Выбрать главу
II

Беларускі актыў Наваградзкай Акругі сабраўся на адмысловым сходзе дзеля выслуханьня Барыса Рагулі, якому Акруговы Камісар Наваградка запрапанаваў арганізаваць беларускі эскадрон і абяцаў, у выпадку ягонай згоды, заладзіць усе фармальнасьці, зьвязаныя з арганізацыяй перад Гэнэральным Камісарам Беларусі.

Барыс Рагуля ў той час меў каля 23 гадоў. Выйшаўшы з бальшавіцкай турмы, у якую трапіў, уцёкшы зь нямецкага палону, вымучаны допытамі НКВД, лячыўся ў сваім родным мястэчку ад захапіўшага ягоныя лёгкія тубэркулёзу. На другім аднак тыдні пасьля вызваленьня ён сустрэўся зь беларускімі студэнтамі, якія вярталіся пехатой із Львова. Ад іх ён атрымаў лістоўкі, што заклікалі беларускі народ да выкарыстаньня палітычнай сытуацыі з мэтай адбудаваньня свае дзяржаўнасьці. Палкія словы ягонага двуроднага брата Міхася Рагулі, студэнта палітэхнікі, зрабілі сваё. У той самы дзень ён пераяжджае ў Наваградак і стае на працу ў характары перакладчыка пры раённай управе. Месяц пазьней, раённы бурмістр Панько, вялікі беларускі патрыёт, які загінуў пасьля ад нямецкае кулі, камандыруе яго на перакладчыка да Акруговага Камісара. На гэтым становішчы ен мае нагоду дапамагчы шмат у чым сваім суродзічам. Яму ўдаецца здабыць пры дапамозе З. К. (аднэй беларускай патрыёткі) прыхільнасьць і адданасьць беларускай справе штабсляйтэра Вольфмаера[3], які быў пасьля вялікай апорай у ўсьцяжным змаганьні з польскімі ўплывамі і нямецкай палітычнай тупалобасьцяй. Выкарыстоўваючы сваё становішча перакладчыка і растучы ўплыў на камісара Траўба, Б. Рагуля праводзіць у жыцьцё пляны адносна арганізацыі школьніцтва, распрацаваныя др. Орсам. Др. Орса, былы ягоны школьны настаўнік, зьяўляўся духовым бацькам маладога Рагулі, а таксама й настаўнікам у грамадзкай працы. У цесным супрацоўніцтве зь Я. Сажычам, былым школьным сябрам, ён арганізуе падахвіцэрскую школу Самааховы, якую й даручае апошняму.

Траўб пастанаўляе даць нагоду Рагулі наведаць Нямеччыну, спадзяючыся, што такое падарожжа зробіць належны пераўзгадаваўчы ўплыў у про-нямецкім кірунку. Вынік аднак, паводля словаў самога-ж Рагулі пасьля павароту ў коле сваіх сяброў, быў якраз адваротны. Да гэтага спрычыніліся два асноўныя моманты: «Майн Кампф» — кніга, якую нельга было дастаць на акупованай тэрыторыі ды сустрэча зь беларускімі работнікамі, што выехалі «дабраахвотна» на працу ў Нямеччыну. Рэзультат: 7-га ліпеня 1942 г. ён прыймае ўдзел у заснаваньні Беларускай Незалежніцкай Партыі, нелегальнай антыбальшавіцкай і антынямецкай арганізацыі, беспасярэднім арганізатарам якое быў Усевалод Родзька, таксама школьны калега Рагулі. У. Родзька адзначаўся бязьмежным патрыятызмам і выдатнымі інтэлектуальнымі якасьцямі. Ён дзейнічаў у паразумленьні з кс. Гадлеўскім і М. Абрамчыкам.

У далейшым Рагуля поўнасьцяй аддаўся нелегальнай дзейнасьці. Ягоныя даклады аб Нямеччыне ўзбуджаюць недавер немцаў і Траўб адсоўвае яго ад Акруговага Камісарыяту, бяручы на ягонае месца расейскага немца Гэмпэля. Рагуля аддаецца тады працы ў сэмінарыі. Будучы там настаўнікам нямецкае мовы ды фізычнага ўзгадаваньня, ён праводзіць вайсковую падрыхтоўку хлапцоў на ўзроўні да камандзера зьвязу. Ён засноўвае, у паразумленьні і з падтрымкай Акруговага Інспэктара, вайсковую арганізацыю, апранае ў саматканыя ўніформы хлапцоў і дзяўчат, уводзіцца вайсковае прывітаньне… Тут якраз і гадуюцца будучыя кадры эскадрону.

вернуться

3

Штабсляйтэр Вольфмаер — вялікі прыяцель беларусаў. Ён правільна ашацоўваў палітычную сытуацыю і быў скрытым праціўнікам нямецкай палітыкі ў Беларусі. Ён рабіў усё магчымае, каб аблягчыць лёс беларусаў, быў праціўнікам вынішчаньня жыдоў і ў супрацоўніцтве зь беларускім актывам дапамагаў ім у ўцёках. Восеньню 1942 г. ён загінуў ад партызанскай кулі.