвала лягеры моладзі ў Слоніме. Мы ўпэўніваліся ў слушнасьці нашай справы, бачачы, зь якім энтузыязмам уступае моладзь у нашу арганізацыю, нягледзячы на неспрыяльную сытуацыю ў Беларусі, на акцыі партызанкі, на паляпшэньне становішча Савецкага Саюзу і на блізкае вяртаньне савецкай улады.

ЧАСТКА 2

ДАКУМЭНТЫ

Наваградзкі Эскадрон[1]

Першая частка

Эскадрон фармуецца

I

Па Наваградку пракацілася вестка, што мае паўстаць беларуская вайсковая адзінка зь беларускім камандным складам, беларускай камандай ды нат, як цьвердзілі сьмялейшыя, яна мае быць незалежнай ад мясцовых нямецкіх уладаў. Адны кажуць, што немцы нарэшце да толку дайшлі і хочуць Беларусам памаленьку ўладу ў рукі перадаць — таму быццам і запрапанавалі тварэньне эскадрону. Другія, наадварот, цьвердзяць, што гэта беларускі актыў дамагаецца ад немцаў такой вайсковай адзінкі, маючы на мэце абарону жыхароў Наваградчыны з аднаго боку ад чырвоных бандаў, з другога-ж — ад самых немцаў, якія, як тыя мухі пад восень, у прадчуваньні блізкага канца, паляць і нішчаць беларускія вёскі, вывозяць моладзь у глыб Нямеччыны, сеюць страх і тэрор сярод беларускага сялянства. Разьюшаныя сьвежай беларускай крывёю, яны, здаецца, уступілі ў нейкія дзікія гонкі з бальшавікамі: хто больш спаліць хатаў, хто больш заб’е нявінных дзяцей, хто мацнейшы, хто бязьлітасьнейшы. Кажуць, што пах сьвежае крыві ўзбуджае ў жывёлы зьнішчальныя інстынкты. Чалавек аказаўся горшым … Довадам гэтага былі апошнія два гады вайны ў Беларусі.

Вестка аб арганізацыі беларускага эскадрону выклікала вельмі розную рэакцыю сярод насельніцтва гораду. Скептыкі сумніўна ківалі галовамі. Горкае дасьветчаньне з Самааховай і падахвіцэрскай школай у 1942 г. яшчэ было лішне сьвежым, каб браць насур’ёзна новую «бомбу».

«Зьбераце людзей, справакуеце іх перад партызанамі, не атрымаеце ні зброі, ні вопраткі, і для арганізатараў на гэтым кончыцца прыгожая ілюзыя. Не забывайцеся аднак аб тым, што чакае гэных людзей ды іх бацькоў, калі вы ня здолееце стварыць такой вайсковай адзінкі, якая зможа іх абараніць», — гаварылі яны.

«Ашалелі людзі, — казалі другія, — Немцы прайгралі вайну, мо заўтра будуць тут бальшавікі. Падумайце, што вы робіце. Ані ваш сумніўны эскадрон, ані батальён, ні нат дывізыя не заважаць на лёсе вайны. Немцы прайгралі вайну палітычна, цяпер іх дабіваюць за гэта мілітарна. За позна яны дагадаліся тварыць беларускую збройную сілу».

І адны і другія мелі пасвойму слушнасьць. Дасьветчаньне зь мінулага і сытуацыя на фронце прамаўлялі за імі.

Што-ж думала беларуская моладзь? Тая моладзь, з радоў якое і вырас пазьней «Наваградзкі Эскадрон»? Ня гледзячы на рашчараваньні ў мінулым, на бязьмежную нянавісьць да нямецкага акупанта, якая была хіба ня меншай, як да нядаўнага яшчэ бальшавіцкага і ягоных насьледкаў — чырвоных бандаў, яна ўспрыняла вестку аб тварэньні беларускага збройнага аддзелу зь вялікім энтузыязмам. Яна хацела паказаць беларускаму грамадзтву запраўдны вобраз беларускага жаўнера, здэфармаваны дасюль паводзінамі прапольшчанай і поўнасьцяй немцам падпарадкаванай паліцыі[2]. Яна хацела паказаць, як патрапіць беларускі жаўнер бараніць інтарэсы свайго грамадзтва і стацца ягонай духовай апорай, замест сеяць тэрор і зьнішчэньне. Яна ўрэшце хацела паказаць на чыне сваё бязьмежнае адданьне беларускаму сялянству, зданаму на ласку чырвоных партызанаў або нямецкіх каральных аддзелаў. Гэта была моладзь, як тысячы й соткі тысяч беларускіх юнакоў, што любілі свой народ і бацькаўшчыну ды былі гатовыя ў кажны момант змагацца за ейны лепшы лёс, за шчасьце народу, за незалежную Беларусь. Гэта былі самародкі-патрыёты. Часта яны ня ўмелі сфармуляваць тых пачуцьцяў, якія выпаўнілі іхныя чулыя душы. Ідэя вольнасьці, свабоды фармавалася ў іх ня словамі падкутага тэарэтычна інтэлігента, а той прыгожай беларускай прыродай, сярод якое яны ўзрасьлі, у адвечным імкненьні да сонца, вольнага прастору… З казак і апавяданьняў бабулек яны пазналі слаўнае мінулае свае Бацькаўшчьшы, яны чулі аб магутных літоўскіх князёх, аб сіле й славе беларускага народу… І ўзрастала ў іхных душах туга за сьвятлом, воляй… і напаўняліся іхныя сэрцы гордасьцяй за мінуўшчыну ды адазвалася ў гэтых дзяцей натуры вялікая ідэя, якой ня вырваць людзкой сіле, бо яна Богам даная, бо яна ёсьць іхным паветрам, вадою і сонцам. Бяз гэтага нельга жыць.

вернуться

1

Тэкст друкуецца паводле выданьня: Рагулявец. Наваградзкі эскадрон // Наперад (Мюнхен). № 24 — 26. 1953.

вернуться

2

Ужываны ў артыкуле назоў паліцыі або «чорнай паліцыі» не датычыцца да беларускае паліцыі наагул, але выключна да спэцыфічных абставінаў у Наваградку. Наваградзкая паліцыя ў сваёй бальшыні складалася з палякаў. Камандны склад за выняткам каманданта, якім быў сп. К., беларус, быў польскі. «Зьбеларушчыць» наваградзкую паліцыю было амаль немагчыма, бо акруговая і раённая нямецкая жандармэрыя, якой паліцыя падлягала, была поўнасьцяй пад уплывам палякаў, ці лепш сказаць полек. Адносіны паліцыі да беларускага насельніцтва былі нязвычайна дрэннымі. Рабункі, пабоі, тэрор, п’янства былі на дзённым парадку. Наваградзкая паліцыя, гэта вялікая пляма на тагачасным беларускім актыве.